RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц напярэдадні Дня Перамогі наведаў шпіталь інвалідаў Айчыннай вайны

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц сёння наведаў Магілёўскі абласны шпіталь інвалідаў Айчыннай вайны.

«Я шчыра рады, што маю магчымасць напярэдадні дзяржаўнага свята, Дня Перамогі, шчыра і сардэчна ад Магілёўскага аблвыканкама павіншаваць вас, а ў вашай асобе вашых родных і блізкіх, – звярнуўся кіраўнік рэгіёна да калектыву медустановы. – Хачу пажадаць, каб на шляху ніколі не сустракаліся такія выпрабаванні. Каб мы жылі ў міры, згодзе і, вядома ж, ганарыліся подзвігам сваіх бацькоў і дзядоў, якія падарылі нам светлае і незалежнае жыццё».

Леанід Заяц падкрэсліў важнасць захавання памяці аб тых людзях, якія прынеслі Перамогу. «Мы ведаем з гісторыі, якія наступствы маглі чакаць краіны СССР, якія жахлівыя механізмы знішчэння нашых людзей былі прыдуманыя. Але дзякуючы подзвігу продкаў, гэтага, на шчасце, не здарылася, а мы маем выдатную сучаснасць. А за будучыню будзем змагацца разам, каб яна стала светлай для нашых дзяцей, унукаў і ўсяго беларускага народа», – канстатаваў ён.

Кіраўнік рэгіёна падзякаваў медыкам за працу, заўважыўшы, што Магілёўскі аблвыканкам і гарвыканкам накіраваныя на тое, каб зрабіць сферу аховы здароўя яшчэ больш камфортнай і даступнай для насельніцтва. «Мы ствараем новыя працоўныя месцы, адкрываем новыя ўстановы. У найбліжэйшыя 2-3 гады пабудуем новую гарадскую бальніцу –праект падтрыманы на ўзроўні Прэзідэнта. Таксама завяршаем кардыяхірургічны корпус на базе Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. На будучы год ўвядзём радыелагічны корпус анкадыспансера. Тым самым будуць створаныя ўмовы для самарэалізацыі медыцынскіх работнікаў, аказання якаснай дапамогі хворым».

Леанід Заяц цёпла павіншаваў калектыў медустановы са святам і ўручыў падарунак ад аблвыканкама –сертыфікат на набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання. Таксама грашовыя сертыфікаты на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстанове аховы здароўя падарылі: старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, кіраўнікі абласных грамадскіх арганізацый «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», Чырвонага Крыжа, аб’яднання прафсаюзаў і інш.

 

«На жаль, з кожным днём ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца менш, – адзначыў Уладзімір Цумараў. – У Магілёве жыве 114 ветэранаў. Кожнаму з іх мы надалі максімум увагі, кожнага наведалі дома работнікі гарвыканкама, раённай адміністрацыі, абласных службаў, уручылі каштоўныя падарункі, падрыхтаваныя нашымі прадпрыемствамі, пажадалі моцнага здароўя. Вельмі важна аказваць як мага больш увагі гэтым людзям».

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй было прынята рашэнне не праводзіць у шпіталі традыцыйны святочны канцэрт. Замест гэтага Леанід Заяц прайшоў па палатах і асабіста павіншаваў пацыентаў медустановы з надыходзячым святам, пажадаў моцнага здароўя, уручыў падарункі.

Пасля госці ўсклалі кветкі да мемарыяла памяці пацыентаў Магілёўскай рэспубліканскай псіхіятрычнай бальніцы, забітых нямецкімі акупантамі газам і кулямі ў 1941-1942 гадах.

Шпіталь інвалідаў вайны ў Магілёве – адзін з чатырох па ўсёй краіне і самы стары. Першых пацыентаў прыняў у 1945 годзе. Тады замест цагляных сцен тут стаялі простыя ваенныя палаткі. Свой будынак з’явіўся праз два гады. Сёння шпіталь, прызначаны для аказання спецыялізаванай стацыянарнай меддапамогі ветэранам войнаў, асобам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, удзельнікам тылу, вязням канцлагераў, воінам-інтэрнацыяналістам, пажылым людзям, можа адначасова прымаць каля 200 чалавек. Тут функцыянуюць неўралагічнае, фізіятэрапеўтычнае, два тэрапеўтычныя аддзяленні, аддзяленне сястрынскага догляду, клініка-дыягнастычная лабараторыя. Як паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя Васіль Арцёменкаў, у шпіталі штогод рэгіструецца больш за 5 тыс. наведванняў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая