RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Копцеўскай Ніве Горацкага раёна збіраюць рэкордны ў гісторыі ўраджай збожжавых

У гэтым засушлівым годзе хлебаробы ААТ «Копцеўская Ніва» збіраюць з палёў рэкордныя за ўсю гісторыю існавання сельгаспрадпрыемства намалоты. Кожны гектар аддзячыў земляробам за старанні 44,2 ц. Гэта на 3,2 ц/га вышэй, чым год таму, і другі радок па ўраджайнасці ў рэйтынгу сельгаспрадпрыемстваў пасля сортавыпрабавальнай станцыі. Карэспандэнты «Горацкага весніка» ў мінулы панядзелак з'ездзілі ў гаспадарку і даведаліся, дзякуючы чаму яна мае прыбаўку ў валавым зборы збожжа.

Паводле слоў дырэктара ААТ «Копцеўская Ніва» Міхаіла Сідарэнкі да аўторка, 22 жніўня, неабмалочанымі тут заставаліся ўсяго 140 га пшаніцы. Адзін дзень - і жніво тут фінішуе. Тры камбайны (два ў ААТ «Племзавод Леніна» і адзін у ААТ «Копцеўская Ніва») ужо з пятніцы дапамагаюць вяскоўцам абмалаціць збожжавыя на прысядзібных участках.

Кіраўнік арганізацыі вынікамі сёлетняга жніва ў гэты неспрыяльны па ўмовах надвор'я год задаволены: «Такога багатага ўраджаю ў нас яшчэ не было за ўсю гісторыю існавання сельгаспрадпрыемства. Ён будзе самым вялікім. Плануем атрымаць каля 7500 т, што на 200 т больш, чым год таму. Тэмп росту - 103% да ўзроўню 2022 года. Мы зрабілі ўсё, як рэкамендаваў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. У нас у структуры збожжавага кліну азімыя сягоння займаюць 95%. Азімая пшаніца давала ад 50 да 63,5 ц/га. Збожжа выкананае, з высокім утрыманнем клейкавіны ад 28 да 32%. Галоўную хлебаробскую запаведзь - дзяржзаказ - выканалі ў поўным аб'ёме. Паставілі дзяржаве 2100 т пшаніцы, амаль уся трэцім харчовым класам, 300 т піваварнага ячменю».

Паводле слоў Міхаіла Сідарэнкі, залогам багатых ураджаяў у ААТ «Копцеўская Ніва» з'яўляецца захаванне трох галоўных фактараў - тэрміны сяўбы, яе якасць і элітнае насенне. Як патрабуе губернатар, не ніжэй за першыя рэпрадукцыі. «Паклаўшы ў зямлю дрэннае збожжа, не чакай ад яго добрага ўраджаю», – кажа дырэктар. Штогод гаспадарка набывае ў сортавыпрабавальнай станцыі па 100 т элітнага насення збожжавых культур.

Летась на копцеўскіх палях «прапісаліся» такія элітныя гатункі зімавой пшаніцы, як «скаген» і «гірлянда», якія прынеслі сягоння багаты ўраджай. У гэтыя дні земляробы «Копцеўскай Нівы» маюць намер увесь збожжавы клін засеяць азімай пшаніцай і цалкам адмовіцца ад апрацоўкі яравой. Кіраўнік звяртае ўвагу яшчэ на адзін немалаважны фактар поспеху - падбор палёў пад збожжавыя з добрымі папярэднікамі. У мінулым годзе цукровыя буракі і кукурузу рана пачалі ўбіраць.

А яшчэ ў гаспадарцы надаюць вялікую ўвагу абнаўленню машынна-трактарнага парка і своечасова надзейна рыхтуюць тэхніку да выхаду ў поле, каб у гарачую пару ўборачнай яна не падвяла. У гэтым годзе набылі новы сучасны агрэгат «Раса», на якім якасна і ў поўным аб'ёме падкармілі азімы і яравы збожжавы клін. Камбайны, на патрабаванне старшыні райвыканкама, паставілі на лінейку гатоўнасці яшчэ ў пачатку чэрвеня. Механізатары іх падрыхтавалі настолькі якасна, што ніякіх сур'ёзных паломак і значных прастояў з-за рамонту не было.

Багаты ўраджай, добрае надвор'е і выдатныя ўмовы працоўнага спаборніцтва, якія стымулявалі высокую прадукцыйнасць, садзейнічалі таму, што ўсе камбайнеры і вадзіцелі «Копцеўскай Нівы» сталі тысячнікамі на жніве. Лепшыя камбайнеры маглі зарабляць да 450 рублёў за дзень. Міхаіл Сідарэнка прыводзіць прыклад: «15 жніўня Васіль Шумянцоў намалаціў 115 тоны і зарабіў у гэты дзень 438 рублёў. У мінулым годзе на жніве нашы хлебаробы зарабілі па 5-6 тыс. рублёў у месяц». Рэкордным у яго быў дзень, калі выгрузіў з бункера камбайна 122 т. У працоўным спаборніцтве ў 14 хлебаробаў ААТ «Копцеўская Ніва» і ААТ «Племзавод Леніна», якое знаходзіцца ў даверным кіраванні, ёсць магчымасць, падняўшыся на ўнутрыгаспадарчы п'едэстал гонару, зарабіць па выніках  жніва «бонус»: камбайнеры ад 8 да 12 БВ, вадзіцелі ад 6 да 10 БВ.

Дырэктар не шкадуе слоў падзякі за добрасумленную працу і адказныя адносіны да справы вопытным камбайнерам Васілю Шумянцову, Юрыю Пацкалёву, Міхаілу Махавікову, Сяргею Мядзведзеву, Леаніду Дубелеву, вадзіцелям Міхаілу Шумянцаву і Івану Трыфанкову. У дарожных лістах хлебаробаў толькі выдатныя і добрыя адзнакі за якасць уборкі, якая была пад строгім кантролем агранамічнай службы пад кіраўніцтвам галоўнага агранома Вікторыі Якушавай.

«Жніво сёлета выдатнае, — дзеліцца ўражаннямі камбайнер Сяргей Мядзведзеў. - Надвор'е спрыяла. Паломак не было. Ураджай багаты. У нас усе палі на любату. Едзеш па полі на камбайне, любуешся і не нарадуешся потым, калі з бункера збожжа сыплецца ў кузаў машыны».

Для вадзіцеля Міхаіла Шумянцава гэта 4-е жніво. Атрымаў сёлета ключы ад новай машыны КАМАЗ, у кузаў якой змяшчаюцца па 2 бункеры, або 13 т. У рэкордны дзень у яго актыве было 303 т перавезенага ад камбайнаў на ток збожжа. Днём працаваў у полі, а па начах паспяваў зрабіць некалькі рэйсаў яшчэ і на элеватар. «У чарзе паспяваў паспаць у машыне. У мяне ў кабіне ёсць спецыяльна абсталяванае спальнае месца для адпачынку», - распавёў кіроўца-перадавік.

З такім рэкордным ураджаем земляробы ААТ «Копцеўская Ніва» прэтэндуюць на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару на раённых «Дажынках».

gorkiv.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая