RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Асіповічах адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу

У Асіповічах урачыста адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Размясціўся ён на вуліцы Загараднай.

Тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі знайшлі сваю сям’ю і клапатлівых бацькоў. Марыя і Аляксей Бібетка разам з дзецьмі ўжо паспелі трохі абжыцца на новым месцы, паколькі засяліліся ў прадастаўлены дзяржавай будынак у сярэдзіне жніўня. Муж і жонка – псіхолагі, што толькі спрыяе наладжванню адносін з дзецьмі. Марыя працавала ў Дараганаўскай школе і яслях-садзе № 10, а Аляксей –сацыяльны педагог СШ № 1, таму вопыт зносін з хлопчыкамі і дзяўчынкамі маюць даволі багаты.

Рашэнне прысвяціць сябе высакароднай справе прыйшло не адразу. Галоўнае, што яно стала агульным для сямейнай пары. Спачатку марылі аб прыёмным дзіцяці. І калі ім прапанавалі адразу пяцёра, задумаліся, але ненадоўга.

Юныя жыхары дзіцячага дома сямейнага тыпу ўжо прывыклі да распарадку, хатніх абавязкаў. Старэйшыя ўдала пачалі навучальны год у СШ № 1 і № 3, а самы малы ходзіць у Пратасевіцкі дзіцячы сад з казачнай назвай «Церамок». Паша любіць гуляць у футбол, Насця асвойвае піяніна, Лера –цымбалы. А яшчэ дзеці збіраюцца запісацца ў танцавальны гурток.

Урачыстыя хвіліны з новай сям’ёй падзялілі старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Сувееў, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, прадпрыемстваў горада, прыватныя прадпрымальнікі. Зразумела, кожны хацеў не толькі павіншаваць сям’ю з наваселлем, але і аказаць дапамогу. Сучасная бытавая тэхніка, пасцельная бялізна, посуд, гульнявое абсталяванне, кандытарскія і малочныя вырабы, прадукцыя кансервавага завода, мыйныя сродкі і нават туі, падпіска на раённую газету – такім разнастайным стаў спіс падарункаў. Благачынны Асіповіцкай акругі Васіль Белавус паспеў асвяціць новы дом і блаславіць яго жыхароў, а выхаванцы ЦТДзіМ упрыгожылі афіцыйную цырымонію яркімі нумарамі.

По материалу gzt-akray.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая