RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Александрыйскай сярэдняй школе будуць рыхтаваць трактарыстаў-машыністаў

Пачатак новага навучальнага года адзначыўся для педагогаў і навучэнцаў Александрыйскай сярэдняй школы не толькі пачаткам навучальнага працэсу, але і другой прыемнай падзеяй. Мінскі трактарны завод на бязвыплатнай аснове перадаў установе адукацыі трактар МТЗ-82У для прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў на ўроках працоўнага навучання.

«У адпаведнасці з тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі пры вывучэнні навучэнцамі 10–11 класаў вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне» прадугледжана рэалізацыя адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых). Яе асноўнай мэтай з’яўляецца прадастаўленне магчымасці атрымаць на занятках прафесійныя ўменні і навыкі, асвоіць пэўную прафесію. Прымаючы пад увагу пражыванне ў сельскай мясцовасці і размяшчэнне на тэрыторыі найбуйнейшага ў раёне сельгаспрадпрыемства, мы вырашылі развіваць сельскагаспадарчы кірунак, – расказаў перадгісторыю дырэктар Александрыйскай сярэдняй школы Аляксандр Бобрыкаў. – Улічваючы запыты навучэнцаў, ажыццяўляць іх падрыхтоўку будзем па прафесіі «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці». Адпаведна, для навучання патрэбна тэхніка, і вось мы яе атрымалі. Перададзены нам навучальны трактар МТЗ-82 ужо ў завадскіх умовах падрыхтаваны да навучання. Ён абсталяваны дадатковым сядзеннем для інструктара, другім камплектам педаляў і прайшоў абкатку. А гэта значыць, што ніякіх дадатковых выдаткаў у нас не будзе».

Адказна да працэсу прафесійнай падрыхтоўкі падышлі і ў самой школе. Па словах Аляксандра Бобрыкава, ужо набыты навучальны комплекс Правілаў дарожнага руху, вядуцца працы па падрыхтоўцы дадатковай вучэбнай майстэрні. Таксама ў планах уладкаваць трактарадром. Два спецыялісты прайшлі навучанне ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі.

Вучэбнай праграмай прадугледжаны вучэбныя гадзіны на тэарэтычнае навучанне, вытворчае навучанне, у тым ліку і вытворчую практыку. Навучэнцы, якія паспяхова завяршылі курс навучання і здалі кваліфікацыйны экзамен, атрымліваюць пасведчанне падрыхтоўкі вадзіцеля колавых трактароў. Праграма не прадугледжвае дзялення вучняў па гендарнай прыкмеце. Фарміраванне навучальных груп ажыццяўляецца па прафесіях, незалежна ад полу дзіцяці. Пры гэтым Аляксандр Бобрыкаў адзначае, што попыт на навучанне, здавалася б, мужчынскай прафесіі, узрастае сярод дзяўчат. Аляксандр Іванавіч назваў і перавагі такога навучання: «Па-першае, навучэнцы пасля атрымання пасведчання трактарыста-машыніста могуць пераздаць кіраванне ў ДАІ і атрымаць правы катэгорыі «В». Гэта эканомія і сямейнага бюджэту, і часу. Па-другое, выпускнікі адразу пасля заканчэння школы змогуць прыступіць да працоўнай дзейнасці».

Асвойваць прафесію «трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці» на базе Александрыйскай сярэдняй школы вучні будуць ужо з наступнага навучальнага года. Прычым навучацца змогуць і прадстаўнікііншых устаноў адукацыі, у першую чаргу– найбліжэйшых. Аляксандр Бобрыкаў не выключае магчымасці заключэння дагавораў аб прафесійнай падрыхтоўцы рабочых арганізацый на платнай аснове. Ну а пакуль хлопцы і дзяўчаты з цікавасцю разглядаюць атрыманы падарунак. А сам трактар выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб на школьным участку.

shklovinfo.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая