У Беларусі і Расіі 2 красавіка штогод на дзяржаўным узроўні адзначаюць Дзень яднання народаў.
2 красавіка 1996 года быў падпісаны Дагавор аб утварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім было вырашана стварыць палітычна і эканамічна інтэграванае супольніцтва ў мэтах аб'яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Падпісалі дакумент у Маскве Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын.
Праз год, 2 красавіка 1997 года, у Маскве прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. З той пары 2 красавіка адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
23 мая 1997 года адбылося падпісанне Статута Саюза Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім былі ўтвораны вышэйшы савет і Выканаўчы камітэт Саюза Беларусі і Расіі. У 1997-1998 гадах адбылося фарміраванне выканаўчых органаў Саюза, агульнага бюджэту, была ажыццёўлена распрацоўка і рэалізацыя першых саюзных праграм. Створаны Пагранічны і Мытны камітэты, Камітэт па пытаннях бяспекі.
8 снежня 1999 года ў Маскве адбылося падпісанне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, была прынята Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі яго палажэнняў. 26 студзеня 2000 года Дагавор уступіў у сілу пасля ратыфікацыі яго парламентамі дзвюх краін.
Цяпер у адпаведнасці з Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы сфарміраваны і функцыянуюць Вышэйшы дзяржаўны савет, Савет Міністраў і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Функцыі парламента Саюзнай дзяржавы выконвае Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Вышэйшым органам Саюзнай дзяржавы з'яўляецца Вышэйшы дзяржаўны савет. У яго склад уваходзяць кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ўрадаў, кіраўнікі палат парламентаў дзяржаў - удзельніц. Вышэйшы дзяржаўны савет вырашае важнейшыя пытанні развіцця Саюзнай дзяржавы, утварае органы кіравання, зацвярджае бюджэт і міжнародныя дагаворы, выконвае іншыя функцыі.
Асноўнай мэтай стварэння Саюза было імкненне павысіць узровень жыцця народаў, умацаваць адносіны братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых галінах. Адным з галоўных і найбольш паспяховых напрамкаў дзейнасці Саюзнай дзяржавы з'яўляецца правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі Беларусі і Расіі. Рэспубліка Беларусь - самы паслядоўны і надзейны знешнепалітычны саюзнік Расійскай Федэрацыі. У сваю чаргу Расійская Федэрацыя нязменна падтрымлівае на ўсіх узроўнях і ва ўсіх міжнародных арганізацыях і паслядоўна абараняе незалежную ўнутры- і знешнепалітычную пазіцыю Рэспублікі Беларусь.
Прынцыповым момантам у супрацоўніцтве дзвюх краін з'яўляецца забеспячэнне сацыяльнай роўнасці іх грамадзян. Прававой асновай для забеспячэння рэальнай роўнасці правоў грамадзян Беларусі і Расіі з'яўляецца Дагавор аб аднолькавых правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года.
Адным з важнейшых напрамкаў правядзення ўзгодненай сацыяльнай палітыкі з'яўляецца фарміраванне агульнага рынку працы Саюзнай дзяржавы. Грамадзяне Расіі і Беларусі маюць аднолькавыя правы ў аплаце працы, рэжыме рабочага часу і часу адпачынку, ахове і ўмовах працы. Забяспечваецца ўзаемнае прызнанне працоўнага стажу, у тым ліку стаж работы па спецыяльнасці. У ходзе стварэння адзінай міграцыйнай прасторы адменены дазвольны парадак найму на работу.
29 сакавіка 2007 года ўступіў у сілу Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Прадметам прававога рэгулявання дагавора з'яўляюцца адносіны, звязаныя з пенсійным забеспячэннем і назначэннем працоўных пенсій па старасці (узросце), інваліднасці, у сувязі са стратай карміцеля, сацыяльных пенсій, выплатай узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, прадастаўленнем дапамог па часовай непрацаздольнасці і мацярынству, па беспрацоўі, на пахаванне, сямейных дапамог, пакрыццём шкоды ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці або прафесійным захворваннем, у выпадку перасялення грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян Расійскай Федэрацыі ў межах Саюзнай дзяржавы.
У Саюзнай дзяржаве напрацавана нарматыўная база ў галіне адукацыі, якая забяспечвае грамадзянам аднолькавыя правы на атрыманне адукацыі на тэрыторыі дзвюх краін. Паміж Беларуссю і Расіяй дзейнічае міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях.
6 сакавіка 2008 года ўступіла ў сілу Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб парадку аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ва ўстановах аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і грамадзянам Расійскай Федэрацыі ва ўстановах аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Пагадненнем замацоўваюцца аднолькавыя правы грамадзян на атрыманне медыцынскай дапамогі, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, для грамадзян абедзвюх дзяржаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі бакоў, а таксама Героям Савецкага Саюза і кавалерам ордэнаў Славы трох ступеней.
У Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі рэалізуецца і плануецца мноства сумесных беларуска-расійскіх праграм і даследаванняў у прамысловасці, будаўніцтве, навуцы, асваенні космасу, энергетыцы, інфармацыйных тэхналогіях, адукацыі, культуры.
Палітыка Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры накіравана на захаванне агульных гістарычных каштоўнасцей, развіццё творчай актыўнасці і культурнага супрацоўніцтва народаў Беларусі і Расіі. Ужо сталі традыцыйнымі праводзімыя ў рамках Саюзнай дзяржавы сумесныя фестывалі, сустрэчы дзеячаў мастацтваў, культурныя абмены і гастролі творчых калектываў, а таксама вытворчасць кінафільмаў, правядзенне выстаў, ахова гістарычных і культурных помнікаў, іх рэстаўрацыя. За творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі - удзельніцамі Саюзнай дзяржавы, аўтарамі якіх з'яўляюцца грамадзяне дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы, прысуджаецца прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.
Адным з самых прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з'яўляецца сфера высокіх тэхналогій, навукі і тэхнікі. За выдатныя рэзультаты навуковых даследаванняў беларускіх і расійскіх вучоных, адкрыцці і навуковыя дасягненні, якія істотна ўзбагацілі сусветную навуку і ўнеслі значны ўклад у развіццё прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук, а таксама за сумесную распрацоўку ўзораў новай тэхнікі і прагрэсіўных тэхналогій, што забяспечваюць інавацыйнае развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы і ўмацаванне абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы, прысуджаецца прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі.
6 снежня 2024 года Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы заснаваў прэміі Саюзнай дзяржавы маладым вучоным. Яны прысуджаюцца беларускім і расійскім маладым вучоным за рэзультаты навуковых даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук, у тым ліку выкананых пры распрацоўцы ўзораў новай тэхнікі, удасканаленні тэхналогій, а таксама ў сферы ўмацавання абараназдольнасці дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай, што забяспечваюць інавацыйнае развіццё эканомікі і рэалізацыю прыярытэтных напрамкаў Стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года.
13 сакавіка 2025 года ўступіў у сілу Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін па выніках афіцыйных перагавораў у Маскве падпісалі пратакол аб абмене граматамі аб ратыфікацыі адпаведнага дагавора. У міжнародным дагаворы замацаваны ўзаемныя гарантыі па ажыццяўленні неабходных мер у выпадку замаху на бяспеку Беларусі і Расіі, а таксмама Саюзнай дзяржавы ў цэлым.
Урачыстасці з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі пройдуць у Мінску і Маскве. У Мінску 2 красавіка на сцэне Вялікай залы Палаца Рэспублікі пройдзе ўрачысты канцэрт папулярных у дзвюх краінах выканаўцаў і творчых калектываў з Расіі і Беларусі. У канцэртнай праграме прымуць удзел Дзяржаўны акадэмічны рускі народны хор імя Пятніцкага, Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Губернатарская сімфанічная капэла Пензенскай вобласці, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль «Сябры» і народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і іншыя.
У Маскве на Новай сцэне Вялікага тэатра Расіі адбудзецца паказ спектакля «Патэтычны дзённік памяці» Вялікага тэатра Беларусі. Гэта пастаноўка была створана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Яе паказ у Маскве будзе таксама прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Адзіны ўрок да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі пройдзе ў беларускіх школах. Вучні змогуць даведацца больш як пра гісторыю Саюзнай дзяржавы, так і пра супрацоўніцтва на сучасным этапе.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
27.03.2025 - 11:24
Ад хутара да канцлагера - дзе ў Беларусі знойдзены раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр генацыду
21.03.2025 - 16:00
20.03.2025 - 14:45
17.03.2025 - 09:33
Музейную экспазіцыю, прысвечаную пошукаваму руху, абсталююць у Магілёве
11.03.2025 - 11:46
У Бабруйску поўным ходам ідзе ператварэнне аднаго са знакавых месцаў у горадзе - плошчы Перамогі
28.02.2025 - 15:40