RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці далучыліся да рэспубліканскай акцыі памяці «Беларусь памятае. Памятаем кожнага»

У краіне праходзіць акцыя памяці «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі. У гэтыя дні жыхары і госці Магілёўскай вобласці наведваюць месцы воінскай славы, каб ускласці кветкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл і магіл невядомых салдат ва ўсіх кутках краіны.

У Бабруйскім раёне мерапрыемства прайшло ў вёсцы Сычкова, дзе прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, актыў грамадскіх фарміраванняў усклалі вянкі і кветкі да брацкай магілы, макета дзота, а таксама да стэлаў на алеі Герояў ля падножжа мемарыяльнага комплексу «Курган Славы».

Як прызналіся ўдзельнікі мерапрыемства, ускладанне кветак да абеліскаў і помнікаў героям вайны – гэта магчымасць паказаць, што сучаснікі памятаюць не толькі гэтыя месцы і людзей, якія загінулі за наша мірнае жыццё, але і сваіх блізкіх і родных, якія ўнеслі ўклад у агульную перамогу.

Актывісты Клімавіцкай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» прынялі ўдзел у акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага».

Хлопцы і дзяўчаты добраўпарадкоўвалі месцы пахаванняў загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкіх воінаў.

Як сказала першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Алеся Котава, эстафета добрых спраў будзе працягвацца.

 

Да эстафеты памяці таксама далучыўся Клічаўскі раён. У перадсвяточныя дні прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый раёна, навучэнцы і простыя жыхары ўскладаюць кветкі і вянкі да ўсіх абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл, мемарыяльных комплексаў, размешчаных на тэрыторыі раёна.

Карэспандэнты раённай газеты прынялі ўдзел ва ўрачыстым ускладанні кветак да брацкай магілы воінаў і партызан у аграгарадку Бацэвічы.

На тэрыторыі Бацэвіцкага сельскага Савета размешчана 16 воінскіх пахаванняў і памятных знакаў воінам, партызанам, землякам, якія загінулі ад рук фашыстаў.

На мерапрыемства прыйшлі мясцовыя жыхары рознага ўзросту. Людзі прынеслі з сабой не толькі кветкі, але і партрэты сваякоў, якія прайшлі жахі вайны і якімі яны ганарацца.

Прысутныя размаўлялі, кожны дзяліўся меркаваннем, што для яго значыць свята Перамогі.

«Дзень Перамогі – свята кожнага. Наўрад ці не знойдуцца сем’і, якіх не кранула тая трагедыя. Мы ўсе радуемся Перамозе, успамінаем герояў, якія аддавалі за яе жыццё. У песні спяваецца: «Свята са слязамі на вачах...» Гэта на самай справе так, бо душу перапаўняе і радасць і боль адначасова. Ускладанне кветак – светлая памяць аб усіх загінулых, – адзначыла Людміла Рослава.

«Мы памятаем і ведаем сваю гісторыю. Яшчэ піянерамі прыходзілі да гэтага помніка. Раслі на расказах сведкаў тых страшных падзей. Вельмі сумна, што ветэранаў засталося зусім мала. Важна захаваць у сэрцах і душах памяць пра вайну. Перамога ёсць перамога! Трэба шчыра берагчы гэтае свята. Хто забывае мінулае, той не мае будучыні, – заўважыла Тамара Кандрашова.

Для сясцёр Каці Абразевіч і Насці Храпко тут асаблівае месца. У гэтай брацкай магіле пахаваны іх прапрадзядуля. Трагічная гісторыя героя сям’і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Старэйшая сястра Насця падзялілася ёю.

«Майго прапрадзядулю звалі Вайтусёнак Уладзімір Іванавіч. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, але актыўна дапамагаў партызанам. Ён быў простым работнікам у калгасе. Яго задачай было ўбраць увесь ураджай, затым падзяліць яго паміж мясцовымі жыхарамі вёскі Якімава Ляда, а таксама завесці партызанам. Яго нехта выдаў, калі ён завозіў чарговую партыю ежы. Вярнуўшыся дадому, яго сустрэлі паліцаі. Адзін з паліцаяў – яго кум. Мая прапрабабуля прасіла не чапаць мужа. Але не... Прапрадзядулю і яго сябра, які дапамагаў дастаўляць ежу, адвезлі ў лес і прымусілі капаць яму. Іх расстралялі, а целы нават не закапалі, каб паказаць вяскоўцам, які лёс чакае тых, хто не гатовы падпарадкоўвацца. Некалькі чалавек з мясцовых жыхароў укралі цела і занеслі на могілкі, каб пахаваць па-людску. Перамога – гэта білет у шчаслівае жыццё. Вялікі дзякуй усім, хто падарыў нам яго, – расказала Насця».

Падчас эстафеты памяці жыхары Краснапольскага раёна са сваімі сем’ямі ўскладаюць кветкі і вянкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў і брацкіх магіл напярэдадні Дня Перамогі.

Як расказала в.а. першага сакратара РК ГА «БРСМ» Марыя Шайтура, эстафета «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» пройдзе ў знак удзячнасці і павагі да савецкіх салдат, воінаў-вызваліцелей, партызанаў, падпольшчыкаў, якія падарылі нам свабоду і незалежнасць.

«Мы гаворым «дзякуй» за тое, што можам радавацца жыццю, спяваць, танцаваць і сябраваць. Гаворым «дзякуй» нашым бацькам і дзядам за свабоду і мірнае неба – такі лейтматыў эстафеты памяці “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”», – адзначыла Марыя Шайтура. Таксама з 25 красавіка па 4 мая БРСМ быў рэалізаваны дабрачынны праект «Беларусь памятае. Ніхто не забыты. Нішто не забыта», галоўная мэта якога заключалася ў забеспячэнні пераемнасці пакаленняў з дапамогай прыцягнення ўвагі моладзі да захавання гістарычнай памяці.

Дабрачынны праект быў накіраваны на добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыі воінскіх помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл, якія захоўваюць гісторыю канкрэтных людзей, асоб, якія абаранялі сваю краіну, якія падарылі сучаснаму пакаленню мірнае сёння. Падчас яго правядзення было ажыццёўлена добраўпарадкаванне 10 мемарыялаў і помнікаў вайсковай славы, надмагільных збудаванняў на воінскіх пахаваннях у аг. Янаўка, аг. Тур’я, г. п. Краснаполле, аг. Горы, в. Палуж, в. Яшная Буда і іншых. Акрамя дабрачыннага праекта, былі праведзены працоўныя акцыі і суботнікі.

Калектыў бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» далучыўся да акцыі памяці. Журналісты ўсклалі кветкі на магілу Героя Савецкага саюза Н.Т. Кітаеў ў вёсцы Рогач Бялыніцкага раёна.

Да акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» можа далучыцца любы жадаючы. Урачыстыя цырымоніі ўскладання кветак праходзяць па ўсёй краіне.

Паводле матэрыялаў: Трыбуна працы, Зара над Друццю, Родная ніва, Сцяг саветаў, Чырвоны сцяг.

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая