RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Кіраўскім раёне рэканструіруюць мемарыяльны комплекс памяці спаленых падчас вайны вёсак

У вёсцы Боркі Кіраўскага раёна рэканструіруюць мемарыяльны комплекс памяці спаленых падчас Вялікай Айчыннай вайны вёсак Магілёўскай вобласці. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кіраўскага райвыканкама Вікторыя Бяляўская.

«Мемарыяльны комплекс цалкам зменіць свой знешні выгляд, павялічыцца яго плошча. Гэта будзе імправізаваная вуліца. Цяпер тут поўным ходам ідуць будаўнічыя працы. Ужо прыступілі да ўзвядзення першага скульптурнага комплексу: жанчына, якая схілілася над пустой калыскай. Яна сімвалізуе маці, якая страціла самае дарагое ў гэтай вайне, і ў той жа час гэта сімвал Радзімы, якая аплаквае загінулых»,–заўважыла Вікторыя Бяляўская.

Наступнай часткай мемарыяла стануць аставы спаленых дамоў–шэсць зрубаў па колькасці пасёлкаў, прылеглых да вёскі Боркі. На іх плануюць нанесці ўспаміны тых, хто выжыў. Дарожкі паміж скульптурамі будуць выкладзены чорнай пліткай, сімвалізуючы дарогу смерці. Рух па комплексе будуць суправаджаць гукавыя эфекты: рыпанне хісткай калыскі. Наступнай часткай кампазіцыі стане скульптура «Свіран». Унутры разбуранага свірна будзе яшчэ адна скульптура – полымя, з якога спрабуюць выбрацца людзі. Фінальнай кампазіцыяй стане скульптура «Калодзеж» з чорнай застылай вадой. Па ўспамінах відавочцаў, падчас спалення вёсак нямецка-фашысцкія захопнікі скідалі ў студні целы людзей і яшчэ жывых дзяцей.

За мемарыялам раскінецца парк – сімвал працягу жыцця. Тут колер тратуарнай пліткі зменіцца–яна стане белай. «Распрацоўвалі праект абноўленага мемарыяла скульптары з Мінска, якія пастараліся прадумаць кожную дробязь», – дадала Вікторыя Бяляўская.

Да рэканструкцыі тут размяшчалася шэсць гранітных пліт з назвай вёсак, якія не былі адноўлены пасля вайны. Зараз пліты таксама дапрацоўваюць: сюды дададуць яшчэ 48 знішчаных населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Таксама дададуць прозвішчы тых, хто загінуў у вёсцы Боркі. «Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з пошукавым клубам «Віккру» правялі вялікую працу па аднаўленні звестак аб загінулых. Усяго ахвярамі ў Борках стала каля 2 тыс.чалавек. Мы змаглі ўстанавіць каля 650 прозвішчаў. І мы будзем працягваць працу ў гэтым кірунку», – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела.

Памятны знак, які быў адноўлены мясцовымі жыхарамі яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў, перанеслі на грамадзянскія могілкі– праз дарогу ад мемарыяла, якізнаходзіцца на рэканструкцыі.

Адкрыццё абноўленага мемарыяла запланавана на 15 чэрвеня. У гэты дзень у 1942 годзе ў вёскі Боркі нямецкія салдаты за адзін дзень знішчылі каля 2 тыс.людзей. Гэта адна з самых масавых аднаразовых карных аперацый за час Вялікай Айчыннай вайны.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая