RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці працягнуць працу па стварэнні спецыялізаваных цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва

У Магілёўскай вобласці працягнуць працу па стварэнні спецыялізаваных цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Павел Марыненка на пасяджэнні абноўленага Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

У рэгіёне ўжо некалькі гадоў арганізуюць цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва на базе вузкапрофільных структур. Добрыя прыклады – Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця, якое вядзе працу па падтрымцы IT-праектаў і IT-супольнасці, асацыяцыя «БАМАП», якая абараняе інтарэсы міжнародных перавозчыкаў.

У пачатку 2019 года на базе «Магілёўаблтурыста» быў зарэгістраваны Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва па канкрэтнай накіраванасці – для суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу інфраструктуры турызму. І як паказала праца, попыт на такія паслугі – велізарны, расказала дырэктар прадпрыемства Алена Карпенка. Ужо праведзена вялікая колькасць трэнінгаў і семінараў. Рознага роду дапамогу атрымала больш за 600 чалавек.

Спецыялізацыя цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва актуальная і неабходная, лічыць кіраўнік «Магілёўаблтурыста». «Звычайны цэнтр падтрымкі не можа валодаць тымі ведамі і паўнамоцтвамі, якімі валодаем мы, працуючы ў гэтай сістэме. Мы бачым яе знутры, разумеем існуючыя праблемы і прабелы, бо непасрэдна, з 2002 года, займаемся абслугоўваннем турыстаў».

Гаворачы аб развіцці турызму ў рэгіёне ў цэлым, Алена Карпенка адзначыла: для развіцця гэтага напрамку ў Магілёўскай вобласці неабходна «насыціць» аб’екты адсутнымі элементамі. Часам выдаткі тут будуць мінімальнымі. Так, заасаду ў Буйнічах, куды ў выхадныя дні прыязджае па 15 аўтобусаў турыстаў, не хапае месцаў харчавання і сувеніраў. Ёсць вялікі попыт на арганізацыю байдарачных паходаў, сплаваў на плытах па нашых найпрыгажэйшых рэках і азёрах, а прапаноў няма. «Тут вялікі фронт работы, – канстатавала дырэктар «Магілёўаблтурыст». – Дзякуючы таму, што мы структуравалі яго, ідуць вынікі. Прывабліваем да гэтай працы бізнесменаў, накіроўваем на пэўныя напрамкі, дапамагаем, непасрэдна карыстаемся іх паслугамі».

Цэнтр вядзе дзейнасць і па рашэнні актуальных для сферы пытанняў. Напрыклад, у Магілёве існавала праблема з паркоўкай турыстычных аўтобусаў. За год яна вырашылася дзякуючы кансалідацыі намаганняў перавозчыкаў, экскурсаводаў і Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Яшчэ адзін момант, які, паводле слоў Алены Карпенкі, патрабуе ўмяшальніцтва – адсутнасць у Магілёве добра абсталяванага і зручнага месца для продажу сувеніраў нашых рамеснікаў.

Гаворачы пра спецыялізаваныя цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, Павел Марыненка падкрэсліў, што ёсць шэраг сфер, дзе падобных грамадскіх аб’яднанняў або структур няма. Пра многія напрамкі не хапае дакладнай інфармацыі. Таму адным з напрамкаў дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Магілёўскім аблвыканкаме павінна стаць вызначэнне сфер, якія ў першую чаргу маюць патрэбу ў такім суправаджэнні.

«Мы бачым як мінімум чатыры галіны. Гэта дрэваапрацоўка, раздробны гандаль, бытавыя паслугі і будаўнічая дзейнасць, – канстатаваў намеснік старшыні камітэта эканомікі. – Узнятае пытанне трэба абмеркаваць і вырашыць, якія два напрамкі будуць распрацоўвацца з дапамогай вашых рэкамендацый як асноўныя для камітэта эканоміі ў першым паўгоддзі 2020 года».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая