RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі ўшаноўваюць памяць жыхароў Хатыні і тысяч іншых спаленых вёсак

У Беларусі сёння аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, спаленай фашыстамі 22 сакавіка 1943 года. Успамінаючы Хатынь, мы ўзгадваеем тысячы іншых беларускіх вёсак, па-зверску знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вёску Хатынь ужо не знайсці на картах Беларусі. На яе месцы ў памяць аб загінулых быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Рашэнне аб будаўніцтве мемарыяла было прынята ў 1966 годзе. Ініцыятарам яго стварэння быў першы сакратар ЦК БССР Пётр Машэраў. У агульным конкурсе на самы лепшы праект помніка жыхарам спаленай вёскі перамог калектыў архітэктараў, сярод якіх былі Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, а таксама скульптар Сяргей Селіханаў.

Першапачаткова меркавалася, што на месцы трагедыі паўстане мемарыял толькі спаленай Хатыні. Аднак затым праект быў перагледжаны, і Хатынь стала помнікам усім спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам Беларусі.

Праца над праектам захапіла архітэктараў. Былі прыдуманыя вянцы зрубаў на месцы былых дамоў, абеліскі ў выглядзе пячных труб, а таксама званы Хатыні, якія гучаць над Беларуссю, расказваючы ўсяму свету аб трагедыі беларускіх вёсак. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Хатынь» адбылося 5 ліпеня 1969 года.

Тэматычна хатынскі мемарыял складаецца з некалькіх частак, але мае адзінае кампазіцыйнае рашэнне, якое паўтарае планіроўку былой вёскі. У цэнтры комплексу бронзавая скульптура «Няскораны чалавек», вышыня якой складае больш за шэсць метраў. Гэта сімвал чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго праз гады, прамаўляючы вечны праклён фашызму, праклён любому злу на зямлі. Гэта зборны вобраз беларускага селяніна. Яго правобразам паслужыў сведка Хатынскай трагедыі Іосіф Камінскі, якіцудам застаўся ў жывых. Ён, абгарэлы, зранены, выбраўся з палаючага хлява і сярод трупаў аднавяскоўцаў знайшоў знявечанае цела свайго сына.

Побач са скульптурай – самкнутыя гранітныя пліты, якія нагадваюць дах адрыны, у якой карнікі спалілі жыхароў Хатыні. На брацкай магіле мармуровы вянок памяці з сімвалічным зваротам загінулых да жывых з просьбай берагчы мір і спакой на зямлі: «Людзі добрыя, памятайце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жальба і смутак абернуцца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць навечна мір і спакой на зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!». З іншага боку вянка – адказ жывых загінулым: «Родныя вы нашы. Галовы ў смутку вялікім схіліўшы, стаім перад вамі. Вы не скарыліся фашысцкім забойцам у чорныя дні ліхалецця. Вы прынялі смерць, але полымя любові да Радзімы нашай савецкай вавек не згасне. Памяць пра вас у народзе несмяротная, як вечная наша зямля і вечна яркае сонца над ёю».

Былая вуліца вёскі выкладзена шэрымі, пад колер попелу, жалезабетоннымі плітамі. У тых месцах, дзе раней былі сельскія дамы, пастаўлены 26 сімвалічных бетонных ніжніх вянкоў зрубаў і столькі ж абеліскаў, якія нагадваюць печкавыя трубы, абпаленыя агнём. Перад кожным са спаленых дамоў устаноўлена адкрытая брамка як сімвал гасціннасці жыхароў вёскі. На трубах-абелісках–бронзавыя таблічкі з імёнамі тых, хто нарадзіўся і жыў у гэтым доме, а пазней загінуў у вогненным палоне. Зверху кожнага абеліска –хатынскі звон.

На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце могілкі вёсак –185 сімвалічных магіл, кожная з якіх нагадвае пра адну са спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але так і не адноўленых беларускіх вёсак. 186-я неадноўленая вёска –гэта сама Хатынь. Кожная сімвалічная магіла спаленай вёскі ўяўляе сабой папялішча, у цэнтры якога размешчаны п’едэстал у выглядзе языка полымя –сімвал таго, што паселішча было спалена. Тут жа ў жалобнай урне захоўваецца зямля са знішчанай карнікамі вёскі.

Яшчэ адзін мемарыяльны элемент хатынскага комплексу – дрэва жыцця, на галінах якога ў алфавітным парадку пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, спаленых акупантамі разам з жыхарамі, але адноўленых пасля вайны. На мемарыяльнай сцяне памяці ўстаноўлены памятныя пліты з назвамі 260 лагераў смерці і месцаў, дзе фашысты масава нішчылі на тэрыторыі Беларусі людзей. У памяць аб загінулых гарыць Вечны агонь.

Кожны з элементаў хатынскага мемарыяла мае сваю сімволіку, у якой заключаны глыбокі сэнс і арыгінальнае рашэнне тэмы перажытай жыхарамі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны трагедыі, непакорлівасці і мужнасці беларускага народа.

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі была праведзена рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 24 красавіка 2004 года, у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у работах па аднаўленні мемарыяльнага комплексу.

Рэканструкцыя была завершана да 25 чэрвеня 2004 года. 1 ліпеня 2004 года ў Хатыні адбыўся ўрачысты мітынг. Комплекс «Хатынь» наведалі лідары Беларусі, Расіі і Украіны.

У Хатынь едуць людзі з розных краін, каб аддаць даніну памяці ўсім загінулым у полымі ваеннага ліхалецця беларусам. За гады існавання гэтага велічнага архітэктурна-мастацкага ансамбля яго наведала каля 40 млн. чалавек больш чым са 100 краін свету. У ліку ганаровых наведвальнікаў мемарыяла –Фідэль Кастра, Ясір Арафат, Рычард Ніксан, Раджыў Гандзі, МаўнаКойвіста, Ху Цзінтаа. Комплекс «Хатынь» уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

У ДМК «Хатынь» ёсць два філіялы: мемарыяльныя архітэктурна-скульптурныя комплексы «Дальва» і «Курган Славы». Комплекс «Дальва» увекавечыў памяць пра жыхароў вёскі Дальва, спаленай разам з жыхарамі 19 чэрвеня 1944 года. Сучасны мемарыял адкрыты 15 ліпеня 1973 года. Курган Славы створаны ў гонар завяршэння аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 5 ліпеня 1969 года. Абодва мемарыялы ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Лёс Хатыні за гады Вялікай Айчыннай вайны падзялілі тысячы вёсак нашай краіны. Паводле апошніх даследаванняў, у Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9 тыс.вёсак. Некаторыя населеныя пункты так і не былі адноўленыя.

Кожны год у Беларусі праходзіць мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У месцах гераічных бітваў і чалавечых трагедый створаны мемарыяльныя комплексы і ўстаноўлены абеліскі, распрацаваны ўнікальныя гістарычныя маршруты.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая