RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сяргей Новікаў: «Мой голас – за стабільнае развіццё нашай краіны і беларускага спорту»

У Магілёўскай вобласці актыўна праходзіць датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёння свой голас за стабільнае развіццё нашай краіны і спорту аддаў біятланіст, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2010 года ў індывідуальнай гонцы, трохразовы чэмпіён зімовых Універсіяд, двухразовы чэмпіён Еўропы, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, а цяпер начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Сяргей Новікаў.

На выбарчы ўчастак № 112 горада Магілёва, які размяшчаецца на базе СШ № 6, ён прыйшоў у абедзенны час, а неабходнасць прагаласаваць датэрмінова выклікана сямейнымі абставінамі. «У выхадныя планую з’ездзіць да маці, у родны горад», – растлумачыў Сяргей Новікаў.

На яго думку, прыняць удзел у выбарах – гэта абавязак кожнага грамадзяніна. І, ставячы галачку насупраць таго ці іншага прозвішча, важна разумець, як у далейшым твой голас паўплывае на развіццё краіны.

«Для мяне ў прыярытэце – стабільны росквіт Беларусі, працяг абранага курсу, – падкрэсліў Сяргей Новікаў, – таму што бачу, як шмат робіцца для развіцця спорту. Ні адзін з відаў у нашай краіне не абдзелены. Будуюцца новыя сучасныя аб’екты інфраструктуры, праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, хлопцы пастаянна выязджаюць на зборы. Мне ёсць з чым параўнаць. І гэта розніца паміж умовамі, у якіх трэніраваліся, раслі спартсмены пасля развалу СССР, і цяперашнімі абставінамі – каласальная».

У прыватнасці, у Магілёўскай вобласці не спыняецца праца па стварэнні камфортнага асяроддзя для заняткаў прафесійным спортам і падтрымання здароўя насельніцтва. Зусім нядаўна адкрыўся новы біятлонны комплекс у Чавусах. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы вядуцца работы па будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Магілёўскім мікрараёне «Фаціна». Якраз сёння ідуць абмеркаванні планаў па развіцці паўднёвага ўсходу нашага рэгіёна да 2025 года. «Мы будзем уносіць прапановы па спартыўным напрамку, – адзначыў Сяргей Новікаў. – У адным з раёнаў плануецца пабудаваць басейн, маштабная рэканструкцыя чакае стадыён у Крычаве».

Начальнік упраўлення спорту і турызму дадаў, што да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах завершаць рамонт стадыёна, а да Дажынак прывядуць у парадак стадыён у Асіповічах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая