У Бялынічах да Дня беларускага пісьменства адкрыюць новы будынак раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Пра гэта расказала дырэктар установы культуры Таццяна Цікунова.
«Раней музей размяшчаўся ў былым будынку кінатэатра, які прыстасавалі пад музейныя экспазіцыі. Адразу хацелі захаваць яго: прывесці ў парадак, трохі пашырыць плошчы. Каля двух тыдняў камісіі правяралі стан былога музея. Усе прыйшлі да высновы, што бяспечней, танней і прасцей пабудаваць новы музей. У выніку ад старога застаўся толькі падмурак, – расказала дырэктар музея. – Мы амаль у два разы павялічылі сваю плошчу – цяпер гэта каля 800 кв. м. – і тут усё абсалютна новае».
Будаўніцтва музея ў гістарычнай частцы горада пачалося восенню мінулага года – цяпер у памяшканнях ужо скончылі аздабленне, пачынаюць размяшчаць экспанаты. Фінансаваўся праект з абласнога бюджэту.
Трохі змянілася і канцэпцыя музея. Адной з цэнтральных экспазіцый застанецца галерэя Бялыніцкага-Бірулі: тут будуць размяшчаць яго карціны, транслявацца эпізоды з жыцця мастака. У гэтай жа зале будуць прадстаўлены некаторыя асабістыя рэчы майстра. «З’явілася вялікая зала для прывазных выставачных экспазіцый. Спадзяёмся, ён будзе карыстацца папулярнасцю. З’явіцца ў нашым музеі і зала гісторыі Бялыніцкага краю –тут можна будзе даведацца, як развіваўся наш раён са старажытнасці і да сённяшняга часу», – расказала Таццяна Цікунова.
Яшчэ адна навінка – зала духоўнасці. Цэнтральным экспанатам стане фрэска «Нясенне крыжа», або «Узыходжанне на Галгофу», якую яшчэ ў канцы 70-х гадоў мастак-рэстаўратар Юрый Маліноўскі разам з калегамі выратавалі з разбуранага манастыра кармелітаў у Бялынічах. Пазней ён жа займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй твора мастацтва, а цяпер размяшчае фрэску пад зводамі новага музея.
«Гэта фрэска шмат гадоў была схавана ад вачэй людзей, захоўвалася ў музеях Магілёва. І выдатна, што зараз мы зноў вяртаем яе ў культурны абарот, – адзначыў Юрый Маліноўскі. – Атрымалася вярнуць фрэску на гістарычную радзіму. Нягледзячы на тое, што храм не захаваўся, твор мастацтва зноў будзе ў Бялынічах. І мы спадзяёмся, што гэта духоўная спадчына будзе выклікаць цікавасць як у турыстаў, так і ў жыхароў раёна».
Урачыстае адкрыццё музея адбудзецца ў Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе ў Бялынічах 6 верасня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
31.03.2025 - 12:28
Аляксей Шарай зацверджаны на пасадзе старшыні Крычаўскага райвыканкама
21.03.2025 - 11:05
У Бабруйску «Белая Русь» распрацоўвае маршрут экскурсіі да 80-годдзя Вялікай Перамогі
21.03.2025 - 10:15
20.03.2025 - 14:38
Леанід Заяц: «У Беларусі робіцца ўсё, каб нашыя людзі жылі камфортна, бяспечна, больш забяспечана»
17.03.2025 - 11:27
У Асіповіцкім гарнізоне здалі чарговы арэндны дом для вайскоўцаў