RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сучасную сістэму аўтаматычнага кантролю прамысловых выкідаў усталююць на ЗТАА «Омск Карбон Магілёў»

Сучасную сістэму аўтаматычнага кантролю прамысловых выкідаў усталююць на ЗТАА «Омск Карбон Магілёў». Пра гэта паведамілі сёння падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай экалагічнай абстаноўцы на тэрыторыі вобласці, у тым ліку, яе маніторынгу на ўчастку №4 СЭЗ «Магілёў».

У гутарцы прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Дзядкоў і яго намеснік Канстанцін Цеплякоў, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці, галоўны ўрач УАЗ «Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Святлана Нячай, начальнік філіяла «Магілёўаблгідрамет» Мікалай Кастусёў, намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Ірына Давыдзенка і інш. 

Адным з найбольш хвалюючых журналістаў пытанняў было пытанне аб сітуацыі на пакуль яшчэ не працуючым прадпрыемстве «Омск Карбон Магілёў», дзе ў перспектыве будзе выпускацца тэхнічны вуглярод. На сённяшні дзень тут завершаны пуска-наладачныя працы, вытворчасць планава прыпынена.

Падчас прэс-канферэнцыі адзначалася, што пры запуску такіх маштабных праектаў непазбежна ўзнікаюць розныя складанасці, якія лепш за ўсё ліквідаваць на «нулявым» этапе работ, чым потым марнаваць на гэта велізарныя сродкі. Так паступіла і кіраўніцтва «Омск Карбон Магілёў», якое ўзяло час для дадатковай праверкі ўсіх сістэм свайго завода. Увод у эксплуатацыю першага пускавога комплексу запланаваны на першую палову бягучага года.

Мікалай Дзядкоў пацвердзіў інфармацыю аб тым, што 18 лістапада 2018 года грамадзяне, якія пражываюць у аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна, паведамілі дзяжурнаму Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб забруджванні тэрыторыі ў выніку магчымага выкіду вялікіх аб’ёмаў сажы на «Омск Карбон Магілёў». Група спецыялістаў, якая прыехалі на прадпрыемства, праверыла крыніцы, дзе вяліся пуска-наладачныя працы, – камеру абагравання сушыльнага барабана і факел-фільтр. Атрыманыя вынікі паказалі ў трубе наяўнасць цвёрдых часціц вышэй за ўсталяваную норму ў 40 разоў. 

«Аднак яны яшчэ не з’яўляюцца фактам устанаўлення перавышэння, бо ў адпаведнасці з п. 10.7 ЭкаНіПа 2017 года«Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання. Патрабаванні экалагічнай бяспекі» пры правядзенні вымярэнняў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу ў выпадку, калі вынік аднаго перыядычнага вымярэння паказвае на перавышэнне значэння нормы, для ўстанаўлення факта такое вымярэнне павінна выконвацца паўторна на працягу 30 сутак, – падкрэсліў Мікалай Дзядкоў. – Лабараторыяй аналітычнага кантролю адразу ж была зроблена заяўка на правядзенне дадзенага мерапрыемства. Аднак 20-га чысла пуска-наладачныя працы на заводзе былі спынены, і пра гэта прадпрыемства інфармавала нас раней у пісьмовай форме. Гэта значыць замеры паўторна праведзены не былі».

Адначасова з праверкай на прадпрыемстве спецыялісты «Магілёўаблгідрамета» і «Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» арганізавалі вымярэнні на мяжы санітарна-ахоўнай зоны і на тэрыторыі населенага пункта, дадаў Мікалай Дзядкоў. Перавышэння забруджвання атмасфернага паветра ў зоне пражывання грамадзян выяўлена не было. Пры гэтым старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя асабліва звярнуў увагу, што прадпісанняў аб прыпыненні дзейнасці прадпрыемства ў сувязі з тым, што адбылося, камітэт не выдаваў.

Мікалай Дзядкоў адзначыў, што сітуацыя была ў экстраным парадку разгледжана на пасяджэнні з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Кіраўніцтву «Омск Карбон груп» накіравалі адпаведную інфармацыю, і па гэтым факце спецыялісты кампаніі праводзяць разбіральніцтва.

Прадстаўнікі прыродаахоўнай службы і санітарнай службаў запэўнілі, што без выканання строгіх нормаў экалагічнага заканадаўства ніхто не дазволіць працу завода. Перш чым ажыццявіць пуск, на прадпрыемстве ўсталююць сучасныя амерыканскія сістэмы аўтаматычнага кантролю прамысловых выкідаў, якія ў рэжыме рэальнага часу дазволяць весці бесперапынны маніторынг сітуацыі. Абсталяванне ўжо закуплена, і яго неўзабаве зманціруюць.

Акрамя таго, для ўводу ў эксплуатацыю прадстаўнікі прадпрыемства павінны звярнуцца ў абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для атрымання комплекснага прыродаахоўнага дазволу, дзе будуць улічаныя ўсе наяўныя праблемы і пытанні.

У цэлым у Магілёве і Магілёўскай вобласці назіраецца тэндэнцыя зніжэння прамысловых выкідаў у атмасферу і паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Гэта звязана перш за ўсё з укараненнем сучасных тэхналогій, аптымізацыяй прамысловых прадпрыемстваў, а таксама мадэрнізацыяй аб’ектаў энергасістэмы. Паводле слоў Мікалая Дзядкова, Магілёў займае шостае месца сярод гарадоў Беларусі па аб’ёме выкідаў у атмасфернае паветра шкодных рэчываў.

Для кантролю за экалагічнай сітуацыяй на тэрыторыі СЭЗ «Магілёў» распрацавана і рэалізуецца з 2016 года спецыяльная праграма маніторынгу стану навакольнага асяроддзя. Яе асноўныя выканаўцы – Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, «Магілёўаблгідрамет» і «Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя». Дадзеныя службы і ведамствы праводзяць штомесячнае вымярэнне стану атмасфернага паветра як на мяжы санітарна-ахоўных зон, на тэрыторыях пражывання насельніцтва, так і на асноўных крыніцах выкідаў прадпрыемстваў свабоднай эканамічнай зоны. 

«Мы максімальна ахопліваем магчымыя для даследавання паказчыкі, –зазначыла Святлана Нячай. – У праграму лабараторнага кантролю, якая рэалізуецца на працягу апошніх трох гадоў, уключана 14 паказчыкаў. З красавіка бягучага года асвойваем і ўжо даследуем у тэставым рэжыме яшчэ 5. Усе яны адносяцца да спецыфічных забруджвальніках нашых вытворчасцяў. Стараемся максімальна кропкава вывучаць і кантраляваць сітуацыю на межах санітарна-ахоўнай зоны СЭЗ «Магілёў» і на тэрыторыі жылой забудовы. Наша лабараторыя акрэдытавана, пацверджана тэхналагічная кампетэнтнасць. Усталяваны графік маніторынгу вытрымліваецца. Пры гэтым любы званок грамадзян, якія пражываюць у найбліжэйшых населеных пунктах, прымаецца і ў максімальна кароткія тэрміны, у тым ліку ў выхадныя, нашы спецыялісты выязджаюць на месца і робяць неабходныя вымярэнні». Усе гэтыя меры будуць прымяняцца і да «Омск Карбон Магілёў».

Адным з момантаў, якія кампенсуюць рызыку ўздзеяння выкідаў шкодных рэчываў на насельніцтва момантаў, з’яўляецца азеляненне. Для«Омск Карбон Магілёў» рэгламентавана арганізацыя дадзенай зоны не менш за 30% ад плошчы, а па праекце – усе 42%.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая