RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Круглянскім раёне адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Вольгі Ярковіч

Аграгарадок Цяцерына Круглянскага раёна сабраў гасцей з Мінска, Магілёва, Масквы і Санкт-Пецярбурга, якія ўшанавалі памяць загінулай у гады вайны сваячкі – Вольгі Авілаўны Ярковіч. Гэта ўнікальная асоба: яна стала дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, заснавала калгас «1 Мая» ў Цяцерына (сёння ЗАТ «АСБ-Агра Цяцерына») і кіравала ім. Лёс так распарадзіўся, што жыццё гэтай яркай асобы трагічна абарвалася. За сувязь з партызанамі ў студзені 1943 года яна была вывезена ў Германію, дзе загінула ў лагеры смерці. У гонар Вольгі Ярковіч на адміністрацыйным будынку гаспадаркі была адкрыта мемарыяльная дошка.

На мармуровай пліце выгравіраваны фотаздымак дэпутата, яе імя і прозвішча, а таксама невялікі тэкст для сучаснікаў – інфармацыя пра тое, чым яна вядомая і памятная для гэтых месцаў. Гэта, дарэчы, не толькі грамадская дзейнасць, але і старонкі ваеннай гісторыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны з пачатку акупацыі раёна жанчына актыўна ўдзельнічала ў партызанскім руху і была сувязной.

Падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі старшыня Круглянскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Храмцоў адзначыў важнасць такой падзеі:

– Няма нічога страшнейшага, чым слова «вайна». Гады ўсё больш аддаляюць нас ад тых трагічных падзей. Але нічога нельга забываць. Сёння робяцца спробы фальсіфікаваць гісторыю вайны. Апраўдаць памагатых нацыстаў – сказіць ісціну. Тры тыдні таму мы атрымалі даныя з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі аб злачынствах нацыстаў, якія былі здзейсненыя на тэрыторыі Круглянскага раёна. Гэтыя факты былі выкрыты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў пасля вызвалення нашага раёна. У матэрыялах наступныя факты: у акце ад 26 снежня 1944 года ўстаноўлена, што на тэрыторыі Кругляншчыны ў агульным было забіта і вывезена ў лагеры 2365 чалавек. Сярод іх і Вольга Авілаўна Ярковіч. Як можна апраўдаць гэтыя злачынствы? Вайна – гэта вялікае гора, але і вялікі гонар за наш народ, які выстаяў. Подзвіг высечаны залатымі літарамі на абелісках. Лейтматыў нашай працы – ніхто не забыты, і мы працягваем гэту працу. Хачу сказаць, што яна паспяховая. Толькі за гэты год мы адкрылі ў раёне дзве мемарыяльныя дошкі. Трэба, каб сёння ўсе ведалі імёны герояў. Адно з іх – Вольга Авілаўна Ярковіч.

Яна стаяла ля вытокаў калектыўнай гаспадаркі, заслужыла сваімі справамі быць выбранай дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання. Памяць аб ёй захоўваюць яе сваякі. Адна з іх – унучка Валянціна Фірсава з Масквы:

– Ля вытокаў нашай сям’і стаяла Вольга Ярковіч. Яна аддавала вельмі шмат сіл і энергіі працы. У яе сям’і было пяцёра дзяцей – трое дачок і двое сыноў. У 1930 годзе быў забіты яе муж, таму яна з галавой сышла ў працу. Маёй мамы, самай малодшай у сям’і, не стала ў лютым гэтага года. Разбіраючы сямейны архіў, я знайшла яе запіскі. Ва ўспамінах былі звесткі пра бабулю, інфармацыя, як народ Беларусі змагаўся з захопнікамі. У першыя дні, калі схапілі Вольгу Авілаўну, яе трымалі ў будынку пошты. Дык мая мама (тады ёй было 9 гадоў) спрабавала перадаць ёй абутак. Фашысты не давалі пракрасціся да палонных... У наш час трэба выхоўваць патрыятызм. Гэтым мы абавязаны нашым продкам. Сваёй другой радзімай лічу Беларусь. Так мяне выхавала мая мама. З першага класа і аж да дзявятага мы прыязджалі ў Храпы. Я была пазбаўленая бабулі. Бо казкі мне расказвала не яна, а мама. Страшныя. Пра тое гора, якое прынесла вайна. Гэтага не забуду.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая