RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Турыстычны комплекс Бабруйскага раёна зноў прызнаны найлепшай у Беларусі зонай адпачынку ля вадаёма

Турыстычны комплекс Бабруйскага раёна зноў прызнаны найлепшай у Беларусі зонай адпачынку ля вадаёма. «Наша месца» стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу на самае лепшае ўладкаванне і ўтрыманне месцаў карыстання павярхоўнымі воднымі абъектамі для рэкрэацыі, спорту і турызму. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Туркомплекс «Наша месца» знаходзіцца на беразе старога пясчанага кар’ера недалёка ад пасёлка Тугаліца. Ён падзелены на дзве асноўныя зоны – актыўнага адпачынку і рэлаксу. Тут ёсць дзіцячая пляцоўка, месца для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў і святаў, гандлёвая кропка. Дзейнічае пракат катамаранаў, квадрацыклаў і прагулачных лодак. Дарэчы, у 2017 годзе гэта зона адпачынку ўжо станавілася найлепшай у краіне па выніках аналагічнага конкурсу. А ў 2019-м перамога дасталася таксама прадстаўнікам Магілёўскай вобласці. Тады Круглянскую ПМК № 266 узнагародзілі дыпломам першай ступені і грашовай прэміяй за ўладкаванне і ўтрыманне месца масавага адпачынку на сажалцы ў в. Грыбіна.

Як адзначылі суразмоўцы, штогод для забеспячэння камфортнага знаходжання людзей на водных аб’ектах у кожным раёне вобласці праводзіцца работа па падрыхтоўцы месцаў адпачынку ля вады. Яны ўладкоўваюцца альтанкамі, лаўкамі, скрынямі і кантэйнерамі для смецця, туалетамі, падрыхтоўваюцца стаянкі для аўтатранспарту. Сёлета ў рэгіёне да летняга сезона было ўладкавана 87 месцаў масавага адпачынку насельніцтва на водных аб’ектах.

Фото - mogilevpriroda.gov.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая