RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тэхнагенным катастрофам не павінна быць месца на зямлі – Леанід Заяц

Тэхнагенным катастрофам не павінна быць месца на зямлі. Такое меркаванне выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падчас урачыстага мітынгу ў Касцюковічах, прысвечанага 34-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Тэхнагенным катастрофам не павінна быць месца на зямлі. Выбух на Чарнобыльскай АЭС – чорная паласа ў біяграфіі нашай краіны. Сёння мы сабраліся тут, каб аддаць даніну павагі ўсім, хто сутыкнуўся з нябачным і яшчэ не да канца вядомым на той час ворагам – радыяцыяй. Пажарныя, супрацоўнікі міліцыі і ДАІ, навукоўцы, медыкі і простыя грамадзяне праявілі мужнасць у выратаванні людзей і краіны, – падзяліўся Леанід Заяц. – У Беларусі на дзяржаўным узроўні асаблівую ўвагу надаюць развіццю паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці як адным з самых пацярпелых. Газіфікуюцца пасёлкі, будуецца жыллё і сацыяльна-культурныя аб’екты, паляпшаецца дарожная сетка. Мы працягваем жыць, назаўсёды захаваўшы ў нашай памяці гісторыю Чарнобыля».

Адным з удзельнікаў памятнага мітынгу стаў Аляксандр Зімавой – ліквідатар наступстваў выбуху на ЧАЭС. У 1986 годзе мужчына працаваў у 30-кіламетровай зоне вакол атамнай станцыі. «Мне было ўсяго 22 гады – самы малады супрацоўнік ДАІ Касцюковіцкага РАУС. Прайшло ўсяго 5 дзён пасля майго вяселля, як я быў адкамандзіраваны ў Чарнобыль, у 30-кіламетровую зону. У нашы абавязкі ўваходзілі дазіметрычны кантроль транспарту, яго дэзактывацыя і эвакуацыя грамадзян. Мы тады дрэнна ўяўлялі і не разумелі, што гэта такое – радыяцыя. Бо нічога не відаць і не чуваць. Але праз некалькі дзён у зоне мы адчулі яе на смак – у роце з’явіўся металічны прысмак, – падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Зімавой. – Сённяшні дзень – гэта даніна памяці тым, хто мужна і стойка змагаўся з радыяцыяй. А таксама спосаб нагадаць, як важна не дапускаць тэхнагенных катастроф, таму што іх наступствы даводзіцца пераадольваць не аднаму пакаленню».

Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС жыхары 41 населенага пункта Касцюковіцкага раёна былі адселеныя, а вёскі пахаваныя. Усяго ў Магілёўскай вобласці праз радыеактыўнае забруджванне пасля выбуху на ЧАЭС былі адселеныя жыхары 485 населеных пунктаў, трэць зямель рэгіёна стала непрыдатнай для жыцця.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая