RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Быхаве ўстанавілі помнік камандзіру 1210-га стралковага палка, гвардыі палкоўніку Пятру Юзэфовічу

Помнік камандзіру 1210-га стралковага палка 362-й Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, гвардыі палкоўніку Пятру Арэфевічу Юзэфовічу, які загінуў 28 чэрвеня 1944 года пры вызваленні Быхава, устанавілі ў райцэнтры.

На цывільных могілках, размешчаных уздоўж вуліцы Ціхая, апошнія ўшанаванні герою аддалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Агнетаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тамара Сямёнава, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Казлоў, кіраўнік ГА «Беларускі саюз ваенных маракоў» Аляксандр Цярэшка, кіраўнік пошукавай групы «Быхаўскі рубеж» Сяргей Жыжыян, палкоўнік марской авіяцыі ў адстаўцы, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Аляксандр Баранаў.

Прыехалі з расійскага Калінінграда пляменніца Пятра Юзэфовіча Ніна Мустакімава, яе дочкі Алена і Наталля, сын Павел.

«Нашай сям'і было вядома, што дзядзька загінуў на беларускай зямлі. Вось толькі не ведалі, дзе менавіта ён пахаваны, – распавяла Ніна Мустакімава. – Зараз сюды будзем часта прыязджаць. Дзякуй усім, хто дапамог адшукаць яго апошняе месца спачынку, а таксама ўстанавіць помнік, захаваўшы пра гэтага чалавека памяць для будучых пакаленняў».

З Магілёва прыбыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, сын 1210-га стралковага палка, удзельнік аперацыі «Баграціён», капітан другога рангу ў адстаўцы Уладзімір Лісоўскі. Ён успамінаў, як 13-гадовым хлапчуком падносіў міны да батальённага мінамёта і нацягваў на хваставую частку парахавы зарад. Пры вызваленні Быхава як сувязны знаходзіўся побач з камандзірам палка, выконваючы ўсе яго даручэнні. 28 чэрвеня немцы распачалі чарговы магутны мінамётных-артылерыйскі абстрэл пазіцый нашых войскаў. Адзін з снарадаў трапіў прама ў траншэю каманднага пункта. Ад выбуху многія афіцэры загінулі, у тым ліку і камандзір палка.

Уладзімір Лісоўскі тры гады таму звяртаўся ў вядомую расійскую перадачу «Чакай мяне», дзе распавёў гісторыю пра Пятра Юзэфовіча. І вось з Чэлябінска адгукнулася пляменніца камандзіра Галіна Юзэфовіч. Разам са сваёй дачкой Людмілай Клімавай яна і прыехала на сустрэчу ў Мінск. Тады ў студыі тэлеканала АНТ ён убачыў родных чалавека, з якім лёс звёў яго больш за 70 гадоў таму.

Месца пахавання Пятра Юзэфовіча шукалі члены пошукавай групы «Быхаўскі рубеж». Інфармацыю чэрпалі з абагульненага электроннага банка дадзеных «Мемарыял», дзе ўтрымліваюцца звесткі пра савецкіх воінаў, загінуўшых, памерлых і зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама апытвалі мясцовых жыхароў. Вялікую дапамогу ў гэтай справе аказаў быхаўчанін Анатоль Шарфун. Ён потым распавёў, што раней на магіле камандзіра ляжаў вялікі камень.

Ніне Мустакімавай кіраўнік ГА «Беларускі саюз ваенных маракоў» Аляксандр Цярэшка ўручыў юбілейны медаль «70 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», а капітан другога рангу ў адстаўцы Уладзімір Лісоўскі – кнігу, прысвечаную дзецям вайны. Ён жа прапанаваў адну з вуліц Быхава назваць імем Пятра Юзэфовіча.

Па матэрыяле быхаўскай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя» 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая