RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сямейныя рэліквіі і знаходкі з палёў бітваў – у Магілёўскім раёне адкрылі экспазіцыю да 75-годдзя Перамогі

Музейную экспазіцыю, прысвечаную 75-годдзю Вялікай Перамогі, адкрылі сёння ў Вендаражскім дзіцячым садку – сярэдняй школе. Тут прадстаўлены сямейныя гісторыі і рэліквіі, а таксама знаходкі з палёў бітваў пры абароне Магілёва ў 1941 годзе.

У стварэнні пастаяннай выставы прынялі ўдзел педагагічны калектыў установы адукацыі, пошукавікі клуба «Віккру», навучэнцы школы і жыхары населенага пункта.

«У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты край быў партызанскім – многія жыхары нашага сельсавета былі ў партызанскіх атрадах, праводзілі падпольную працу, ваявалі на фронце. У памяць пра іх і іх подзвігі было прынята рашэнне стварыць музейную экспазіцыю, – расказаў дырэктар Вендаражскай дзіцячай сада-школы Вячаслаў Арлоўскі. – Над выставай працавалі нашы настаўнікі, дзеці і іх бацькі, неабыякавыя мясцовыя жыхары. Яны збіралі матэрыялы і фатаграфіі, прыносілі сямейныя рэліквіі, што дасталіся ім ад дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі. Большую частку прадстаўленых тут экспанатаў перадалі прадстаўнікі пошукавага клуба «Віккру» – каскі, разнастайныя прыналежнасці, фрагменты зброі і абмундзіравання. Усё гэта яны знайшлі сёлета на нашай зямлі падчас пошукавай экспедыцыі па лініі абароны Магілёва ў 1941 годзе».

Размясцілася выстава ў класе гісторыі. Першыя экскурсіі тут будзе праводзіць настаўнік гісторыі, а пазней у школе плануюць падрыхтаваць юных экскурсаводаў. «Яшчэ на этапе стварэння экспазіцыі дзеці праяўлялі да яе вялікую цікавасць. Задавалі пытанні, прыносілі з дома захаваныя рэчы, запісвалі гісторыі сваіх сем’яў. І мы спадзяёмся, што ў будучыні расказваць наведвальнікам ваенную гісторыю нашага краю і яго жыхароў будуць самі вучні», – адзначыў дырэктар.

З’яўленне экспазіцыі стала працягам працы па патрыятычным выхаванні моладзі – у 2019 годзе на тэрыторыі вучэбна-педагагічнага комплексу адкрылі сцяну памяці. Першапачаткова на ёй з’явілася 75 фотаздымкаў тых, хто ваяваў за Радзіму. Усе намаляваныя тут – жыхары Вендаражскага сельскага савета.

«Увесь гэты час праца над сцяной памяці не спынялася. Дзеці працягваюць шукаць фатаграфіі, запісваць гісторыі сваіх сем’яў, суседзяў і знаёмых. Цяпер у нас ужо больш за 100 прозвішчаў. Хочам сабраць з гэтага сваю кнігу памяці, якая будзе знаходзіцца ў школе, – адзначыў Вячаслаў Арлоўскі. – Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – важны момант у навучальным працэсе. Цяпер такі час, што многае забываецца, факты перакручваюць і скажаюць. Мы хочам данесці да нашых дзяцей сапраўдную гісторыю перамогі, каб яны ведалі, якой цаной дасталася продкам наша мірная краіна, каб яны памяталі і ганарыліся героямі, якія ваявалі за свабоду і незалежнасць сучаснай Беларусі».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая