У Магілёўскай вобласці прыбрана больш за 90% лясных тэрыторый, насаджэнні якіх пацярпелі ад студзеньскай непагадзі. Пра гэта паведаміў галоўны ляснічы Магілёўскага ДВЛГА Алег Селіх.
«Праз ураганны вецер у студзені ў Магілёўскай вобласці пацярпела 6,4 тыс. га лясных тэрыторый. На дадзены момант у рэгіёне ўжо прыбрана больш за 90% плошчаў, насаджэнні якіх пацярпелі падчас стыхіі», – паведаміў ён.
Чавускі раён стаў адным з самых пацярпелых падчас студзеньскага разгулу стыхіі. Тут ветрам было пашкоджана каля 500 га лясных насаджэнняў. Як расказаў дырэктар Чавускага лясгаса Аляксандр Юркоў, уборка буралому ідзе актыўнымі тэмпамі – зараз ужо фінішная прамая. «На сённяшні дзень суцэльнымі санітарнымі высечкамі ўжо прыбрана 219 га – вывезена 87 тыс. куб. м драўніны. Суцэльныя санітарныя рубкі практычна ўсе скончаныя, зараз працуем на выбарачных санітарных высечках, якія будуць скончаныя ў найбліжэйшыя дні».
Акрамя гэтага, актыўна вядзецца падвозка драўніны на прамысловыя склады. «Засталося падвозіць каля 10 тыс. куб. м драўніны на прамсклады. Частка працы вядзецца на цяжкадаступных участках, але да 15 сакавіка драўніна ўся будзе вывезеная», – адзначыў дырэктар Чавускага лясгаса.
Вывезеная драўніна ідзе на рэалізацыю – прадпрыемствам канцэрна і іншым арганізацыям праз біржу. Часткова лесаматэрыял перапрацоўваецца ў новым дрэваапрацоўчым цэху, які нядаўна пачаў працаваць у Чавускім лясгасе.
Для ўборкі пашкоджанай ураганным ветрам драўніны Прэзідэнт краіны вызначыў жорсткія тэрміны: яна павінна быць прыбраная не пазней за 15 сакавіка. «Такое рашэнне абумоўлена ўмовамі надвор’я – пакуль зямля змёрзлая і не пачалася адліга, – адзначыў Аляксандр Юркоў. – Акрамя таго, што трэба вывезці і перапрацаваць пацярпелую драўніну, яшчэ неабходна прывесці ў парадак нашу лясную гаспадарку. І планы ў нас амбіцыйныя – на працягу гэтага года залесіць усю пашкоджаную студзеньскім ураганным ветрам тэрыторыю. Для гэтага ў нас ёсць уласны гадавальнік, дзе вырошчваецца пасадачны матэрыял. І яго дастаткова, каб на гэтых участках з’явіліся новыя лясы».
На сённяшні дзень на ўборцы буралому ў Чавускім лясгасе працуе 145 чалавек.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 09:25
Магілёўская вобласць па выніках работы за 2024 год будзе занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11