RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Структурныя падраздзяленні аблвыканкама, дэпутацкі корпус і прадпрыемствы Магілёўшчыны сабралі гуманітарную дапамогу бежанцам на мяжу

Кіраўніцтва і калектывы структурных падраздзяленняў Магілёўскага аблвыканкама, дэпутацкі корпус рэгіёна, прадстаўнікі абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, Магілёўскага РУП «Фармацыя» не маглі застацца абыякавымі да таго, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы, і сёння сабралі для бежанцаў гуманітарную дапамогу. У скрынках і мяшках – цёплыя рэчы, абутак, прадукты харчавання, сродкі асабістай гігіены і вырабы медыцынскага прызначэння. 

«Ужо які дзень мы назіраем за няпростай сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы. Першая машына з гуманітарным грузам ад нашай вобласці ўжо была накіраваная туды на мінулым тыдні, – расказала старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. – Там былі цёплыя рэчы, прадукты. Мы бачым, што сітуацыя не вырашаецца, але ёсць надзея. Сёння ж сумесна з дэпутацкім корпусам, Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў мы сфарміравалі прадуктовыя пакеты, дзе ёсць дзіцячае харчаванне, вада, прадметы першай неабходнасці. У такіх умовах надвор’я, калі бачым фатаграфіі і відэа маленькіх прастуджаных дзяцей, цяжарных жанчын, выдатна разумеем з болем у душы, якая неабходная наша дапамога».

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч падзякаваў усім, хто адгукнуўся на просьбу і ў кароткія тэрміны прыняў удзел у зборы. «Тэлебачанне, інтэрнэт, прэса, радыё – усюды гавораць аб сітуацыі з бежанцамі на беларуска-польскай мяжы. Людзі разам з дзецьмі сарваліся са сваіх нажытых месцаў, бядуюць у такі халодны час, спяць, лічы, на голай зямлі. У такой сітуацыі не ратуе ні вогнішча, ні цёплае адзенне. Падчас службы ў войску мне давялося пабываць у розных кропках свету, сустракаўся з такім жа насельніцтвам з Сярэдняй Азіі. Гэта добрыя людзі, якія прыгожа выхоўваюць дзяцей. І тое, што сёння рбіцца ў Еўропе, асабліва на польскай мяжы, мяжы з Літвой, – гэта генацыд. Яны бачаць, як бадзяюцца гэтыя людзі. Чаму ў Англію праз Ла-Манш яны кожны дзень прапускаюць тысячы мігрантаў. І ніхто ніякіх праблем не ўтварае. А тут сабралася пара тысяч бежанцаў, якія шукаюць любымі шляхамі шчасце для сябе і сваёй сям’і. Амерыканцы, англічане, французы, палякі... Яны ўвайшлі ў Кувейт, Ірак, Іран, Афганістан, потым беглі, не знайшоўшы ні хімічнай, ні бактэрыялагічнай, ні ядзернай зброі, але пакінулі там хаос, разбурылі жыллё, сем’і. Сёння яны павінны з распасцёртымі рукамі, з хлебам-соллю сустракаць гэтых людзей, якіх прынізілі, разбурылі іх дамы, якім не даюць і сёння спакою».

Па словах Анатоля Уласевіча, гуманітарная дапамога з боку беларусаў вельмі важная, паколькі польскія ўлады не даюць магчымасці сваім грамадзянам якім-небудзь чынам падтрымаць бежанцаў. «Польскі народ дружны, ён не вінаваты ў сітуацыі, якая склалася, вінаватыя кіраўнікі, якія дапусцілі гэта, а цяпер перашкаджаюць аказанню дапамогі тым, хто ў ёй мае вострую патрэбу», – падкрэсліў першы намеснік старшыні.

У сваю чаргу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка дадаў: «Цынічная пазіцыя еўрапейскіх краін з «развітай дэмакратыяй», палітыка падвойных стандартаў у адносінах да бежанцаў і мігрантаў даказала, што дзеля дасягнення сваіх геапалітычных мэтаў яны не спыняцца ні перад чым, нават калі для гэтага спатрэбяцца жыцці ні ў чым не вінаватых дзяцей. Беларусы чарговы раз паказалі сваю ідэнтычнасць і міралюбнасць, спачуванне і жаданне прыйсці на дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу».

Сваю лепту ў добрую справу ўнеслі работнікі Магілёўскага РУП «Фармацыя». «Наш калектыў у большасці сваім складаецца з жанчын, мам. І, вядома, бачачы, у якім становішчы апынуліся людзі (а сярод іх шмат дзяцей, цяжарных), немагчыма было заставацца абыякавымі, – сказала генеральны дырэктар прадпрыемства Алена Раманенка. – Калі ўяўляеш, што сам можаш апынуцца ў такіх умовах, у холадзе пад адкрытым небам, ніякіх слоў больш не трэба. Таму нашы калектывы, вядома ж, адгукнуліся, самі шукалі: як аказаць дапамогу, куды яе накіраваць? Сабралі сродкі асабістай гігіены, вырабы медыцынскага прызначэння, прадукты і прэпараты для медыцынскіх работнікаў, якія аказваюць дапамогу на мяжы».

Чалавекалюбства, чалавечнасць, дабрыня – гэта каштоўнасці, якія не залежаць ад нацыянальнасці, дадала начальнік упраўлення кадраў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Магілёўскага аблвыканкама Жанна Дзмітрыева. «Таму не верыцца, што ў 21 стагоддзі магла здарыцца такая сітуацыя на тэрыторыі нашай краіны, – падкрэсліла яна. – Камітэт не застаўся абыякавым да таго, што адбываецца, шкада дзяцей, жанчын, усіх людзей на мяжы. Мы сабралі грашовыя сродкі, купілі дзіцячае харчаванне, рэчы, неабходныя ў побыце».

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая