RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У БДСГА адкрылі мемарыяльную дошку і аўдыторыю імя Аляксея Багамолава

На кафедры селекцыі і генетыкі БДСГА адкрылі мемарыяльную дошку, прысвечаную заслужанаму аграному БССР, ганароваму прафесару БДСГА Аляксею Багамолаву. Аўдыторыя 518 таксама стала насіць імя навуковага дзеяча.

Кавалер многіх баявых і працоўных узнагарод, сярод якіх ордэны Славы 3-й ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны, медалі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга» і іншыя, самым галоўным і ганаровым для сябе лічыў званне «Заслужаны аграном БССР». І любоў да галоўнай справы свайго жыцця імкнуўся перадаць студэнтам.

Аляксей Багамолаў так ці інакш быў звязаны з Акадэміяй з 1938 года. Менавіта тады ён пачаў вучыцца ў Горацкай ВНУ, адразу стаў старастам. Працаваў у батанічным садзе з жытнёва-пшанічнымі гібрыдамі. Гэта праца аказалася незавершанай, таму што пачалася Вялікая Айчынная вайна. Спачатку Аляксей Міхайлавіч быў партызанам, а потым намеснікам камандзіра ўзводаў роты аўтаматчыкаў і разведкі ў адным са стралковых палкоў. Пра перамогу над Германіяй ён даведаўся ў Празе.

Пасля вайны вярнуўся ў Горкі і працягнуў вучыцца. Яго накіравалі працаваць на самы захад БССР – на доследную станцыю ў вёску Беняконі (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці, мяжа з Літвой). Спачатку ён там працаваў навуковым супрацоўнікам, літаральна аднаўляючы пасля вайны, потым – дырэктарам. Дзевяць гадоў (з 1956 па 1965 год) аддаў Гродзенскай абласной дзяржаўнай сельскагаспадарчай доследнай станцыі, якую вырашыў перанесці з вёскі Беняконі.

Працягваў працаваць з гатункам азімага жыта, якое сам і вывеў. Яго так і назвалі – «беняконскае». Гэты гатунак стаў асноўным у Беларусі, добра рос у Расіі. Нават кожны другі бохан называлі «хлебам Багамолава».

З 1965 года будучы ганаровы прафесар акадэміі пачаў працаваць у БДСГА загадчыкам кафедры селекцыі і насенняводства, затым –прарэктарам па навуковай рабоце.

У аўдыторыі 518, якая цяпер будзе насіць імя Аляксея Багамолава, кожны можа прачытаць кароткую біяграфічную інфармацыю пра ганаровага прафесара БДСГА. Яшчэ падчас вайны ён зрабіў шмат унікальных ваенных кадраў. На некаторыя з іх можна паглядзець на другім паверсе ДК акадэміі.

Па матэрыяле horki.info

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая