RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава з рабочым візітам наведвае Магілёў

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава сёння праводзіць сустрэчу з дэпутацкім актывам Магілёўскай вобласці. Нарада з удзелам кіраўнікоў гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў праходзіць у аблвыканкаме. Абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў, пры гэтым асаблівая ўвага нададзена рабоце з насельніцтвам і вырашэнню пытанняў мясцовага значэння.

Напярэдадні сустрэчы спікер азнаёмілася з развіццём сацыяльнай сферы ў новых мікрараёнах Магілёва. У прыватнасці, яна пабывала ў школе № 46, якая нядаўна расчыніла дзверы для навучэнцаў у Казіміраўцы, а таксама на будпляцоўцы, дзе ўзводзіцца сучасная паліклініка для дзяцей і дарослых. Аб стварэнні гарадскога асяроддзя, якое адпавядае сучасным сацыяльным і эканамічным умовам, інтарэсам жыхароў, бізнесу і гарадскіх уладаў, ішла размова падчас наведвання гандлёва-дзелавога цэнтра «Атрыум».

   

Нагадаем: у лістападзе 2016 года падчас рабочай паездкі ў Магілёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць да 2020 года асноўныя работы па добраўпарадкаванні абласнога цэнтра. «Усе гэтыя даручэнні знаходзіліся на кантролі ў адміністрацыі, – падкрэсліла Наталля Качанава ў гутарцы з журналістамі. – Таму сёння, праводзячы тут выязную сустрэчу з дэпутацкім корпусам рэгіёна, была прынята пастанова паглядзець, як яны выконваюцца».

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ў развіцці горада зроблены прыкметныя крокі. Праблемныя пытанні, якія тычыліся архітэктуры, будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, транспартных развязак і маставых пераходаў, паспяхова вырашаюцца. «Парадавала, што многія аб’екты ўводзяцца ў самыя кароткія тэрміны, – сказала спікер. – Органы ўлады, будаўнічыя арганізацыі і людзі, якія займаюцца рэалізацыяй пастаўленых задач, працуюць вельмі адказна. З іх можна браць прыклад. Упэўненая, што Магілёў неўзабаве набудзе новае аблічча, гэтыя даручэнні будуць выкананыя ва ўстаноўленыя тэрміны, а новыя аб’екты будуць радаваць жыхароў і гасцей, якія прыязджаюць у гэты цудоўны горад».

Наталля Качанава таксама адзначыла, што ўзаемадзеянне з дэпутатамі розных узроўняў у працы Савета Рэспублікі з’яўляецца адным з важных кірункаў. «Нядаўна быў абраны новы склад, і мы ўвялі такую форму працы, як выезды ў рэгіёны і сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, – расказала спікер. – Падчас такіх дыялогаў агучваюцца задачы, адбываецца знаёмства з кіраўнікамі, высвятляюцца набалелыя пытаннні».

«Дэпутаты працуюць з людзьмі, гэта народныя выбраннікі, якія валодаюць інфармацыяй аб справах у раёне, горадзе, ведаюць праблемы на месцах, – канстатавала Наталля Качанава. – Але самае важнае – яны ведаюць, як іх вырашаць. І тут патрэбна сумесная работа дэпутацкага корпуса з мясцовымі органамі ўлады. Бо важна своечасова паставіць наяўныя пытанні перад тымі людзьмі, якія могуць іх урэгуляваць».

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што заканадаўча ў нашай краіне прапрацаваны ўсе пытанні. Прынятыя меры па развіцці ўсіх галін, выразна вызначаны напрамкі росту. «Як іх рэалізоўваем на месцах, так і складваецца праца, такое меркаванне ў людзей, – падагульніла спікер. – Таму дэпутацкі корпус накіраваны на тое, каб пастаўленыя задачы вырашаліся своечасова, і тэзіс кіраўніка дзяржавы «Галоўнае – гэта людзі і справядлівае стаўленне да іх» быў у поўнай меры рэалізаваны».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая