RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У гаспадаркі Быхаўскага раёна да канца года будзе пастаўлена 1 тыс. домікаў для індывідуальнага ўтрымання навацельных цялят

Тысяча домікаў для індывідуальнага ўтрымання навацельных цялят да двухмесячнага ўзросту будзе пастаўлена ў гаспадаркі Быхаўскага раёна да канца бягучага года. Набыццё ажыццяўляецца ў лізінг праз ААТ «Бабушкина крынка». Пастаўшчык – Віцебскае прадпрыемства ААТ «Інвет».

Сто новых боксаў ужо ўстаноўлена на МТК філіяла «Макранскі» ААТ «Быхаўскі КАСЗ». На днях такія ж канструкцыі з палімерных матэрыялаў завезеныя ў ААТ «Вароніна», «Валадарскі», ПМК-85 «Вадбуд».

МТК «Усходняе» – адзін з буйных жывёлагадоўчых комплексаў раёна. Сёння тут утрымліваецца 1738 галоў буйной рагатай жывёлы. Асноўны статак налічвае 357 галоў. За дзень валавы надой малака складае 2500 кілаграмаў.

– Раней у нас былі ў памяшканні станкі, дзе асобна ўтрымліваліся маленькія цяляты, – расказала загадчыца МТК Ганна Левычанкова. – Але ў маі бягучага года на адкрытай пляцоўцы, на свежым паветры ўсталявалі новыя домікі для цялят. Адразу скараціліся захворванне і падзеж.

На комплексе цяпер налічваецца 75 цялят ва ўзросце да 3 месяцаў. За імі даглядае аператар па дагадоўванні маладняку буйной рагатай жывёлы Вольга Ціханава. Яна таксама ўпэўнена, што яе падапечным цяпер стала лепш, вальней, бо ў кожным доміку ёсць свая невялікая агароджаная выгульная пляцоўка.

Сярод нованароджаных цялят падзяжу практычна няма, прыбаўленні растуць кожны месяц. Так, калі ў ліпені сярэднясутачнае прыбаўленне цялят было на ўзроўні 476 грамаў, то ў жніўні павялічылася практычна на 100 грамаў. Але і гэта яшчэ не мяжа. Пастаўлена задача павялічыць сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе маладняку буйной рагатай жывёлы да 650 грамаў.

Як адзначыў начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Быхаўскага райвыканкама Рыгор Музыкантаў, натуральныя ўмовы развіцця спрыяюць таму, каб у арганізме ў цялят выпрацоўваўся вітамін «Д», які з’яўляецца бясплатным стэрылізатарам. Таксама на свежым паветры зніжаецца да мінімуму канцэнтрацыя аміяку, вадзянога пару, пылу.

– Сёння ў рацыёне ў нованароджаных цялят цэльнае пастэрызаванае малако, а таксама камбікормы КР-1, КР-2, – расказала малады заатэхнік Надзея Нічыпаловіч. – З двухмесячнага ўзросту цялят паступова прывучаюць да грубых кармоў, у кармушкі кладуць сена. Кармленне ажыццяўляецца двойчы на дзень. Пры гэтым выконваецца аптымальны рэжым кармлення ў залежнасці ад індывідуальнага развіцця цяляці.

У камплекце з новымі хаткамі таксама маюцца вёдры-паілкі з саскамі, кармушкі для канцэнтратаў, ёмістасці для вады. Акрамя таго, сёлета ў гаспадаркі раёна за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы па пераадоленні Чарнобыльскай катастрофы плануецца набыць 22 сучасныя пастэрызатары малака. Гэта дасць магчымасць забяспечыць здаровае кармленне маладняку буйной рагатай жывёлы, а таксама часткова вырашыць пытанні перамяшчэння, дастаўкі да цялят і дазавання пастэрызаванага малака.

Наталля Левачкова,  zilmogilev.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая