RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сучасны біятлонны комплекс адкрылі ў Чавусах

Сучасны біятлонны комплекс адкрылі сёння ў Чавусах пры раённай СДЮШАР. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Беларускай федэрацыі біятлона, грамадскіх аб’яднанняў, вядомыя біятланісты Дар’я Домрачава, Дзінара Алімбекава, Сяргей Новікаў і іншыя спартсмены, жыхары горада.

«Па якасці нашых біятлонных баз гэты спартыўны аб’ект стане другім пасля «Раўбічаў». З часам мы зможам праводзіць тут спаборніцтвы рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню. Тут створаны выдатныя ўмовы для якасных трэніровак нашых спартсменаў. У Чавусах закладзены сур’ёзныя біятлонныя традыцыі. Многія знакамітыя біятланісты нашай рэспублікі –выпускнікі гэтай школы. Тут ёсць перспектыўныя і таленавітыя дзеці, прафесійныя трэнеры. І з’яўленне новага аб’екта стане яшчэ адным штуршком для развіцця як рэгіянальнага біятлоннага руху, так і рэспубліканскага ў цэлым», – падкрэсліў міністр спорту і турызму.

Калісьці пуцёўку ў жыццё ў Чавусах атрымаў заслужаны майстар спорту, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2010 года Сяргей Новікаў, цяпер начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама: «Гледзячы на маштаб і ўмовы новага комплексу ў Чавусах, па-добраму хочацца зайздросціць маладым спартсменам. Такая база разам з сур’ёзным падыходам трэнераў дазволіць рыхтавацца да стартаў у вялікім спорце».

Алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава адзначыла, што новы біятлонны комплекс у Чавусах –вялікае дасягненне рэгіёна. «Цяпер хочацца звярнуцца да бацькоў усёй Магілёўскай вобласці: вы ведаеце, куды можна прывозіць дзяцей. Выдатны стадыён, шыкоўныя ўмовы для дзяцей. Што важна для трэніровак –добры рэльеф трасы. Кіламетраж ролернай трасы, можа, і не вельмі вялікі, але за кошт рэльефу тут можна праводзіць вельмі якасныя трэніроўкі. А зімой тут можна пракладаць трасу любой працягласці. Для дзяцей існуе вялікая перспектыва ў развіцці і росце. Ад будучых спартсменаў патрэбна толькі ўнутраная матывацыя, вялікая любоў да спорту. Усё астатняе ў іх ужо ёсць», – сказала Дар’я Домрачава.

Будаўніцтва спартыўнага аб’екта ў Чавусах пачалося ў 2012 годзе. Агульны кошт праекта –Br7,5 млн. з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Для спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы спатрэбілася яшчэ Br450 тыс.

У трохпавярховым будынку размясціліся сучасная трэнажорная зала, распранальня з душавымі і санвузлом, медыцынскі кабінет, зброевы пакой на 150 вінтовак з абсталяванымі сейфамі, адміністрацыйныя і трэнерскія памяшканні, канферэнц-зала, трыбуна на 500 месцаў. Важны нюанс: з’явіліся пакоі з сістэмай паветраадвядзення для падрыхтоўкі лыж і для сушкі дзіцячых чаравік. Таксама ў распараджэнні юных спартсменаў ёсць зала для сухой стральбы з лазернымі прыстасаваннямі і спецыяльнымі датчыкамі.

Улетку на лыжаролернай трасе трэніроўкі будуць праходзіць на паўтаракіламетровым крузе з асфальтавым пакрыццём, а зімой яго можна падоўжыць хоць да пяці кіламетраў. На шчасце, для гэтага ёсць восем кропак штучнага аснежвання. На стрэльбішчы –18 мішэнных установак, кожная падсвечана ў вячэрні час, як і ўся траса.

У школе, з якой выйшла алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава і член нацыянальнай зборнай Раман Елятноў, навучаюцца дзеці з усяго рэгіёна. На аддзяленне біятлона набралі каля 80 юных талентаў, яшчэ 20 – на цяжкую атлетыку. І тут, і ў інтэрнаце правялі значныя рамонтныя работы: памянялі дах, асвяжылі фасад, даўкамплектавалі кабінеты. На тэрыторыі ёсць некалькі спартыўных пляцовак для хакея, валейбола і іншых відаў спорту.

«Вельмі радасная і важная падзея адбылася сёння. Прыемна бачыць, як развіваецца родная спартыўная ўстанова, – падзялілася алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава. – У мой час такіх умоў не было, і выдатна, што ў нашых дзяцей ёсць цяпер такая база. Хочацца, каб гэта стала новым вітком у развіцці спартыўнага руху ў Чавусах і ўсёй вобласці ў цэлым. У юных спартсменаў ёсць магчымасць трэніравацца ў сучасным комплексе, расці і развівацца. Трэба шанаваць і атрымліваць задавальненне ад біятлона. Прыемна і важна, што ў спартыўнага руху ў Беларусі ёсць такая вялікая падтрымка з боку дзяржавы. Прэзідэнт нашай краіны надае шмат увагі падрыхтоўцы і развіццю будучых спартсменаў, у тым ліку і біятланістаў. Нам застаецца толькі выкарыстоўваць прадастаўленыя магчымасці і паказваць высокія вынікі на спаборніцтвах».

У Беларусі аналагічнага кластара няма! Дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, вядома, маюцца ў дастатковай колькасці, але каб усе пералічаныя аб’екты ішлі ў адной звязцы –такога няма. У дзяцей у крокавай даступнасці камфортныя ўмовы для харчавання, пражывання і трэніровак. А летам комплекс можа прымаць рэспубліканскія спаборніцтвы і выступаць у ролі гасцініцы.

Вырашыць новы комплекс і іміджавае пытанне. Бачачы ўмовы для якаснага вучэбна трэніровачнага працэсу, дзеці і іх бацькі будуць больш ахвотна рабіць выбар на карысць біятлона.

Са з’яўленнем біятлоннага комплексу Чавусы могуць прымаць не толькі абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, але і вучэбна-трэніровачныя зборы. Дарэчы, спарткомплекс ужо прыняў першыя спаборніцтвы. Пасля ўрачыстага адкрыцця на новай трасе ў Чавусах стартаваў Кубак Беларускай федэрацыі біятлона.

 СБ, tvr.by, БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая