Пытанні, якія тычацца аховы здароўя, парушэння спадчынных правоў, размяшчэння аб’екта гандлю ў гістарычнай частцы горада былі паднятыя на выязным прыёме ў губернатара.
Зямельныя адносіны, грашовыя выплаты, якасць медыцынскага абслугоўвання... – такі асноўны спектр пытанняў, з якімі звярнуліся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца жыхары Мсціслаўскага раёна.
У Любові Белазерскай з аграгарадка Разанцы Мсціслаўскага раёна, якая пераехала ў Беларусь з Крыма ў 2009 годзе, ёсць прэтэнзіі да якасці медыцынскага абслугоўвання. Інвалід II групы па сардэчным захворванні, якая мае «букет болек» (грыжа, цукровы дыябет, праблемы са зрокам), жанчына панаракала, што з тых часоў, як жыве на Мсціслаўшчыне, большую частку абследаванняў ёй даводзіцца праходзіць на платнай аснове – у Гомелі, Мінску. На мясцовым узроўні ёй у гэтым адмаўляюць.
Медыцынская дапамога ў нас даступная кожнаму, запэўнівае Леанід Заяц, і прапануе канкрэтную дапамогу:
– Пазначце для сябе дзень, калі зможаце легчы ў Магілёўскую абласную бальніцу. Там пройдзеце поўнае абследаванне, кампетэнтныя ўрачы прызначаць вам курс лячэння.
Жыхарка Мсціслава Ларыса Кулагіна таксама перажывае за здароўе. Не за сваё – за ўнукаў. На прыёме яна скардзілася:
– У 2016 годзе хлопчыкаў падрапала кошка. У раённай бальніцы ім зрабілі прафілактычныя прышчэпкі, прызначылі вакцыну і антыбіётык. Праз 3 месяцы я заўважыла: адзін з унукаў стаў моцна касалапіць. Мы зноў пайшлі да доктара, вынік – у дзіцяці дыягнаставалі плоскаступнёвасць. Праз месяц пачаліся яшчэ праблемы з рукамі. Паказвалі яго розным хірургам, ездзілі да неўролага ў дзіцячую абласную бальніцу, у Смаленск – на МРТ. Звярталіся нават у Міністэрства аховы здароўя. Але, па сутнасці, за 5 гадоў так і не дачакаліся дапамогі.
– Калі дзецям трэба поўнае абследаванне – трэба яго зрабіць, – дае даручэнне спецыялісту аблаховы здароўя Леанід Заяц.
Прысутная на прыёме першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Ірына Ляховіч удакладняе:
– Рабілі. Двойчы. Два камісійныя абследаванні: наша і міністэрскае. Апошняе – у мінулым годзе. І ўстанавілі: абодва дзіцяці здаровыя, абодва маюць асноўную групу па фізкультуры. Так, у аднаго ёсць плоскаступнёвасць. Але гэта спадчыннае захворванне і не мае ніякага дачынення да таго, што калісьці дзіця падрапала кошка.
Жыхарка Мсціслава Алена Ржэўцава, якая прыйшла на прыём да губернатара, упэўненая, што парушылі яе спадчынныя правы. Гісторыя такая: у спадчыну ад маці ёй застаўся жылы дом на вуліцы Камунарнай, але ўзніклі праблемы з вырабам тэхпашпарта. Ёсць пытанне і з газіфікацыяй дома, што таксама ніяк не можа вырашыцца.
На прыёме высвятляецца, што Алена Сяргееўна не адзіны ўласнік дома і што ёй, якая не раз звярталася ў розныя інстанцыі – ад райвыканкама да пракуратуры і суда, папулярна тлумачылі, як закрыць набалелыя пытанні.
– Вы ж ужо ўступілі ў спадчыну, а праблема з тэхпашпартам паўстала па віне аднаго з супрацоўнікаў Магілёўскага агенцтва па рэгістрацыі і зямельным кадастры, які дапусціў памылку ў дакуменце. Але новы тэхпашпарт быў зроблены яшчэ ў 2015 годзе, вы можаце яго забраць бясплатна, – яшчэ раз тлумачыць заяўніцы старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка.
А вось Дзмітрыя Пачуйку з Мсціслава, які працуе ў якасці ІП ужо 13 гадоў, хвалююць іншыя праблемы:
– Праз пандэмію я вымушаны быў на час пакінуць сям’ю і з’ехаць у Мінск, працаваць таксістам. Але я хачу быць са сваёй сям’ёй, хачу прыносіць карысць роднаму гораду. У мяне ёсць даўняя мара – адкрыць у родным Мсціславе стацыянарную кропку грамадскага харчавання. Але мая ідэя разыходзіцца з пазіцыяй старшыні райвыканкама, які мяркуе, што такая пабудова ў гістарычнай частцы горада недарэчная. Тлумачу: я гатовы ўкласці сродкі і пабудаваць такі аб’ект, які не будзе выпадаць з агульнай «карцінкі», ўпішыцца ў агульную канцэпцыю.
Кіраўніцтва Мсціслаўскага райвыканкама аргументуе сваю пазіцыю тым, што іх горад – адзін з нямногіх у вобласці, якому ўдалося захаваць рэальнае аблічча гістарычнага цэнтра. Маўляў, на яго галоўных вулачках няма засілля неонавых шыльдаў, стракатых кіёскаў, шкла і хай-тэка. Старшыня Мсціслаўскага райвыканкама адразу прапануе бізнэсоўцу варыянты:
– Мы зацікаўлены ў развіцці малога бізнесу. Вам, напрыклад, можам вылучыць участак у 100 метрах ад гістарычнага цэнтра. Напрыклад, за райпо, у кафэ «Дубрава», каля пошты ці пабудавацца на пляцоўцы ля каледжа…
Леанід Заяц даручае спецыялістам вывучыць гэтае пытанне прадметна і знайсці месца ў цэнтры для кропкі грамадскага харчавання, якое задаволіла б усіх – і бізнес, і ўладу, і гараджан.
– Выязныя прыёмы – гэта правільная і патрэбная форма працы, якая дае станоўчы вынік. Не кожны чалавек, у якога ёсць праблемныя пытанні, якія патрабуюць неадкладнага рашэння, у сілу жыццёвых абставінаў можа дабрацца да абласнога цэнтра. А некаторыя пытанні не пад сілу вырашыць на мясцовым узроўні. На выязныя прыёмы прыязджаюць кампетэнтныя спецыялісты аблвыканкама, іншых арганізацый, каб сумесна знайсці рашэнне надзённых праблем нашых грамадзян. І сённяшняя сустрэча даказала, што прыёмы ідуць на карысць і людзям, і гораду, і вобласці, – рэзюмаваў Леанід Канстанцінавіч.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15