RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У кожным раёне Магілёўскай вобласці зараз пішуць Кнігу працоўнай славы

Усе, хто праслаўляе «Радзіму»...

Сабраць інфармацыю аб сваіх земляках – заслужаных людзях працы – прапанаваў Магілёўскі абласны Савет ветэранаў. Дарэчы, першымі Кнігу працоўнай славы выдалі у Магілёўскім раёне яшчэ ў мінулым годзе. З такой ідэяй тады выступіў старшыня раённага Савета ветэранаў Віктар Пінчук, райвыканкам падтрымаў. У выданні ўвекавечаны імёны 600 заслужаных работнікаў, якія працавалі ў Магілёўскім раёне ў розных галінах народнай гаспадаркі. Затым ва ўрачыстай абстаноўцы гэту кнігу ўручалі ветэранам працы, яна папоўніла фонды бібліятэк. А стваральнікі зборніка плануюць новыя наклады з дапоўненымі звесткамі.

 

У Бялыніцкім раёне ў стварэнні Кнігі працоўнай славы задзейнічаны першасныя ячэйкі ветэранскай арганізацыі, БРСМ, прафсаюзы, школы, бібліятэкі. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Яўген Чарнякоў адзначае, што ўсе працоўныя калектывы актыўна ўключыліся ў працу па зборы інфармацыі аб сваіх перадавіках:

– У кожным раёне ёсць кніга «Памяць», прысвечаная абаронцам Айчыны і ахвярам войнаў. А пра герояў працы такога зборніка няма. Мы вырашылі сабраць даныя аб тых, хто быў узнагароджаны не толькі ордэнамі і медалямі за працоўныя заслугі, але і ганаровымі граматамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Да прыкладу, пераможцы «Дажынак». Ужо больш за 200 імёнаў: аграрыі, педагогі, медыкі – нашы землякі, якія атрымалі заслужаныя ўзнагароды за свой высокі прафесіяналізм.

Першыя старонкі Кнігі працоўнай славы пакуль у электроннай версіі можна прачытаць на сайце Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Дырэктар Бялыніцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Аксана Шаговік падкрэсліла, што гэта ўжо не першы вопыт працы над стварэннем кнігі:

– Да Дня Перамогі разам з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын працавалі над зборнікам «Жаночыя лёсы, апаленыя вайной». Пакуль гэта кніга ў электронным варыянце, гатовая да выдання. Там сабраны лёсы 71 жанчыны, якія былі медсёстрамі на фронце, у партызанскіх атрадах, перажылі акупацыю на тэрыторыі нашага раёна. У працы вельмі дапамагаюць падшыўкі нашай раённай газеты, якая раней называлася «Зара камунізму». Мы знаходзім артыкулы пра людзей працы – перадавікоў, іх фатаграфіі, чым яны былі ўзнагароджаны. І звярніце ўвагу: іх партрэты заўсёды друкаваліся на першай паласе.

На першых старонках Кнігі працоўнай славы бачым імёны, якія ведае ўся краіна. Сярод іх Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў. 45 гадоў прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы, з іх 40 паспяхова кіраваў калгасам «Радзіма». За сваю самаадданую працу Аляксандр Лапацентаў быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыны III і II ступені, свяціцеля Кірылы Тураўскага, медалём «За працоўныя заслугі» і іншымі ўзнагародамі. Неаднаразова яму прысвойвалася званне «Чалавек года» Магілёўскай вобласці і Бялыніцкага раёна. Яго імя занесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны. Памяці легендарнага кіраўніка калгаса «Радзіма» нават прысвяцілі паэтычны спектакль «Зямля мая», прэм’ера адбылася ў мінулую нядзелю. Адной з ініцыятыў Аляксандра Міхайлавіча было стварэнне музея гісторыі роднага сельгаспрадпрыемства. Таму звесткі, перададзеныя гэтым музеем, сталі важнай часткай Кнігі працоўнай славы Бялыніцкага раёна. Спецыяліст па музейнай рабоце Наталля Пікас налічыла 173 заслужаныя работнікі «Радзімы»:

– Узнагароджаныя ордэнамі і медалямі, пераможцы сацыяльных спаборніцтваў, ударнікі пяцігодак, ветэраны працы. Я звярталася ў наш аддзел кадраў, размаўляла са сваякамі. Хацелася б, каб ніхто не быў забыты. У музей прыходзяць вучні нашай школы, мясцовыя жыхары, ураджэнцы гэтых месцаў. І бывае, што хтосьці знаходзіць імя свайго сваяка і з гонарам чытае аб яго працоўных дасягненнях.

У цэнтры аграгарадка Вішоў У СВК «Калгас “Радзіма”» алея Славы. На ёй ушанаваны трактарыст-машыніст Мікалай Дарэчкін, які на гэтай уборачнай намалаціў звыш 5 тысяч тон збожжа. Наталля Пікас вырашыла запісаць успаміны ўсіх герояў алеі Славы і сабраць у брашуру:

– Не чакала, што такой цікавай суразмоўніцай будзе Клаўдзія Клімянкова, ёй ўжо за 80. Усё жыццё працавала ў калгасе даяркай, узнагароджана ордэнамі за добрасумленную працу. Яна расказала, як спала па чатыры гадзіны, вельмі адказна адносілася да працы, а калі яе запрасілі на ВДНХ, то не паехала, таму што баялася пакінуць сваю групу кароў на чужога чалавека. І вось ёй даслалі для яе раскошны па тых часах падарунак – гадзіннік і велізарную хустку. А яна разрэзала тую хустку на чатыры часткі і раздала тром сёстрам. У нас у музеі захоўваецца відэахроніка яшчэ з 1980-х, у калгасе імкнуліся захаваць на плёнку ўрачыстыя мерапрыемствы. І там інтэрв’ю людзей, якіх сёння ўжо няма ў жывых, тых, хто працаваў у калгасе ў пасляваенныя гады. І сёння іх сваякі па некалькі разоў пераглядаюць гэтыя кадры, калі прыходзяць да нас у музей. Бо памяць неацэнная.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая