RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«У дзецях мы бачым свой працяг, а ў сям'і - моцную аснову дзяржавы». Моладзь аб тэзісах Паслання

Пытанні сям'і першачарговыя і прыярытэтныя ў нашай дзяржаве. Такім меркаваннем падзялілася старшыня Маладзёжнага парламента пры Бабруйскім раённым Савеце дэпутатаў, намеснік старшыні праўлення па ідэалагічнай рабоце СВК «Гігант» Анастасія Гацко, каменціруючы Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

«Стварэнне класічнай сям'і і выхаванне двух і трох дзяцей - гэта бясспрэчныя тэзісы, якія паспяхова рэалізуюцца, тым больш у сельскай мясцовасці, - падкрэсліла Анастасія Гацко. - Для чалавека сяла яны даступныя, зразумелыя і відавочныя, бо тыя, хто працуе на зямлі, робіць усё сваімі рукамі, - бліжэй да каранёў і нашым традыцыйным духоўным каштоўнасцям. Пытанні сям'і першачарговыя і прыярытэтныя, менавіта ў дзецях мы бачым свой працяг, а ў сям'і - моцную аснову нашай дзяржавы. І гэта адгукаецца ў моладзі - ва ўсіх маіх знаёмых ёсць дзеці, усё імкнуцца стварыць сем'і. Паказальны прыклад - наш мясцовы дзіцячы садок, які знаходзіцца ў сельскай мясцовасці і на сёння максімальна запоўнены маленькімі выхаванцамі».

Паводле слоў старшыні маладзёжнага парламента, сем'ям з дзецьмі ёсць, за што быць удзячнымі: кожнае дзіця атрымлівае належную ўвагу з боку дзяржавы, бацькам аказваецца фінансавая падтрымка на яго выхаванне. Бацькі паспяваюць і гадаваць дзяцей, і займацца кар'ерай, і ўдзяляць час самаразвіццю. Значыць, у ідэалагічным напрамку работа вядзецца правільна.

«Маладыя людзі нацэленыя на стварэнне сем'яў, - працягнула Анастасія Гацко. - Напрыклад, у нашай арганізацыі за апошнія два гады адразу некалькі маладых спецыялістаў звязалі сябе сувяззю шлюбу. Для нашага прадпрыемства і дзяржавы ў цэлым гэта пытанне не толькі дэмаграфіі, але і замацоўванння спецыялістаў у вёсцы. Сямейныя каштоўнасці ўсяляк папулярызуюцца, у тым ліку дзякуючы розным мерапрыемствам. Наша раённая моладзь – пастаянны ўдзельнік тэматычных сямейных конкурсаў, сярод якіх адным з самых любімых стаў «Уладар сяла». Мы шырока адзначаем такія святы, як Дзень сям'і і Дзень моладзі, гэтыя мерапрыемствы становяцца добрай нагодай дзецям і бацькам сабрацца разам, весела і з карысцю правесці час».

Дарэчы, у СВК «Гігант» сярэдні ўзрост работнікаў складае каля 40 гадоў - гэта маладыя, энергічныя і ініцыятыўныя людзі. Яны жадаюць працаваць і рабіць сваю малую радзіму лепш, як і імкнуцца пакінуць пасля сябе спадчыннікаў - тых, хто працягне іх род. «На нашым прадпрыемстве працуюць 300 чалавек, колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў іх сем'ях, складае амаль 180, - удакладніла намеснік дырэктара. - Сярод нашых работнікаў 17 шматдзетных сем'яў, у адной з якіх падрастаюць 6 дзяцей. Сем'і з дзецьмі атрымліваюць падтрымку не толькі з боку дзяржавы, але і ад самога прадпрыемства. Адным з гарантаў такіх ільгот і выплат стаў калектыўны дагавор. Так, дзеці і іх бацькі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу да святочных дат, навагодніх і калядных свят, 1 верасня. Напрыклад, яны штогод удзельнічаюць у праграме аздараўлення. Дзецям са шматдзетных сем'яў 100% аплачваецца санаторна-курортнае лячэнне».

Анастасія Гацко падкрэсліла, што курс на дэмаграфічную стабільнасць у краіне застаецца нязменным: маладыя сем'і і надалей знаходзяць падтрымку ў імкненні нараджаць і выхоўваць дзяцей. «Мясцовая выканаўчая ўлада, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый таксама прыкладаюць максімум намаганняў для таго, каб развіваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, закладзеныя на нашай зямлі дзесяцігоддзямі і стагоддзямі», - падагульніла яна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая