RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стартаваў конкурс «Франтавы альбом» да 75-годдзя вызвалення Беларусі

У межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» Беларускае тэлеграфнае агенцтва, рэдакцыя газеты «7 дней» сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, СТАА «Гейм Стрым» далі старт сумеснаму конкурсу «Франтавы альбом», прысвечанаму 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Паводле слоў старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоля Адоньева, конкурс «Франтавы альбом» – важная падзея для ветэранскага братэрства краіны. «Усё менш і менш застаецца тых, хто абараняў нашу Радзіму. Таму наш галоўны абавязак – перадаць моладзі дух адданасці і пастаяннай гатоўнасці да абароны сваёй Айчыны. Упэўнены: цяперашні праект дазволіць узмацніць дыялог пакаленняў і прыўнесці дух патрыятызму ў сэрцы моладзі».

Як адзначыў кіраўнік праекта «франтавы альбом», спецыяліст па сувязях з грамадскасцю СТАА «Гейм Стрым» Аляксандр Сірата, пачатак праекта «Франтавы альбом» быў пакладзены ў 2017 годзе. «Мы стварылі ўнутраны рэсурс, на якім супрацоўнікі кампаніі маглі дзяліцца гісторыямі сваіх продкаў-ветэранаў. Але потым мы зразумелі, што людзей, якія хочуць расказаць пра подзвіг і гераізм членаў сваіх сем’яў, вельмі шмат. Мы вырашылі не абмяжоўвацца рамкамі кампаніі і адкрылі сайт для агульнага доступу. Спадзяюся, што дзякуючы гэтаму мы захаваем на доўгія гады памяць аб нашых ветэранах», – распавёў ён.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка лічыць, што праект «Франтавы альбом» – менавіта тая ідэя, якая дапаможа ўзмацніць сувязь пакаленняў. «Я думаю, што ў сям’і кожнага жыхара Беларусі ёсць гісторыі пра продкаў, якія перажылі вайну. І кожнаму з такіх людзей ёсць што сказаць і тым самым ушанаваць памяць усіх яго блізкіх і родных», – дадала яна.

Пяць пераможцаў конкурсу атрымае дыпломы і прызы. Найлепшыя творчыя работы будуць размешчаны на старонках газеты «7 дней» або на сайце выдання www.7dney.by, Міністэрства адукацыі Беларусі www.edu.gov.by, на сайце frontline.su праекта «Франтавы альбом». Астатнія работы, якія адпавядаюць патрабаванням конкурсу, будуць у адаптаваным выглядзе размешчаны на сайце frontline.su праекта «Франтавы альбом».

Конкурсныя матэрыялы накіроўваюцца з 22 лютага па 3 мая 2019 года. Удзел прымаюць асобы, якія дасягнулі паўналетняга ўзросту на дату накіравання заяўкі, - грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі. Пераможцы конкурсу будуць вызначаны 17 мая. Вынікі конкурсу апублікуюць на старонках газеты «7 дней» 23 мая (№21 ад 23 мая 2019 года). Узнагароджанне пераможцаў конкурсу адбудзецца 7 чэрвеня.

Падрабязнасці правядзення конкурсу чытайце на сайтах Міністэрства адукацыі Беларусі www.edu.gov.by, рэдакцыі газеты «7 дней» www.7dney.by, а таксама сайце www.belta.by.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая