RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі сустрэўся з калектывам абласной бальніцы

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі сёння сустрэўся з працоўным калектывам абласной бальніцы. Палілог адбыўся ў межах адзінага дня інфармавання.

Кіраўнік рэгіёна азнаёміў медыцынскіх работнікаў з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыдняпроўскага краю ў 2018 годзе і планамі на найбліжэйшую перспектыву. Асаблівую ўвагу Уладзімір Даманеўскі надаў прамысловаму сектару, прадпрымальніцтву і сельскай гаспадарцы, якія з’яўляюцца асновай фарміравання бюджэту і харчовай бяспекі вобласці. Губернатар расказаў прысутным аб прэферэнцыях, якія дзейнічаюць у паўднёва-ўсходнім рэгіёне Магілёўшчыны, а таксама аб аб’ектах, якія плануецца пабудаваць або адрамантаваць у найбліжэйшыя гады. У іх ліку новы пуцеправод-дублёр вуліцы Якубоўскага – Загараднай шашы (альтэрнатыва ўезду ў горад з боку Мінска), абгінаючая Магілёў магістраль, якая ідзе праз вёску Салтанаўка, рэканструкцыя аднаго з мастоў у Бабруйску, здача ў эксплуатацыю школы ў мікрараёне «Казіміраўка», сучасныя свінакомплексы і МТФ.

Значныя працы плануецца праводзіць, паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, на аб’ектах аховы здароўя рэгіёна. Праводзілася і будзе працягнута ў 2019 годзе рэканструкцыя тэрапеўтычнага корпуса Асіповіцкай раённай бальніцы, Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы, радзільнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы Магілёўскай абласной бальніцы. Як паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя Сяргей Галуза, ужо вядзецца рамонт памяшканняў пад размяшчэнне новага магнітна-рэзананснага тамографа. Плануецца набыццё сучаснага ангіёграфа (рэнтгеналагічны апарат для вывучэння сасудаў) і прывядзенне тэрмарэнавацыі корпуса №3 для тых, хто выздараўлівае. У апошнім ужо адрамантаваны дах і заменены вокны. У будучыні тут абновяць унутранае аздабленне.

    

Падчас сустрэчы медыкі змаглі задаць пытанні кіраўніку рэгіёна і атрымаць на іх адказы. У прыватнасці, калектыў абласной бальніцы цікавіла магчымасць будаўніцтва новага хірургічнага корпуса. Сёння ва ўстанове аховы здароўя штогод робіцца больш за 16 тыс. хірургічных аперацый. Іх колькасць паступова расце дзякуючы сучасным тэхналогіям і асваенню новых відаў хірургічных умяшальніцтваў. Але развіццё абласной хірургічнай службы стрымліваюць цесныя ўмовы працы: не хапае плошчаў для ўстаноўкі новага абсталявання, існуе неабходнасць у дадатковых аперацыйных блоках. Уладзімір Даманеўскі выказаў гатоўнасць падтрымаць праект, а таксама паабяцаў у найбліжэйшы час разгледзець актуальнасць пытання з удзелам зацікаўленых і прыняць па выніках абмеркаванняў узважанае рашэнне.

Хваляваў удзельнікаў дыялогу нездавальняльны стан пад’язных дарог да бальніцы, неабходнасць іх рамонту, а таксама адсутнасць нармальнай аўтастаянкі для работнікаў медустановы і наведвальнікаў. Губернатар даручыў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміру Цумараву адшукаць сродкі і вырашыць дадзеную праблему.

Уладзімір Даманеўскі таксама развеяў асцярогі медыкаў з нагоды зніжэння заробкаў у сувязі з планаваным спрашчэннем сістэмы аплаты працы ў бюджэтнай сферы з 1 студзеня 2020 года. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што дыферэнцыраваныя падыходы ў аплаце працы медперсаналу таксама можна дадаткова прапісаць у калектыўным дагаворы, як і меры па стымуляванні маладых спецыялістаў.

Сёння ў Магілёўскай абласной бальніцы працуе больш за 1,8 тыс. чалавек. Ложкавая магутнасць установы аховы здароўя – 853 месцы, з якіх 480 хірургічнага профілю, астатнія – тэрапеўтычнага.

Тут таксама аказваецца амбулаторна-паліклінічная дапамога па 21 спецыяльнасці. За 2018 год у кансультацыйную паліклініку ўстановы звярнулася амаль 111 тыс. пацыентаў, што на 6% больш, чым у мінулым. Каля 60% – гэта жыхары раёнаў, астатнія – магілёўцы з захворваннямі, кансультацыі па якіх можна атрымаць толькі ў абласной бальніцы.

З 2018 года ў медустанове рэалізуецца інавацыйны праект «Ранняя рэабілітацыя пацыентаў пасля пратэзавання каленнага сустава», фінансаванне якога ажыццяўляецца з інавацыйнага фонду Магілёўскага аблвыканкама. У 2019-м плануецца яго завяршэнне, што дазволіць выпрацаваць метадычныя дапаможнікі для многіх устаноў рэгіёна, тым самым будуць дасягнуты станоўчыя вынікі ў больш хуткім выздараўленні пацыентаў, вяртанні іх да працы.

Загадчыку аддзялення па каардынацыі забору органаў і тканак для трансплантацыі, кандыдату медыцынскіх навук Артуру Ліпніцкаму у 2018 годзе быў прадастаўлены грант Прэзідэнта Беларусі на распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку новых метадаў дыягностыкі і кандыцыянавання функцыянальных сістэм памерлага донара ў мэтах павышэння эфектыўнасці кандыцыянавання і наступнай трансплантацыі органаў і тканак. Па выніках асваення фінансавых сродкаў у пяці установах краіны прымяняюцца навуковыя распрацоўкі выканаўцы.

У мінулым годзе бальніца ўшчыльную падышла да фарміравання аддзялення трансплантацыі. Маладая каманда хірургаў пры падтрымцы сярэдняга медыцынскага персаналу і калег з РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак выканала 26 трансплантацый ныркі. У выніку 1 лютага 2019 г. ва ўстанове адкрылі спецыялізаванае аддзяленне трансплантацыі і хірургіі на 10 ложкаў. Тут ужо паспелі правесці 8 перасадак.

Таксама з лютага на базе Магілёўскай абласной бальніцы пачаў функцыянаваць філіял факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ужо 11 сакавіка ўстанова аховы здароўя прыме першых слухачоў. Варта сказаць, што ў нашых медыкаў ёсць падобны вопыт працы. Тут паспяхова функцыянуе філіял факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, які займаецца падрыхтоўкай інжынераў па абслугоўванні медыцынскага абсталявання. Дарэчы, дадзенае супрацоўніцтва з’яўляецца эксклюзіўным ў разрэзе нашай краіны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая