У краіне працягваецца рэспубліканская акцыя памяці«У славу агульнай перамогі». Сёння, 27 верасня, яна праходзіць у Хоцімскім раёне, які першым на Магілёўшчыне быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў 26 верасня 1943 года.
Звычайна гэту дату ў Хоцімску ўрачыста адзначаюць як Дзень горада, але гэтым разам святочную праграму перанеслі на сёння, каб правесці ў адзін дзень з цырымоніяй смутку, прысвечанай героям-вызваліцелям, якія загінулі на гэтай зямлі.
Урачысты мітынг, ускладанне кветак у межах акцыі «У славу агульнай перамогі» прайшлі ў гарадскім скверы па вуліцы Кірава побач з брацкай магілай савецкім воінам.
Да мітынгу памяці жыхары Хоцімскага раёна пачалі рыхтавацца загадзя. На працягу двух тыдняў, якія папярэднічаюць гэтай падзеі, школьнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў збіралі зямлю ў спецыяльныя мяшэчкі з васямнаццаці воінскіх пахаванняў, брацкіх і адзіночных, размешчаных на тэрыторыі раёна, – усяго ў іх знайшоў свой апошні прытулак 231 чырвонаармеец.
Самае буйное пахаванне – брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Хоцімска ў верасні 1943 года. Тут усталявана манументальная скульптура воіна з аўтаматам і знятай з галавы каскай, а таксама стэла і пліты з прозвішчамі 171 вядомага героя і 24 невядомых, якія тут пахаваны.
У вёсцы Горня на мяжы з Расіяй усталяваны вядомы помнік героям-кавалерыстам. На гэтым месцы 16 жніўня 1941 года загінула 13 байцоў паўэскадрона сувязі пад камандаваннем палітрука Івана Гарабца, тут іх брацкая магіла.
Кавалерысты жывым заслонам стаялі на шляху гітлераўскіх танкаў і матацыклаў, якія рваліся да пераправы праз раку Іпуць, якую фарсіравалі стомленыя, зраненыя ў кровапралітных баях рэшткі чырвонаармейскіхпадраздзяленняў. Усе байцы паўэскадрона аддалі свае жыцці за тое, каб хоць ненадоўга затрымаць фашыстаў. Бой у Горні стаў апошнім пры гераічнай абароне Хоцімшчыны.
У аграгарадку Бярозкі пахаваны лётчык Уладзімір Георгіевіч Маркаў 1915 года нараджэння, штурман 4-й эскадрыллі 135-га авіяпалка. Лейтэнант Маркаў загінуў 7 ліпеня 1941 года пры абароне Хоцімскага раёна.
Ва ўрачыстай цырымоніі, якая пачалася ў 14.00, прынялі ўдзел прадстаўнікі абласной і мясцовай вертыкалі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, актывісты моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, працоўныя калектывы і ўсе неабыякавыя мясцовыя жыхары. Таксама прыехалі ганаровыя грамадзяне Хоцімскага раёна, яго ўраджэнцы Надзея Ермакова, якая займала пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка да 27 снежня 2014 года, і намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай абласной бальніцы Ігар Савасценка. Былі і госці з Расіі – дэлегацыі з Суража і Клетні Бранскай вобласці.
Калі мітынг пачынаўся, было пахмурна, але раптам выглянула сонейка, асвяціла тых, хто сабраўся ўшаноўваць воінаў-вызваліцеляў. Гэта і адзначыла ў сваёй прывітальнай прамове Надзея Ермакова, падкрэсліўшы, што сонца свеціць на святым месцы ў гонар знамянальнай даты, у памяць пра герояў.
Капсулу з зямлёй з месцаў воінскіх пахаванняў Хоцімскага раёна падчас урачыстай цырымоніі перадалі намесніку дырэктара ААТ «Бабушкина крынка» Святлане Сташэўскай. А 9 мая наступнага года разам з зямлёй, узятай з усіх святых месцаў нашай Радзімы, яна будзе закладзена ў нішу храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.
Акцыя «У славу агульнай перамогі» на Магілёўшчыне працягваецца: заўтра, 28 верасня, яна пройдзе ў Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Крычаўскім і Мсціслаўскім раёнах.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
02.04.2025 - 09:10
У Беларусі і Расіі 2 красавіка адзначаюць Дзень яднання народаў
27.03.2025 - 11:24
Ад хутара да канцлагера - дзе ў Беларусі знойдзены раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр генацыду
21.03.2025 - 16:00
20.03.2025 - 14:45
17.03.2025 - 09:33
Музейную экспазіцыю, прысвечаную пошукаваму руху, абсталююць у Магілёве