RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Студэнцкі духавы аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прывязе ў Магілёў праект да 90-годдзя з дня нараджэння Яўгена Глебава

Студэнцкі духавы аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі 6 верасня прывязе ў Магілёў праект «Музычная спадчына Радзімы», прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР і БССР прафесара Яўгена Глебава і Года малой радзімы. 

Напярэдадні юбілею аднаго з выдатных беларускіх кампазітараў, класікаў айчыннай кампазітарскай школы, які амаль 30 гадоў свайго жыцця аддаў працы ў Акадэміі музыкі, малады калектыў пад кіраўніцтвам дырыжора, дэкана аркестравага факультэта, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Максіма Рассохі выканае музыку Яўгена Глебава на плошчы Зорак. У межах творчага праекта акадэміі будуць гучаць мелодыі з савецкіх кінафільмаў, знятых на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1960-70-я гады: «Пасля кірмашу», «Вясновая казка», «Апошняе лета дзяцінства», «Траянскі конь», «Тры вясёлыя змены», «Леташняя кадрыля», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Я родам з дзяцінства», «Саша-Сашанька».

Творчы праект «Музычная спадчына Радзімы» рэалізуецца Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі за кошт сродкаў Гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і пры садзейнічанні Міністэрства культуры, абласных і гарадскіх выканкамаў. Гастрольна-канцэртны тур студэнцкага духавога аркестра пройдзе з 1 па 10 верасня па розных гарадах нашай краіны. Калектыў падорыць выдатную музыку Яўгена Глебава жыхарам Брэста, Гродна, Маладзечна, Віцебска, Магілёва, Гомеля і Мінска.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая