RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стартаваў другі конкурс кластарных і сацыяльна значных ініцыятыў па праекце ПРААН

Праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» аб’яўляе другі конкурс ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва ў 12 пілотных раёнах Беларусі. Пра гэта паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта Надзея Сінельнік.

Фінансавая падтрымка будзе прадастаўлена для рэалізацыі ініцыятыў па двух тэматычных кірунках. Па-першае, для рэалізацыі кластарных ініцыятыў, накіраваных на развіццё і ўзмацненне канкурэнтаздольнасці ўдзельнікаў будучага кластара. Гэта значыць, у дапамогу комплексу мерапрыемстваў па арганізацыі і развіцці кааперацыі паміж лакальнымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі.

Другі напрамак – сацыяльна значныя ініцыятывы, накіраваныя на падтрымку дзелавой ініцыятывы па рашэнні якой-небудзь сацыяльнай праблемы, развіцці інклюзіі або пашырэнні дапамогі сацыяльна неабароненым групам.

«Найлепшая стратэгія для развіцця раёна – гэта выбудоўванне партнёрства ўсіх зацікаўленых бакоў: грамадскіх арганізацый, прыватных і дзяржаўных устаноў, бізнесаў і органаў улады, якія сумеснымі намаганнямі ствараюць механізмы для ўстойлівага развіцця тэрыторыі. Акрамя таго, усе падтрыманыя ініцыятывы павінны спрыяць дасягненню адпаведных мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі і адпавядаць сацыяльным і экалагічным стандартам ПРААН», – пракаментаваў каардынатар праектаў па сацыяльным і эканамічным развіцці ПРААН у Беларусі Кірыл Сцежкін.

Прыём заявак праводзіцца ў электронным выглядзе ў перыяд з 15 снежня 2020 года па 27 студзеня 2021 года ўключна на сайце конкурсу https://www.prospring.by/.

А 22 снежня 2020 года адбудзецца вебінар «Умовы і асаблівасці ўдзелу ў 2-м конкурсе ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва», дзе можна атрымаць інфармацыю аб удзеле ў конкурсе, запаўненні заяўкі. Спецыялісты праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» адкажуць на ўсе пытанні з 14.00 да 16.30. Для ўдзелу ў вебінары неабходна зарэгістравацца па спасылцы https://undp.zoom.us/meeting/register/tZwpfuGvpjooHtOqMsNr1cIF7QyNGhPSbzBn.

Першы конкурс ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва прайшоў у чэрвені–жніўні 2020 года. Па яго выніках у 12 раёнах Беларусі ў найбліжэйшы час пачнецца рэалізацыя 33-х кластарных і сацыяльна значных ініцыятыў.

Праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая