Урачыстае ўручэнне пашпартоў прайшло сёння ў Магілёве ў межах Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!». Галоўны ў жыцці дакумент атрымала каля 30 таленавітых прадстаўнікоў моладзі з усяго рэгіёна: выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця. На цырымоніі, якая адбылася ў Палацы культуры вобласці, прысутнічалі прадстаўнікі органаў мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, бацькі дзяцей.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц павіншаваў хлопцаў і дзяўчат З Днём Канстытуцыі, заўважыўшы, што менавіта яна заклала прававыя асновы пабудовы нашай дзяржавы. «Дакумент дае права кожнаму знайсці сябе ў жыцці, развівацца і самарэалізоўвацца на роднай зямлі. А ў тым, што Беларусь сёння такая прыгожая і прывабная – заслуга мінулых пакаленняў. І дасягнутае трэба шанаваць, памнажаць», – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Леанід Заяц адзначыў, што ў зале сабраліся найлепшыя прадстаўнікі школьнай моладзі, якія ўжо паспелі дамагчыся значных поспехаў у вучобе і грамадскай дзейнасці. А таму разумеюць, што ўсё значнае дасягаецца вялікай працай. «Наперадзе ў вас самыя актыўныя гады жыцця, – сказаў старшыня аблвыканкама. – Выкарыстоўвайце іх на карысць краіны».
«Уручэнне пашпартоў у Дзень Канстытуцыі стала добрай традыцыяй, – адзначыў Леанід Заяц. – Гэта пропуск у дарослае жыццё, дзе трэба не проста звацца грамадзянінам, але і быць патрыётам, пацвярджаць званне добрасумленнай працай», – канстатаваў ён.
Кіраўнік рэгіёна пажадаў дзецям здароўя, а іх бацькам – радасці і гонару за далейшыя поспехі дзяцей. Леанід Заяц уручыў школьнікам пашпарты і падарункі на памяць аб важным дні – маляўнічае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і Канстытуцыю.
Выступаючы ад імя таленавітай моладзі Прыдняпроўскага краю, вучань 8 класа СШ № 2 г. Чэрыкава Мікалай Раманаў у першую чаргу адрасаваў словы падзякі бацькам. Ён таксама выказаў упэўненасць, што кожны з тых, хто сабраўся ў зале, любіць месца, дзе нарадзіўся. «Наперадзе ў нас цэлае жыццё, якое мы напоўнім поспехамі ў вучобе, ініцыятывамі, прафесіяналізмам. Усё гэта дазволіць захаваць вялікую спадчыну беларусаў, сумленна несці па жыцці званне грамадзяніна краіны і зрабіць родны куток больш прыгожым», – падсумаваў Мікалай Раманаў.
У сваю чаргу, звяртаючыся да моладзі ад бацькоў, настаўнік СШ № 1 г. Бабруйска Святлана Зуева падкрэсліла: «Вы нарадзіліся ў цудоўнай краіне, з велізарнай гісторыяй, якая абапіраецца на подзвігі дзядоў і прадзедаў, іх мудрасць. Працягвайце іх справу. Будзьце годнымі грамадзянамі сваёй краіны, бо ўсё, што робіцца сёння, робіцца для вас. У нас цудоўная адукацыя, медыцына, развіваецца культура. Усе дзверы адчынены. А мы – вашы бацькі, дзяржава – падтрымаем, працягнем руку дапамогі. Захоўвайце незалежнасць Беларусі, праслаўляйце краіну на міжнароднай арэне. Вашы поспехі – не апошнія, гэта толькі старт. Зрабіце правільны выбар прафесіі і працуйце на карысць Радзімы, грамадства і дзяржавы».
Усебеларуская патрыятычная акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!» праходзіць у краіне 12–15 сакавіка. Яна заняла годнае месца ў гісторыі маладой беларускай дзяржавы. Ідэйным натхняльнікам праекта з 2004 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Акцыя заклікана акцэнтаваць увагу 14-гадовых падлеткаў на такой значнай у іх жыцці падзеі, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама стварыць умовы для ўсведамлення юнакамі і дзяўчатамі сэнсу і значнасці сваёй дзейнасці як грамадзяніна.
Вольга Емельянава, фото Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15