RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сярэдняй школе ў Вендаражы прысвоена імя Героя Савецкага Саюза М. Я. Раманькова

Сярэдняй школе ў аграгарадку Вендараж Магілёўскага раёна прысвоена імя Героя Савецкага Саюза М. Я. Раманькова. Урачыстае мерапрыемства сабрала сёння ва ўстанове адукацыі прадстаўнікоў Магілёўскага райвыканкама, дэпутацкага корпуса, моладзевых і ветэранскіх арганізацый, родных героя, вучняў школы і мясцовых жыхароў.

Як адзначыў дырэктар Вендаражскай сярэдняй школы імя М. Я. Раманькова Вячаслаў Арлоўскі, прысваенне імя Героя Савецкага Саюза – значная і важная падзея ў жыцці не толькі школы, але і ўсяго Магілёўскага раёна. Міхаіл Раманькоў нарадзіўся 6 лютага 1926 года ў вёсцы Дубінка Магілёўскага раёна. У 1944 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Ён быў камандзірам разліку станковага кулямёта і за баявыя заслугі узнагароджаны ордэнам Славы III ступені, медалём «За адвагу». У чэрвені 1945 года яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая зорка». Памёр Міхаіл Раманькоў 9 ліпеня 1966 года і пахаваны на могілках у Магілёве.

«Сёння для нашай школы вельмі важная падзея – ёй аказаны вялікі давер і гонар насіць імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Ягоравіча Раманькова, нашага земляка. У нашай навучальнай установе стала ўжо добрай традыцыяй сур’ёзна аносіцца да патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Усе гэтыя гады мы робім многае для таго, каб выхаваць з нашых вучняў сапраўдных грамадзян і патрыётаў, якія любяць сваю радзіму, ведаюць і памятаюць яе гісторыю. Мы адкрылі музейную экспазіцыю, прысвечаную перамозе нашага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне, аформілі «сцяну памяці», прысвечаную землякам, якія аддавалі свае жыцці, заваёўваючы перамогу. Не так даўно мы адкрылі памятную дошку, прысвечаную Міхаілу Раманькову, а сёння наша школа стала насіць яго імя, – адзначыў дырэктар. – Мы дасягнулі высокай планкі і будзем працягваць працу па патрыятычным выхаванні моладзі, па захаванні гістарычнай памяці. І мы клянёмся, што будзем абараняць нашу памяць і нашу Радзіму».

Сярэдняя школа ў Вендаражы вядзе актыўную працу па вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі свайго раёна і яго жыхароў у гэтыя страшныя гады. А нядаўна ў школе з’явілася свая пошукавая група «Аўрора», кіраўніком якой стаў малады настаўнік хіміі і біялогіі Андрэй Турэмскі. «На базе нашай школы ў кастрычніку мінулага года з’явілася аб’яднанне па інтарэсах «Пошукавікі-даследчыкі» і, адпаведна, пошукавая група «Аўрора», якая ўваходзіць у склад Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». Актыўна да яе далучыліся вучні 14–16 гадоў. Мы будзем праводзіць працу з архівамі, распрацоўваць карты нашай мясцовасці, каб далей праводзіць пошукавую працу, – расказаў кіраўнік групы. – Мы ўжо знайшлі інфармацыю, што ў 1943 годзе тут размяшчаўся штаб Чырвонай Арміі і стаяла армія СС. Нашы чырвонаармейцы далі ім тут сур’ёзны адпор, фашысты не змаглі прарвацца да Магілёва і пайшлі ў бок Быхава. Зараз працуем з гэтай інфармацыяй. У ідэале, знайсці б аэрафотаздымкі таго часу, каб даведацца ўжо канкрэтнае размяшчэнне нашых частак. Пакуль дакладнага месца няма, але мы будзем працягваць гэтую працу. Каб знайсці, па магчымасці ўстанавіць імёны байцоў, якія да гэтага часу не вярнуліся з палёў бітваў».

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства ў Вендаражы сталі дзеці Міхаіла Раманькова: дачка і двое сыноў. Як падзялілася яго дачка, Валянціна Міхайлаўна Новікава, прысваенне імя бацькі сярэдняй школе – кранальная падзея. «У нашай сям’і мы беражліва захоўваем памяць аб нашым бацьку. Мы збіралі ўсе дакументы і фотаздымкі бацькі. А цяпер перадалі іх школе, дзе яны будуць захоўвацца ў музеі. Для нас гэта кранальны момант, і мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву школы, што вось так яно вырашыла захаваць памяць пра нашага бацьку, расказаць пра яго дзецям. Мы рады, што яны ў свой час змаглі нас знайсці, мы прыязджалі на адкрыццё памятнай дошкі. І сёння не маглі не прыехаць. Не кожны дзень імя бацькі прысвойваюць школе», – падзялілася жанчына.

Малодшы сын Сяргей Раманькоў, у сваю чаргу, пажадаў усім мірнага неба над галавой. «Каб дзеці раслі здаровымі і дужымі і былі сапраўднымі патрыётамі», – адзначыў ён.

На ўрачыстае мерапрыемства ў Вендаражскую сярэднюю школу прыехалі прадстаўнікі Магілёўскага ваеннага гісторыка-патрыятычнага клуба рэканструктараў «За савецкую радзіму» і вайсковай часці 63615. Яны прадэманстравалі зброю і ваенную форму часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Фіналам урачыстага мерапрыемства стала высадка яблыневага саду, які госці заклалі на тэрыторыі сярэдняй школы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая