RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ток-шоу «Меркаванні» ў МДУ імя А. А. Куляшова: студэнты ВНУ рэгіёна пагутарылі са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыем Харытончыкам

Ток-шоу «Меркаванні» адбылося сёння ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова. У дыскусіі, прымеркаванай да Дня студэнта, прынялі ўдзел навучэнцы ВНУ рэгіёна і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, перадае карэспандэнт сайта.

«Сустрэчы з моладдзю заўсёды прыемныя і рэзультатыўныя, – адзначыў, адкрываючы палілог, Дзмітрый Харытончык. – Студэнцкія гады – адзін з найбольш актыўных перыядаў у жыцці, і каштоўны ён тым, што ў гэты час фарміруецца характар і светапогляд. Таму гутаркі такога фармату важныя. Яны даюць магчымасць расказаць маладым людзям аб асновах функцыянавання органаў улады ў краіне, а хлопцам і дзяўчатам падзяліцца сваімі ідэямі, праектамі і праблемамі».

У прыватнасці, Дзмітрый Харытончык расказаў студэнтам аб структуры Саветаў дэпутатаў і асноўных напрамках іх дзейнасці, зрабіўшы асаблівы ўпор на тое, што дэпутаты з’яўляюцца народнымі прадстаўнікамі. Маладых людзей, у сваю чаргу, цікавіла, чаму так мала моладзі ў складзе дэпутацкага корпуса. «Сапраўды, з 55 дэпутатаў абласнога Савета толькі 2 ва ўзросце да 30 гадоў, – пацвердзіў Дзмітрый Харытончык. – Гэта звязана з тым, што выбары мясцовых Саветаў – складаны працэс, дзе адыгрывае ролю актыўная жыццёвая пазіцыя кандыдатаў у дэпутаты, уменне пераконваць, давер людзей і пазнавальнасць. Усё гэта – вынік вопыту, ведаў і дасягненняў».

На думку старшыні абласнога Савета дэпутатаў, адным з пачатковых варыянтаў іх напрацоўкі можа стаць Моладзевы парламент, члены якога актыўна ўдзельнічаюць у жыцці грамадства, ініцыіруюць добрыя і карысныя справы. Акрамя таго, любы неабыякавы да жыцця краіны, рэгіёна малады чалавек можа звярнуцца да дэпутатаў са сваёй ідэяй, канструктыўнай прапановай і абавязкова будзе пачуты.

Падчас ток-шоу студэнты пыталіся, ці ёсць у Саветах дэпутатаў практыка заахвочвання грамадзян, якія актыўна праяўляюць сябе ў грамадскай рабоце. Маладыя людзі расказвалі аб сваім шляху ў выбары прафесіі, дасягненнях. Іх таксама цікавілі перспектывы развіцця беларускай навукі.

У завяршэнне мерапрыемства хлопцы і дзяўчаты змаглі прыняць удзел у акцыі «Дзякую»: указаўшы адрас пражывання, напісаць на паштоўцы словы падзякі за дапамогу і падтрымку любому чалавеку. Не засталіся без увагі і дзяўчаты з імем Таццяна. У гонар свята яны атрымалі ад Дзмітрыя Харытончыка сувеніры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая