RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Трактарыст-машыніст СВК «Калгас “Радзіма”» Мікалай Дарэчкін падчас УНС звярнуў увагу на неабходнасць руплівага выкарыстання сельгасзямель

Трактарыст-машыніст СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна Мікалай Дарэчкін падчас выступлення на Усебеларускім народным сходзе звярнуў увагу на неабходнасць руплівага выкарыстання сельскагаспадарчых зямель.

«Сеяць на зямлі трэба тое, што на ёй вырасце. Кіраўнікі гаспадарак павінны самі вырашаць, што вырабляць на сваёй зямлі, але, вядома, з улікам эканамічных інтарэсаў дзяржавы», – падкрэсліў ён.

Таксама Мікалай Дарэчкін закрануў праблему, якая хвалюе і калег з іншых рэгіёнаў, – недахоп кадраў у сферы АПК, замацаванне моладзі на вёсцы. «Тут я б хацеў звярнуцца да кіраўнікоў розных узроўняў, прасіць іх памятаць, што рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш. І калі не падтрымаць моладзь, не стварыць на першым часе годныя ўмовы для працы і адпачынку, ніякія заклікі і лозунгі на вёсцы не затрымаюць. Маладым трэба даць магчымасць працаваць і зарабляць на годнае жыццё», – канстатаваў трактарыст-машыніст.

Напрыклад, у СВК «Калгас “Радзіма”» кадры рыхтуюць ужо са школьнай парты. Калгас плаціць стыпендыі выдатнікам вучобы, умацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу мясцовай школы, накіроўвае яе выпускнікоў на вучобу ў ВНУ. На яе працягу вылучае такім студэнтам стыпендыі, а па вяртанні ў калгас стварае добрыя ўмовы для працоўнага старту. На працягу першых двух гадоў працы за маладым спецыялістам аплачваюцца пражыванне, камунальныя паслугі, у выглядзе пад’ёмных выдаецца пазыка ў памеры Br2,5 тыс. Калі малады чалавек адпрацоўвае ў гаспадарцы 5 гадоў, вяртаць гэтыя грошы не трэба.

«Мы ганарымся тым, што моладзь застаецца ў нашым калгасе, – падкрэсліў Мікалай Дарэчкін. – Сярэдні ўзрост работніка СВК – 44 гады. 36 працаўніц гаспадаркі знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Значыць маладыя сем’і пускаюць карані на роднай зямлі!».

Яшчэ адно важнае пытанне, на якое, на думку Мікалая Дарэчкіна, ураду варта звярнуць увагу, – перагляд памеру пенсій для тых, хто адпрацаваў шмат гадоў на пасадзе старшыні сельгасарганізацыі і ўнёс вялікі ўклад у развіццё гаспадаркі.

Гаворачы аб сваёй роднай гаспадарцы, Мікалай Дарэчкін канстатаваў: калектыў неаднаразова займаў прызавыя месцы ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Тройчы гаспадарцы аб’яўлялася Падзяка Прэзідэнта. «Сярэдняя заработная плата ў Br1 тыс. – гэта ўжо не навіна для нашага калектыву, – расказаў трактарыст-машыніст. – Нам пашанцавала: кіраўніцтва СВК ніколі не застаецца ў баку ад клопатаў вяскоўцаў, бо разумее, што за кожным вынікам стаіць сучасная тэхніка, тэхналогія, але ў першую чаргу – чалавек».

СВК «Калгас “Радзіма”» ўступіў у новую пяцігодку ў добрым настроі, з жаданнем працаваць і дамагацца новых поспехаў. На сённяшні дзень на 100 % падрыхтавана да новага сезона корманарыхтоўчая і збожжаўборачная тэхніка. Маецца і невялікі фінансавы запас, які дазваляе рэгулярна абнаўляць матэрыяльную базу гаспадаркі. «Але ўсё тое, што мы маем, – гэта не падарунак з нябёсаў. Мы маем дастатак ад таго, што ўмеем і хочам працаваць!»,– адзначыў Мікалай Дарэчкін.

Ён заўважыў, што кіраўніцтва краіны надае вялікую ўвагу развіццю малых гарадоў, і жыхары глыбінкі гэта шануюць. У 2020 годзе Бялынічы прымалі рэспубліканскі Дзень беларускага пісьменства. Да свята былі адрамантаваны аб’екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, жылфонд. Райцэнтр змяніўся, стаў больш утульным і прыгожым.

«Як вядома, у кожнага беларуса, сям’і ёсць свая мера шчасця. Але ёсць і агульныя каштоўнасці – гэта мір і спакой, – падкрэсліў Мікалай Дарэчкін. – У гэты няпросты для краіны час дзякуючы моцнай уладзе разам мы змаглі вярнуць бяспеку на вуліцы, захаваць суверэннасць нашай дзяржавы. Я сёння кажу ад імя вяскоўцаў (а яны заўсёды былі мудрымі людзьмі): мы адзіныя, і ўсё намечанае намі безумоўна збудзецца!»

Вольга Емельянава

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая