RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стадыён і спарткомплекс у Магілёве абновяць да II Гульняў краін СНД

У Магілёве да II Гульняў краін СНД абновяць стадыён «Спартак» і спартыўны комплекс «Алімпіец». Пра гэта расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Новікаў.

«У жніўні гэтага года пройдуць II Гульні краін СНД. Яны будуць праводзіцца на тэрыторыі Мінска і кожнага абласнога цэнтра. У Магілёве адбудуцца спаборніцтвы па стральбе з лука, бо гэты напрамак у нас традыцыйна добра развіваецца, і па караце. Пачнуцца спаборніцтвы з каратэ - з 4 па 10 жніўня ў спарткомплексе «Алімпіец». Каманды яшчэ дазаяўляюцца, але мы плануем прыняць больш за 10 каманд і каля 240 спартсменаў, - расказаў Сяргей Новікаў. - Стральба з лука будзе праходзіць на стадыёне «Спартак». У гэтым відзе спорту плануюць прыняць удзел каля 100 спартсменаў».

Для правядзення спаборніцтваў такога высокага ўзроўню два спартыўныя аб'екты адрамантуюць. «Каб забяспечыць камфортныя ўмовы для спартоўцаў, стадыён «Спартак» чакае абнаўленне. Адным з аспектаў рамонту стане замена пакрыцця бегавой дарожкі па ўсім перыметры стадыёна. Укладка дзеючага рэкарданавага пакрыцця праводзілася даўно, акрамя гэтага, зімой тут залівалі каток. Усё гэта прывяло пакрыццё ў непрыдатнасць», - дадаў Сяргей Новікаў.

Акрамя гэтага, на стадыёне часткова заменяць пластыкавыя сядзенні, правядуць рамонт трыбун і трыбунных памяшканняў. Да жніўня на стадыёне ўсталююць новае сучаснае табло. Рамонтныя работы на «Спартаку» пачнуцца з устанаўленнем стабільнага спрыяльнага надвор'я.

Спартыўны комплекс «Алімпіец» таксама чакае абнаўленне. Тут ужо часткова прыступілі да рамонту. Напрыклад, заменяць вялікія вокны ў гульнявой зале і правядуць бягучы рамонт самай залы. Усталююць і сучаснае табло.

«Ужо ў гэтыя выходныя ў «Алімпійцы» пройдуць тэставыя спаборніцтвы: першынство і чэмпіянат Беларусі па караце. Мы прыцягнем валанцёраў, якія будуць працаваць летам на ІІ Гульнях краін СНД. Федэрацыя і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі прывязуць неабходныя маніторы і тэлевізары. Сумесна з імі ў гэтыя выхадныя ўжо ўбачым фармат, у якім будуць праходзіць спаборніцтвы летам», - адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму.

У Магілёве прапрацавана ўжо пытанне з пражываннем спартсменаў, трэнерскага складу, суддзяў. «Да нас прыязджала камісія Міністэрства спорту і турызму. Мы паказалі ім умовы пражывання. Размяшчаць гасцей будзем у гасцініцах «Магілёў» і «Турыст», а таксама на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Н2О», дзе ёсць камфартабельныя памяшканні для пражывання. Прапрацаваны пытанні з харчаваннем, - сказаў Сяргей Новікаў. - Мы вядзем актыўную падрыхтоўку да маючых адбыцца спаборніцтваў па ўсіх напрамках».

Усе рамонтныя работы будуць выкананы ў тэрмін, адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму. «Наша галоўная задача - забяспечыць дастойныя ўмовы для правядзення такіх высокіх спаборніцтваў на тэрыторыі нашага горада», - падсумаваў Сяргей Новікаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая