RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці да канца года афіцыйна запрацуе рэгіянальны IT-кластар

Кластарная праца

Мэта рэалізацыі ініцыятывы па фарміраванні кластара, у які ўвойдуць ВНУ, IT-кампаніі і шэраг прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці – развіваць адукацыю, укараняць інавацыі ў вытворчасць і эфектыўна прасоўваць рэгіён на ўнутраным і знешнім рынках.

Першыя крокі

У ролі каардынатара IT-кластара выступіла створанае пры камітэце эканомікі аблвыканкама Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця. Яго дырэктар Яўген Якімаў расказаў аб пачатковым этапе выбудоўвання такіх партнёрскіх адносін:

– Пры стварэнні нашага агенцтва адной з задач і было развіццё IT-галіны ў вобласці. У Магілёве ў кластар ужо гатовы ўвайсці тры ВНУ, якія навучаюць праграмістаў, і шэраг IT-кампаній і прамысловых прадпрыемстваў. Мы папярэдне правялі сумесныя канферэнцыі і круглыя сталы, прааналізавалі запыты ўсіх бакоў і перспектывы, якія з’явяцца ў выніку сеткавага ўзаемадзеяння. Да канца года кластар аформяць юрыдычна. Агенцтва ў якасці каардынатара будзе інфармаваць аб вакансіях, распрацоўках кампаній і ВНУ, магчымасцях павысіць кваліфікацыю, весці прафарыентацыйную працу.

У камандзе ўдзельнікаў будучага кластара ўжо ёсць першыя вынікі. У Беларуска-Расійскім універсітэце, які зяўляецца базавай ВНУ ў рэгіёне па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, адкрылі IT-лабараторыю «Кропка росту», дзе на трэнінгах могуць навучацца не толькі студэнты, але і ўсе жадаючыя. У найбліжэйшы час пройдзе пяты набор. БРУ на год выпускае каля 100 праграмістаў. Між тым IT-кампаніі гатовыя працаўладкаваць у сябе і больш, але пры ўмове, што яны будуць валодаць іх праграмнай мовай і заточаныя пад іх спецыфіку.

Запыты рынку

Без мадэрнізацыі IT-адукацыі рыхтаваць спецыялістаў, запатрабаваных на рынку працы, класічная ВНУ сёння ўжо не ў стане, як лічыць дэкан электратэхнічнага факультэта БРУ Сяргей Болатаў:

– Нашы выкладчыкі кіруюцца зацверджаным тыпавым вучэбным планам, а кампанент ВНУ, дзе можам гнутка падладжвацца пад сённяшнія запыты IT-рынку, нязначны. У апошнія гады мы сталі цесна супрацоўнічаць з магілёўскімі IT-кампаніямі: нашы студэнты і выкладчыкі праходзяць у іх стажыроўку, а іх супрацоўнікі чытаюць у нас лекцыі. У адной такой кампаніі створаны філіял нашай кафедры. Выкладчыкаў трэба матываваць да бесперапыннага навучання IT-трэндам, а таксама прадпрымаць крокі да таго, каб з-за дыспрапорцыі ў аплаце працы яны не сыходзілі ў фірмы. Падчас стажыровак у IT-кампаніях выкладчыкі ВНУ ўдзельнічаюць у распрацоўках праектаў і атрымліваюць за гэта бонусы. Сёння мы дамаўляемся аб супрацоўніцтве з фірмамі і прадпрыемствамі ў індывідуальным парадку. Ад IT-кластара чакаем, што ён стане каардынатарам пры вырашэнні гэтых і іншых задач.

На думку дырэктара прыватнай кампаніі Міхаіла Прановіча, які разам з выкладчыкамі ва ўніверсітэце чытае студэнтам лекцыі, у тандэме IT-кампанія – ВНУ – прадпрыемства выйграюць усе:

– Наша мова праграмавання – 1С: для працы з ім трэба прайсці атэстацыйны экзамен і атрымаць сертыфікат. У ідэале выпускнікі павінны быць ужо гатовымі спецыялістамі, а для гэтага на першых курсах ім неабходна вызначыцца са спецыялізацыяй. Супрацоўніцтва кампаній і ВНУ ў межах кластара дазваляе адпрацаваць наступную схему падрыхтоўкі маладых кадраў: выкладчыкі ВНУ даюць ім фундаментальныя веды, а мы – практыкі – навучаем пад вытворчыя патрэбы.

Алена Кукшынская, фота Андрэя Сазонава, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая