RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сумеснае пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі і камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама прайшло сёння ў Магілёве

Сумеснае пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі і камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама ў пашыраным складзе адбылося сёння. На ім падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны ў 2021 годзе і пазначылі асноўныя задачы на 2022 год. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магаблвыканкама Андрэй Заблоцкі, абраны фармат сустрэчы дазваляе больш дакладна задзейнічаць наяўныя рэсурсы для далейшага павышэння эфектыўнасці сумеснай працы.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк. А таксама члены камісіі па справах непаўналетніх Магаблвыканкама, намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, начальнікі структурных падраздзяленняў гаррайвыканкамаў, адміністрацый раёнаў у гарадах Магілёве і Бабруйску, якія ажыццяўляюць дзяржаўнаўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі і іншыя запрошаныя.

«У 2021 годзе дзейнасць органаў кіравання і ўстаноў адукацыі была накіравана на забеспячэнне камфортных і бяспечных умоў адукацыйнага працэсу, павышэнне якасці адукацыі і захаванне яе даступнасці, – адзначыў Андрэй Заблоцкі. – Ва ўмовах нарматыўнага фінансавання мы здолелі забяспечыць рэалізацыю дзяржаўных праграм, накіраваных на стабільнае функцыянаванне і развіццё галіны адукацыі».

У мінулым годзе дасягненні ўстаноў адукацыі, педагогаў і навучэнцаў Магілёўшчыны адзначаны на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Тры медалі заваявалі на міжнародных алімпіядах: выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Леанід Палхоўскі ўдастоены бронзавага медаля ў еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе і сярэбранага медаля на міжнароднай алімпіядзе па навуках аб зямлі. Навучэнец 10 класа гімназіі № 2 г. Бабруйска Глеб Баравы атрымаў сярэбраны медаль на міжнароднай алімпіядзе ў Баку па фізіцы, хіміі, матэматыцы.

Па выніках рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах навучэнцамі Магілёўскай вобласці атрыманы 81 дыплом (4 месца сярод абласцей).

Важкія дасягненні навучэнцаў і педагогаў Магілёўскай вобласці і ў рэспубліканскім конкурсе «Аграмайстэрства»: дыпломамі I ступені ўзнагароджаны навучэнцы Клічаўскага і Жыліцкага каледжаў. Каманда ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці заваявала 26 прызавых месцаў на заключным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, заняўшы 3 месца ў агульнакамандным заліку. У рэспубліканскім конкурсе па стандартах WorldSkills у кампетэнцыі «Электрамантаж» навучэнцы Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа ўзнагароджаны дыпломамі I і II ступені. А па выніках Еўразійскага чэмпіянату (WorldSkills Russia) навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага і Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжаў узнагароджаны сярэбранымі медалямі ў кампетэнцыях «Кандытарская справа» і «Электрамантаж».

«Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт надае асаблівую ўвагу сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і педагогаў, – падкрэсліў Андрэй Заблоцкі. – Спецыяльнымі прэміямі аблвыканкама ў 2021 годзе ўзнагароджаны 80 педагогаў і 81 навучэнец. На гэтыя мэты накіравана амаль Br80 тысяч».

Стварэнне бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рацыянальнае выкарыстанне наяўных магутнасцяў устаноў адукацыі і будаўніцтва новых аб’ектаў з’яўляюцца прыярытэтнымі задачамі галіны.

У ходзе выканання дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2021 годзе ўведзены ў эксплуатацыю сярэдняя школа на 1020 месцаў і дашкольная ўстанова адукацыі на 240 месцаў у г. Бабруйску.

У адпаведнасці з дагаворам аб прадстаўленні замежнай бязвыплатнай дапамогі кампаніяй «Rico d.o.o.» ажыццёўлена будаўніцтва дзіцячай дашкольнай установы на 200 месцаў у г. Магілёве па перадавых еўрапейскіх стандартах.

Створаны два жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Магілёве і Слаўгарадскім раёне.

У 2022 годзе плануецца завяршыць будаўніцтва дзіцячага садка на 50 месцаў у Шклове і двух жылых дамоў сямейнага тыпу ў Глускам і Кіраўскім раёнах.

У межах рэалізацыі праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця працягваецца работа па стварэнні якасных умоў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія прымаюць навучэнцаў з закрытых або рэарганізаваных устаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці.

У 2021 годзе для ажыццяўлення падвозу дзяцей у сельскай мясцовасці да месца вучобы і назад набыта 20 школьных аўтобусаў. У 2022 годзе плануецца абнавіць школьны аўтобусны парк на 39 адзінак.

«На правядзенне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі вобласці накіравана каля Br10 млн, акрамя сродкаў бюджэту актыўна прыцягваліся сродкі ад дзейнасці, што прыносіць даходы, шэфская і спонсарская дапамога, сума якіх склала арыенціровачна больш за Br2 млн, – расказаў Андрэй Заблоцкі. – Капітальныя рамонты будынкаў выкананы ў пяці ўстановах адукацыі, дзвюх спартыўных залах. У межах бягучага рамонту адрамантаваны дахі ў 13 установах адукацыі, часткова выкананы рамонты фасадаў – у 4.

Праведзена значная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сталовых і харчаблокаў устаноў адукацыі. За 2021 год набыта абсталяванне на суму парадку Br1,5 млн. На выкананне рамонтных работ накіравана Br3,9 млн. Ажыццёўлены капітальны рамонт харчаблока ў гімназіі № 1 Магілёва, сталовай сярэдняй школы № 20 Бабруйска.

На рэалізацыю энергазберагальных мерапрыемстваў упраўленнямі (аддзеламі) па адукацыі і ўстановамі адукацыі вобласці ў 2021 годзе выдаткавана Br2,6 млн. За названы перыяд зэканомлена 1,3 тысячы тон умоўнага паліва».

Гаворачы аб задачах на бягучы перыяд, Андрэй Заблоцкі адзначыў, што на фінансаванне галіны адукацыі плануецца накіраваць 29,1% выдаткаў кансалідаванага бюджэту вобласці, што вышэй за ўзровень 2021 года на 2,8%.

«Залогам павышэння якасці адукацыі з’яўляецца прафесійная кампетэнтнасць педагагічных работнікаў. Адзначаецца рост іх адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўняў, – падкрэсліў ён. – У 2021 годзе для працы ва ўстановах адукацыі вобласці накіравана 519 маладых спецыялістаў, якія навучаліся на педагагічных спецыяльнасцях. Пры гэтым каля 40% выпускнікоў атрымалі сваё першае працоўнае месца ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Прынятыя ў 2021 годзе меры дазволілі дасягнуць станоўчай дынамікі паказчыка замацавання маладых педагогаў на першым працоўным месцы. Тым не менш, рэгіёнам трэба больш актыўна выкарыстоўваць магчымасць мэтавага навучання, якое з’яўляецца гарантам доўгатэрміновага замацавання маладых спецыялістаў.

Прыярытэтнай задачай урада на 2021–2025 гады з’яўляецца павышэнне памеру аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў, у тым ліку да 100% ад сярэднерэспубліканскага ўзроўню педагагічным работнікам і да 106% настаўнікам».

Падводзячы вынікі работы, Андрэй Заблоцкі адзначыў, што сістэма адукацыі рэгіёна функцыянуе стабільна. Для далейшага паспяховага развіцця і дасягнення паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны ў 2022 годзе неабходна працягнуць забяспечваць выкананне пастаўленых задач у кантэксце рэалізацыі зацверджанай дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2021–2025 гг.

Завяршылася выніковая калегія ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання найлепшых устаноў адукацыі па выніках працы ў 2021 годзе.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая