RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёна ўвялі ў строй шматкватэрны дом. Ключы атрымала 80 сем’яў

Чырвоную стужачку ля шматкватэрнага дома сёння перарэзалі ў аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёна. Падарунак да 7 лістапада ў выглядзе запаветных ключоў атрымала 80 сем’яў, 60 з якіх – шматдзетныя.

Катульскім яшчэ трэба будзе рамонт. Спецыяльна бралі кватэру без аздаблення, каб усё зрабіць на свой густ. Але яны настроеныя па-баявому – калі ў сям’і столькі рук, справа не застапарыцца.

– Не перадаць словамі, як мы рады пашырэнню, – усміхаецца шчаслівая Наталля. – Амаль 15 гадоў таму мы з мужам і дачкой засяліліся ў свае першыя 57 «квадратаў», і тая кватэра (яна, дарэчы, за тры хвіліны хады адсюль) здавалася нам проста велізарнай. Але з часам нарадзіліся яшчэ трое дзяцей, нам стала цесна. Вялікім плюсам новага жылля назаву прылеглую тэрыторыю. Дзеткі проста пішчаць ад захаплення пры выглядзе шматлікіх гульнявых і спартыўных пляцовак.

Сапраўды. За два гады на месцы пусткі вырас не толькі шматкватэрны дом. Да паслуг жыхароў усяго аграгарадка – зона адпачынку для бацькоў і дзяцей рознага ўзросту, спартыўныя пляцоўкі для баскетбола, валейбола і варкаўта, сілавыя трэнажоры. У жылым комплексе, які ўжо называюць «двор без машын», шмат зялёных насаджэнняў і ўсяго 4 парковачныя месцы для інвалідаў і спецтранспарту.

– Штогод узводзім у раёне 2-3 шматкватэрныя дамы, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Магілёўскага райвыканкама Уладзімір Ігнатаў. – Сёлета будуем такія яшчэ ў Буйнічах і Рэчках, але, калі шчыра казаць, самы прыгожы атрымаўся ў Палыкавічах. Ішлі да гэтага праекта каля двух гадоў. Справа ў тым, што ў аграгарадку не хапала спартыўных аб’ектаў. Мясцовыя жыхары звярнуліся ў райвыканкам з просьбай, каб ім дазволілі зрабіць спартыўную пляцоўку, а да гэтага яны за свае сродкі ўстанавілі футбольныя вароты. Тады мы вырашылі ў два этапы пабудаваць дом з шыкоўным добраўпарадкаваннем. І не пралічыліся – аб’екты запатрабаваныя. Як толькі ўсё было гатова і на пляцоўках заслалі бяспечнае пакрыццё, дзетвара з усёй акругі адтуль літаральна не вылазіць.

Пры гэтым варта адзначыць, што ў Магілёўскім раёне ўсё ж пераважае ўзвядзенне сядзібнай жылой забудовы.

– Мы лідары ў рэгіёне па даных тэмпах. Будуем каля 300 аднакватэрных дамоў на год, – удакладняе Уладзімір Уладзіміравіч. – Робіцца гэта для таго, каб не дапусціць масавай міграцыі людзей з аддаленых куткоў раёна ў блізкія да абласнога цэнтра населеныя пункты і як вынік – не пакінуць абяскроўленымі нашы аграрныя прадпрыемствы.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая