RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Асіповічах урачыста адкрылі новую вытворчасць па выпуску цеплаізаляцыйных матэрыялаў з экструзійнага пенапалістыролу

Новыя магутнасці створаны на тэрыторыі ЗТАА «Кровельны завод “Тэхнаніколь”» (уваходзіць у склад карпарацыі «Тэхнаніколь»). Гэта ўжо трэцяя вытворчасць тут і 8 завод па выпуску экструзійнага пенапалістыролу (XPS) карпарацыі ў свеце. Сюды інвеставана 800 млн расійскіх рублёў і створана дадаткова 30 новых высокааплатных працоўных месцаў. Гэта вытворчасць адкрывае для Беларусі доступ да самых высокатэхналагічных сегментаў сучаснага рынку цеплаізаляцыі: з аднаго боку, праектныя магутнасці дазваляюць цалкам закрыць унутраныя патрэбы грамадзянскага і прамысловага будаўніцтва, а з другога – каля 40% інавацыйнай прадукцыі плануецца экспартаваць.

«Увод у эксплуатацыю новай вытворчасці – гэта сур’ёзны крок наперад для развіцця дадзенага прадпрыемства, – адзначыў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка. – Гэта можна параўнаць з адкрыццём шырокай і роўнай дарогі. І я хачу пажадаць, каб яна прывяла да дасягненняў пастаўленых мэтаў кіраўнікоў карпарацыі, багацця і росквіту прадпрыемства і людзей, якія тут працуюць, а таксама развіцця рэгіёна і дадатковага паступлення падаткаў у бюджэт».

Паводле слоў саўладальніка і прэзідэнта карпарацыі Сяргея Калеснікава, інвестыцыі карпарацыі прыйшлі ў рэгіён у 2005 годзе. За гэты час былі істотна абноўлены асноўныя вытворчыя фонды, што прывяло да дынамічнага развіцця прадпрыемства, арганізацыі выпуску не толькі высакаякаснай прадукцыі, якая адпавядае міжнародным стандартам, але і наладжванню высокай культуры вытворчасці. Ён адзначыў, што новыя магутнасці запушчаны ў рэкордна кароткія тэрміны – за чатыры месяцы. А гэта гаворыць аб дзяржаўнай падтрымцы вытворцаў і стварэнні ў краіне камфортных умоў для развіцця інвестыцыйнага бізнесу. «Таму мы разглядаем магчымасць далейшага пашырэння вытворчых магутнасцей у Беларусі, у прыватнасці, па стварэнні тут новай сучаснай вытворчасці каменнай ваты», – сказаў Сяргей Калеснікаў.

Пасля ўрачыстай цырымоніі пераразання чырвонай стужачкі для ганаровых гасцей, партнёраў і прадстаўнікоў СМІ была арганізавана экскурсія па прадпрыемстве. Аперацыйны дырэктар напрамку «Палімерная ізаляцыя» карпарацыі Аляксей Касімаў у дэталях азнаёміў удзельнікаў з тэхналагічным працэсам, адзначыўшы, што тут устаноўлена самае сучаснае абсталяванне еўрапейскіх кампаній, а працэс вытворчасці цалкам аўтаматызаваны і мае замкнёны цыкл. «У Беларусі мы таксама абапіраемся на філасофію беражлівай вытворчасці і актыўна працуем над павышэннем прадукцыйнасці. Так, разліковая прадукцыйнасць працы на прадпрыемстве пры выхадзе яго на праектную магутнасць складзе $ 300 тыс. на аднаго супрацоўніка ў год», – дадаў Аляксей Касімаў.

Паводле яго слоў, перспектыўная экспартная карта завода ўключае ў сябе шырокі Усходне-Еўрапейскі рэгіён – Украіну і краіны Балтыі, а таксама Расію. Замежныя гандлёвыя партнёры з цікавасцю вывучаюць прапановы першага беларускага вытворцы – заяўлены гадавы аб’ём выпуску 360 тыс. куб. м палімернай цеплаізаляцыі дазваляе як камплектаваць буйныя будаўнічыя праекты, так і забяспечваць сеткі DIY.

Гадавы аб’ём айчыннага попыту на экструзійны пенапалістырол сёння ацэньваецца ў 230 тыс. куб. м. Асноўная доля вырабленай прадукцыі, каля 60%, будзе пастаўляцца на ўнутраны рынак, а астатняя частка экспартавацца ў краіны Усходняй Еўропы і Балтыі, Украіны і Расіі. Ужо сёння завод «Тэхнаніколь» з’яўляецца адным з флагманаў на замежных рынках, а яго прадукцыя пастаўляецца больш чым у 20 краін свету, нават такія далёкія, як Сінгапур і Тайланд. З запускам новай вытворчасці экспартны патэнцыял прадпрыемства будзе толькі павялічвацца.

Сяргей Касімаў звярнуў увагу, што беларускія спецыялісты ў галіне ЖКГ, прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва станоўча ацэньваюць тэхнічныя характарыстыкі навінкі. Гэты матэрыял не ўбірае ваду, не брыняе і не дае ўсаджвання, хімічна стойкі і не схільны да гніення, што істотна павялічвае тэрмін эксплуатацыі ўсёй цеплаізаляцыйнай сістэмы, няхай гэта будзе падмурак, дах, падлога або фасад будынка.

На прадпрыемстве ўстаноўлены сучасныя аўтаматызаваныя лініі нямецкай кампаніі BerstorffGmbH, што дае магчымасць хуткага пераналаджвання вытворчасці і выпуску шырокай лінейкі запатрабаванай прадукцыі – гэта пліты XPS з фрэзераванай паверхняй для фасадных работ, вырабы таўшчынёй ад 10 да 500 мм і інш.

Да канца бягучага года завод «Тэхнаніколь» плануе выпусціць каля 240 тыс. куб. м новай прадукцыі, а ў 2020-м разлічвае выйсці на праектную магутнасць – 360 тыс. куб. м. Першыя прамысловыя партыі гатовай прадукцыі ўжо адгружаны як на ўнутраны рынак, так і на экспарт. Акупнасць інвестпраекта, паводле ацэнак спецыялістаў, складзе каля 6 гадоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая