RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Трактарыст-машыніст з Магілёўскага раёна Дзмітрый Майсееў — аб рабоце хлебароба і стымулах для моладзі

Па прыкладзе бацькі-працаўніка

Трактарыста-машыніста ААТ «Магілёўскі лянок» Дзмітрыя Маісеева калегі называюць віртуозам: валодае ўсімі відамі сельгастэхнікі, добра разбіраецца ў кампутарах, арэ і сее з ювелірнай дакладнасцю. Па словах самога Дзмітрыя Валер'евіча, быць думаючым механізатарам яму дапамагае вышэйшая адукацыя - 15 гадоў назад атрымаў дыплом інжынера-механіка ў сельгасакадэміі.

- Зразумеў, што камандаваць іншымі - не маё, калі сам магу зрабіць гэтую працу лепш, - Дзмітрый Маісееў прызнаецца, што гарадская мітусня яму таксама не па душы прыйшлася. - Спрабаваў сябе і на будоўлі, і ахоўнікам прапаноўвалі, але калі ногі не хочуць ісці на працу, то ніякіх грошай не захочаш. У нас жа з жонкай Вольгай ёсць кватэра ў горадзе, а тут, у Грыбанах, гаспадарка дала хату. Каб быць са мной побач, яна вывучылася на бухгалтара, а потым яшчэ на юрыста, зараз у нас у «Магілёўскім лянцы» працуе.

Для інтэрв'ю з механізатарам падладжваліся пад яго графік - строга ў абедзенны перапынак. А восьмай раніцы ён ужо ў полі, пасля васьмі вечара яшчэ ў полі - і так без выхадных. Вясна выдалася ранняя, у такім рэжыме ўжо з канца красавіка. А як інакш, травы падаспелі - самая фаза для ўборкі. Карма - гэта малако, а значыць, зарплата. Дзмітрый па-гаспадарску аглядае ўсе вузлы ў дзевяціметровай касілцы перад тым, як ірвануць у поле, зразаючы шырокую стужку травастою:

- Цяпер момант ісціны для механізатараў, усё вырашаюць тэмп і якасць. На кожную культуру трэба наладзіць з дакладнасцю да сантыметра вышыню зрэзу. У поле таксама важна быць асам у фігурным ваджэнні: паспрабуйце на такой махіне разгарнуцца так, каб узараць сапраўды па перыметры і скасіць усё да апошняй травінкі.

Дзмітрый з тэхнікай на «ты» з дзяцінства: бацька ўсё жыццё прапрацаваў механізатарам, а сын Расціслаў таксама абраў пакліканне па мужчынскай лініі - паступае ў аграрны каледж.

- Ён у мяне пад два метры ростам, кажу: «Можа, у МНС пойдзеш?» Але, мабыць, у нас у генах закладзена, што роў матора трактара грэе душу. Я б таксама мог стаць праграмістам, добра разбіраюся ў камп’ютарах, але на сядзячай працы ўвогуле сябе не ўяўляю.

Колькі на рахунку вопытнага механізатара прызавых месцаў на «Дажынках», конкурсах аратых, ганаровых грамат, ён і не палічыць. Адна з апошніх узнагарод - падзяка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Дзмітрый Валер'евіч з ліку тых людзей, аб якіх Прэзідэнт сказаў на нядаўнім Форуме медыйнай супольнасці Беларусі: «Здзяйсняе подзвігі і нас корміць».

- Для чалавека вельмі важна быць патрэбным людзям, каб яго працу шанавалі, - разважае Дзмитрый. - Калегі паважаюць, бацькі і дзеці ганарацца. Няўжо не ў гэтым шчасце? Зарплата вартая, ёсць надбаўкі за перапрацоўку і якасць. Калі няма парушэнняў працоўнай дысцыпліны, кожны месяц даюць мяса-малочную прадукцыю на сто рублёў. Яшчэ ёсць сажалка ў гаспадарцы з карпамі і таўсталобікамі, для работнікаў рыбалка амаль бясплатная, быў бы час вольны. Увага да чалавека працы - гэта велізарны стымул для нас.

Дзмітрый Маісееў родам з гэтых мясцін, перажывае за вёску і сам заводзіць размову аб галоўнай праблеме — як прыцягнуць моладзь да працы на зямлі:

— У нас у «Магілёўскім лянку» 20 працаўнікоў да 31 года, два маладыя спецыялісты на адпрацоўцы і яшчэ адзін мясцовы хлопец ужо замацаваўся, кватэру хутка атрымае. У Палыкавічах, лічы ў горадзе, гаспадарка будуе 10 кватэр. Зарплата, жыллё - з гэтым усё ў парадку. Але я па сваім досведзе жадаю сказаць, што ў праекце «Вёска будучыні» трэба больш надаць увагі вольнаму часу моладзі. У нас у Макаранцах раней на стадыёне быў мотабол і нават картынг, удзельнічалі ў спаборніцтвах, на роварах па горках скакалі. Я, дарэчы, кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы. Унукі да бабуль спецыяльна з горада прыязджалі. Моладзь прыцягваць трэба, мы самі яе ўпускаем.

У поле механізатарам прывозяць абеды і вячэры, у спякоту - мінералку. Але Вольга асабіста прыносіць мужу ў поле ссабойку.

- Больш за ўсё любіць мае чабурэкі і дранікі, - Вольга прызнаецца, што і сама раней не думала, што яна, гарадская, так прыкіпіць душой да вёскі. - Мы ўжо выкупілі домік, які нам гаспадарка прадаставіла, значыць, мы тут назаўжды. Агарод невялікі, але ў бацькоў Дзімы ў суседняй вёсцы вялікая гаспадарка, дапамагаем. Не таму, што купіць не можам, а неяк гэта не па-вясковаму - за бульбай у краму хадзіць. Мне здаецца, што ў выхаванні сыноў самае галоўнае - прыклад бацькі-працаўніка, тады сапраўдны чалавек вырасце.

Па машынах! Паўза была нядоўгай. Як жартуе галоўны аграном, механізатараў-асаў, такіх як Дзмітрый Маісееў, і на заходзе з поля не выгнаць. Гэта вам не ў офісах: усё глядзяць на гадзіннік, калі скончыцца працоўны дзень. Тут глядзяць на неба, каб дождж не ставіў палкі ў колы. Дзмітрый Маісееў, ужо заводзячы матор свайго «Беларуса», разважае пра галоўнае:

- Для мяне самая вялікая каштоўнасць - мір, а наша краіна і так квітнее. У мяне двое сыноў, праз пару гадоў пойдуць у войска, і, вядома, для бацькоў важней за ўсё, што ў нас, як сказаў Прэзідэнт, «ваююць» на эканамічным фронце. Пасля касавіцы ў мяне ворыва, сяўба азімых, уборка кукурузы - і так да лістапада. Тут касцяк дасведчаных механізатараў, якія, як і я, прагныя да працы. Кожны робіць уклад у харчовую бяспеку. Гэтак жа, як і працоўныя на заводзе, якія сабралі мой трактар. Шчасце для мяне ў тым, што калі стомлены кладуся спаць, то разумею: я не марна пражыў гэты дзень.

Елена Кукшинская, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая