RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Судмедэксперты Магілёўскай вобласці праводзяць даследаванні па вызначэнні хімічнага складу нырачных камянёў

Дзяржаўныя медыцынскія судовыя эксперты-хімікі УДКСЭ па Магілёўскай вобласці асвоілі і паспяхова праводзяць даследаванні па вызначэнні хімічнага складу нырачных камянёў. Пра гэта паведаміла галоўны спецыяліст па працы са СМІ рэгіянальнага ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Ірына Рачкоўская.

Веданне хімічнага складу нырачных камянёў (канкрэментаў) – адзін з найважнейшых фактараў у выбары метаду лячэння хваробы, а таксама ў прафілактыцы рэцыдыву. Справа ў тым, што некаторыя тыпы камянёў цалкам магчыма растварыць з дапамогай адпаведнай тэрапіі. У іншых жа выпадках для лячэння хваробы паказана аператыўнае ўмяшальніцтва.

Асноўная прычына стварэння нырачных камянёў – парушэнне абмену рэчываў, асабліва змена водна-солевага і хімічнага складу крыві. Акрамя спадчыннай схільнасці, да фактараў рызыкі мачакаменнай хваробы адносяцца асаблівасці харчавання, абумоўленыя спецыфікай нацыянальнай кухні або адмысловымі перавагамі чалавека, а таксама хімічны склад пітной вады.

Названым захворваннем могуць пакутаваць людзі ўсіх узроставых груп – ад нованароджаных да пажылых. Ад узросту хворага, як правіла, залежыць тып і склад мачавога каменя.

У залежнасці ад хімічнага складу вядомыя чатыры асноўныя тыпы нырачных камянёў:

1. Уратныя – складаюцца з мачавой кіслаты і яе соляў (натрыевай і каліевай), цвёрдыя і гладкія, цаглянага ці жоўта-аранжавага колеру. Уратныя камяні можна растварыць, асабліва калі яны невялікага памеру. Для гэтага патрабуюцца ашчалачыванне мачы, спецыяльная дыета, прыём мачагонных прэпаратаў.

2. Аксалатныя камяні – тып, які устракаецца найбольш часта с. Утвараюцца ў нырках з прычыны лішку кальцыевых соляў шчаўевай кіслаты. Гэта камяні вялікай шчыльнасці, чорна-шэрага колеру, з шыпаванай паверхняй, не паддаюцца растварэнню.

3. Фасфатныя камяні – складаюцца з кальцыевых соляў фосфарнай кіслаты. Гладкія ці крыху шурпатыя канкрэменты белага колеру з мяккай кансістэнцыяй. Часцей за ўсё ўтвараюцца ў шчолачы мачы пры парушэнні абмену рэчываў. Лячэнне ў гэтым выпадку павінна быць накіравана на падкіслене мачы пры дапамозе пэўнай дыеты (ужываннем у ежу кіслых сокаў, мінеральных вод, настояў кораня вінаграду, барбарыса, шыпшынніка).

4. Струвітныя камяні – маюць інфекцыйную прыроду, утвараюцца ў выніку застою мачы або жыццядзейнасці бактэрый. Адрозніваюцца хуткім ростам і мяккай структурай. Іх паверхня гладкая або шурпатая, колер – белы або светла-шэры. Часцей за ўсё ўзнікаюць у жанчын. Лячэнне струвітных камянёў з дапамогай фітатэрапіі і лекавых прэпаратаў неэфектыўнае.

Спецыялісты адзначаюць, што больш за 60% камянёў – змешаныя па сваім складзе.

«У сувязі з наяўнай разнастайнасцю тыпаў нырачных камянёў адрозніваюцца і метады лячэння мачакаменнай хваробы, – растлумачыў начальнік упраўлення лабараторных даследаванняў рэчыўных доказаў біялагічнага характару УДКСЭ па Магілёўскай вобласці Віктар Глушкоў. – У залежнасці ад будовы і складу каменя, урачы выбіраюць кансерватыўную альбо аператыўную методыку лячэння пацыента. Акрамя таго, разуменне прычыны стварэння каменя і веданне яго хімічнага складу дапамогуць урачам прымаць меры, накіраваныя на прафілактыку рэцыдыву захворвання. У сувязі з гэтым, у расійскіх, амерыканскіх і еўрапейскіх рэкамендацыях па лячэнні і прафілактыцы мачакаменнай хваробы вызначана, што кожны камень (яго фрагмент), які адышоў самастойна альбо атрыманы з дапамогай хірургічнага ўмяшання, павінен быць даследаваны з мэтай устанаўлення яго хімічнага складу. Пацыент, які пакутуе на мачакаменную хваробу, можа асабіста звярнуцца да судовых экспертаў-хімікам ДКСЭ і па выніках даследавання камянёў атрымаць вычарпальныя адказы на пытанні аб іх хімічным складзе».

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая