RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі ў адзіны дзень галасавання адкрыліся ўчасткі па выбарах дэпутатаў

У Беларусі ў адзіны дзень галасавання адкрыліся выбарчыя ўчасткі па выбарах дэпутатаў. У адзіны дзень галасавання будуць абраны 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і 12 514 дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання. У краіне сфарміравана 5411 участкаў для галасавання, у тым ліку 11 - у воінскіх часцях, 215 - у месцах часовага знаходжання выбаршчыкаў (у бальніцах, санаторыях, дамах адпачынку і іншых месцах часовага знаходжання). Участкі для галасавання будуць адкрыты да 20.00. Паводле апошніх звестак, у спісы выбаршчыкаў уключаны 6 млн 911 тыс. 742 чалавекі.
 
Участковыя камісіі забяспечаны сродкамі сувязі, аргтэхнікай, неабходным для арганізацыі галасавання абсталяваннем, прававой і метадычнай літаратурай. У памяшканнях участковых камісій размешчана інфармацыя аб кандыдатах і парадку галасавання. Памяшканні для галасавання размешчаны ў асноўным на першых паверхах, як правіла, абсталяваны элементамі безбар'ернага асяроддзя, маюць неабходныя паказальнікі. На ўчастках дзяжураць валанцёры для аказання неабходнай дапамогі выбаршчыкам.
 
Памяшканні для галасавання абсталяваны кабінкамі або сталамі для галасавання інвалідаў-калясачнікаў і асоб, якім з-за ўзросту або стану здароўя зручней запаўняць бюлетэнь седзячы. Выбаршчык, які слаба бачыць, можа скарыстацца наяўным ва ўчастковай камісіі павелічальным шклом (лупай). Невідушчаму выбаршчыку, які жадае прагаласаваць самастойна, прапануюцца спецыяльныя трафарэты для запаўнення бюлетэняў.
 
На ўчастках бюлетэні выдаюцца выбаршчыкам пры прад'яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, біяметрычнага пашпарта, ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), правоў кіроўцы. Прагаласаваць можна таксама прад'явіўшы пенсіённае пасведчанне, пасведчанне інваліда (пры наяўнасці фатаграфіі), студэнцкі або вучнёўскі білет. Калі падчас запаўнення бюлетэня выбаршчык дапусціў памылку або сапсаваў бюлетэнь, то ён можа звярнуцца да сяброў участковай выбарчай камісіі і атрымаць новы бюлетэнь для галасавання. Аднак такім правам можна скарыстацца толькі адзін раз.
 
Фота- і відэаздымка запоўненага бюлетэня для галасавання забаронены.
 
Сумесна з Міністэрствам унутраных спраў прапрацавана пытанне гарантавання бяспекі ў перыяд галасавання. Будынкі, у якіх размешчаны памяшканні для галасавання, абсталяваны сістэмамі відэаназірання, там таксама ўстаноўлены трывожныя кнопкі. З 19 лютага ўсе ўчасткі для галасавання ўзяты пад ахову супрацоўнікамі міліцыі.
 
Выбары дэпутатаў з'яўляюцца прамымі: дэпутаты абіраюцца грамадзянамі непасрэдна. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў дэпутатаў - 5 гадоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая