RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці праходзяць планавыя заняткі па пытаннях забеспячэння бяспекі рэгіёну

Планавыя заняткі па пытаннях гарантавання бяспекі Магілёўскай вобласці праходзяць у Чавускім раёне. Удзел у іх бяруць старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, ваенныя камісары раёнаў і гарадоў, прадстаўнікі сілавога блока.

«Прэзідэнт не аднойчы казаў, што ў існуючай абстаноўцы, калі вакол нашых межаў неспакойна, кожны беларус павінен быць гатовы ў любы час устаць на абарону сваёй краіны, - адзначыў ваенны камісар Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін. - Адсюль прымаюцца меры і кіраўніцтвам дзяржавы: мы бачым, што ўносяцца змены ў нашы законы – абноўлена Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. На сённяшніх занятках мы яшчэ раз расставім вешкі, давядзём да старшынь пастаўленыя задачы і пераканаемся ў тым, што ў іх ёсць разуменне, як дзейнічаць кіраўнікам у выпадку ўзнікнення пагрозы бяспецы нашай дзяржавы».

Па словах ваенкама, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў - непасрэдна тыя людзі, ад якіх залежыць бяспека рэгіёна. Таму для іх на занятках арганізавана як тэарэтычная частка, падчас якой ім яшчэ раз раскажуць аб пастаўленых задачах і спосабах іх выканання, так і практычная частка, падчас якой будуць прадэманстраваны асобныя элементы разгортвання тэрытарыяльнай абароны. Такія мерапрыемствы не адзінкавыя і праводзяцца з кіруючымі кадрамі мінімум двойчы за год. У мінулым годзе яны адбыліся на тэрыторыі Клімавіцкага раёна.

«Гэта планавыя заняткі, якія праходзяць рэгулярна і ідуць на некалькіх узроўнях. Спачатку арганізуюцца на ўзроўні ваеннага камісарыята, затым раёна і толькі пасля гэтага - у абласным маштабе», - удакладніў Аляксандр Гарошкін.

«Аналіз існуючай ваенна-палітычнай абстаноўкі паказвае, што сваім геапалітычным супрацьстаяннем з Расіяй Захад працягвае нарошчваць групоўкі на сумежнай з намі тэрыторыі, тым самым прымушаючы нас прымаць адэкватныя меры процідзеяння, - падкрэсліў ваенны камісар. - Для таго каб яны былі эфектыўнымі, кожны з нас, выконваючы ўскладзеныя на яго задачы, павінен разумець тое месца і ролю, якія адводзяцца яму ў агульнай сістэме нацыянальнай бяспекі краіны».

БЕЛ​ТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая