RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Трэці працоўны семестр 2021 года ўрачыста адкрылі на плошчы Славы ў Магілёве

Урачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра 2021 года адбылося сёння ў Магілёве. Мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў абласной выканаўчай улады, гарадскіх і раённых штабоў студэнцкіх атрадаў, штабоў працоўных спраў устаноў адукацыі, камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў, першых сакратароў тэрытарыяльных камітэтаў ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» прайшло на плошчы Славы. Удзельнікі ўсклалі кветкі да Вечнага агню, прынялі віншавальныя і на дарогу словы ад ганаровых гасцей. Пасля студатрадаўцы накіраваліся ў парк Падміколле на працоўную акцыю, дзе заняліся паліваннем раслін. Завяршыла мерапрыемства экскурсія па тэрыторыі Свята-Мікольскага жаночага манастыра.

– Глыбока сімвалічна, што адкрыццё працоўнага семестра праходзіць напярэдадні дзвюх важных святочных дат – Дня моладзі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, – падкрэсліў, адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. – Сёння Беларусь – краіна, з якой лічацца і якой многія зайздросцяць. Нашы прадпрыемствы працуюць, тавары ведаюць ва ўсіх кутках свету. Мы цалкам забяспечваем сябе харчаваннем і пастаўляем прадукты харчавання за мяжу. І, несумненна, моладзь – стратэгічны рэсурс развіцця краіны. За вамі – будучыня. Вы – магутная сіла, якая спрыяе сацыяльнаму і эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы», – адзначыў ён, звяртаючыся да прысутных.

Валерый Малашка нагадаў, што ў рэгіёне арганізавана мэтанакіраваная праца з маладымі спецыялістамі, якая прадугледжвае гарантыю першага працоўнага месца выпускнікам дзяржаўных устаноў адукацыі пры навучанні за кошт бюджэтных сродкаў, браніраванне працоўных месцаў для моладзі, якая ўпершыню шукае працу ва ўзросце да 21 года, пераважнае права пры арганізацыі навучання па напрамку органаў па працы, занятасці і сацабароне, а таксама працаўладкаванне на субсідаваныя часовыя працоўныя месцы для атрымання навыкаў практычнай працы. Усё гэта прыносіць свае вынікі: у нашай краіне адзін з самых нізкіх узроўняў беспрацоўя моладзі ў свеце.

«Вам выпаў гонар у вольны ад вучобы час папрацаваць на важных для краіны аб’ектах, канкрэтнай справай даказаць, што моладзь Беларусі – мэтанакіраваныя, неабыякавыя да лёсу краіны людзі, гатовыя справай, а не пустымі словамі вызначаць нашу мірную будучыню, – упэўнены намеснік старшыні аблвыканкама. – Студэнцкае жыццё – гэта не толькі вучоба, але і зносіны, працоўная і культурная дзейнасць. Упэўнены, вы вытрымаеце выпрабаванне на трываласць, надзейнасць, сяброўства, і ўсё добрае, што зробіце, будзе служыць людзям доўга. Захоўваць і памнажаць дасягненні нашай краіны вам, маладым. Будзьце вартыя гераічнай спадчыны нашых продкаў, ганарыцеся і рабіце ўсё магчымае, каб праз гады вамі таксама ганарыліся вашы дзеці».

Валерый Малашка пажадаў маладым людзям здабыць сяброў, веру ў сябе, атрымаць каштоўны прафесійны, кіраўнічы вопыт і ўручыў пуцёўкі для працы на сацыяльна значных аб’ектах Магілёўскай вобласці тэрытарыяльным штабам студэнцкіх атрадаў і прадстаўнікам студатрадаў.

У сваю чаргу першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Паўлоўскі ўручыў Валерыю Малашку ганаровы знак беларускіх студэнцкіх атрадаў.

«Праца ў студатрадзе – гэта самыя яркія, радасныя і запамінальныя дні, – заўважыў ветэран студатрадаўскага руху, заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь Анатоль Кавалёў, якому двойчы даводзілася працаваць на будоўлях Беларусі і двойчы ва Уральскай вобласці Казахстана. – Упэўнены, вы набудзеце вытворчы вопыт, у нас з’явяцца сябры на ўсё жыццё».

«На сённяшні дзень у рэгіёне адпрацавалі і яшчэ працуюць 74 атрады колькасцю 944 чалавекі, – расказаў камісар Магілёўскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Алег Бойка. – Моладзь занята ў аздараўленчых лагерах, на вытворчых і будаўнічых аб’ектах, дапамагае леса- і сельскагаспадарчым прадпрыемствам».

«Мы ўжо працаўладкавалі выязны студэнцкі атрад «Усход». Маладыя людзі працуюць у горадзе Анапа, – адзначыў суразмоўца. – Яны занятыя на кухні, працуюць афіцыянтамі. Таксама сёння запланаваны выезд студэнцкага будаўнічага атрада ў Маскоўскую вобласць. Моладзь два месяцы будзе занятая на будаўнічых аб’ектах мабільных кадраў Расіі».

У цэлым за межамі Магілёўскай вобласці плануецца працаўладкаваць больш за 60 чалавек. Тры вытворчыя атрады студэнтаў з БРУ, БДСГА, БГУТ будуць працаваць на аб’ектах ААТ «Атлант». Таксама нашы дзеці адправяцца на сацыяльныя аб’екты Беларускай атамнай электрастанцыі ў горадзе Астравец. 12 бабруйчан ужо падалі заяўкі на ўдзел у рэспубліканскім сельскагаспадарчым працоўным праекце «Талачын-2021».

Абласной маладзёжнай будоўляй 2021 года аб’яўлены кардыяхірургічны корпус Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. У ліпені тут будзе задзейнічана 20 студэнтаў. Таксама ў ліку важных для рэгіёна аб’ектаў – будаўніцтва школы ў Бабруйску (студэнты там ужо працуюць) і рамонт дзіцячага садка ў горадзе на Бярэзіне.

«У кожным раёне студатрадаўцы будуць занятыя на найбольш значных аб’ектах і прадпрыемствах. Напрыклад, ёсць запыты на Быхаўскім кансервава-агароднінасушыльным заводзе, Кіраўскім харчовым камбінаце», – канстатаваў Алег Бойка.

Ён падкрэсліў, што моладзь будзе не толькі працаваць. З кожным атрадам складзены план выхаваўчай работы. Пасля працоўнага дня запланаваны інтэлектуальныя, культурныя, спартыўныя мерапрыемствы.

 

Вольга Емельянава, фото Галіны Гаўрыловіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая