Выклік прымуць
У сельскай амбулаторыі Бялыніцкага раёна зараз выпісваюць электронныя рэцэпты, а ў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы пасля завяршэння будаўніцтва кардыяхірургічнага корпуса істотна скароціцца ліст чакання на аперацыі. У абодвух выпадках пры ажыццяўленні гэтых праектаў фінансавую дапамогу аказалі прадпрыемствы і арганізацыі рэгіёна.
Інтэрнэт у дапамогу
У нежкаўскай амбулаторыі Бялыніцкага раёна ўжо не так многа вяскоўцаў прыходзіць на прыём, як яшчэ месяц таму: другая хваля каранавіруса пайшла на спад. У медыкаў з’яўляецца больш часу на звычайных пацыентаў. Пенсіянерам ўсё яшчэ рэкамендуюць без вострай патрэбы не наведваць людныя месцы, у тым ліку паліклініку. Ужо лепш урач сам прыедзе на дом. Тым больш у арсенале сельскіх медыкаў зараз ёсць новы партатыўны электракардыёграф – падарунак мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Калгас “Радзіма”». Як адзначае ўрач агульнай практыкі Марыя Зайцава, дывідэндамі такой спонсарскай дапамогі можа стаць выратаванае чалавечае жыццё:
– Раней, прыязджаючы на выклік да пацыента з інфарктам, мы яго спачатку везлі ў раённую бальніцу. Зараз можам з дапамогай гэтага апарата перадаць праз інтэрнэт кардыяграму адразу ў Магілёўскую абласную бальніцу, каб кардыяхірургі аператыўна вырашылі, ці патрэбна тэрміновая аперацыя. У такіх выпадках кожная гадзіна можа быць на вагу золата, а дакладней, каштаваць жыцця.
Яшчэ адно набыццё дзякуючы спонсарскай дапамозе гаспадаркі – камп’ютар са спецыяльным праграмным забеспячэннем, каб выпісваць электронныя рэцэпты. Марыя Зайцава тлумачыць:
– Скажам, у чалавека хранічнае захворванне, ён рэгулярна прымае адны і тыя ж лекі. Цяпер пацыенту не трэба прыходзіць на прыём, каб я выпісала папяровы рэцэпт. Ён проста тэлефануе, а я падаўжаю рэцэпт адным клікам. Тое, што карысць такіх дыстанцыйных зносін расце ў эпоху пандэміі, думаю, тлумачыць не трэба.
Сацыяльна адказная стратэгія
Сітуацыя з каранавірусам актывізавала ў грамадстве ўзаемаадказнасць, як лічыць галоўны ўрач Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы Павел Манько:
– Летась Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу аказала нам спонсарскую дапамогу для абсталявання кантактнага цэнтра – камфортных памяшканняў у чыстай зоне, дзе медыкі адпачываюць. Былі закуплены мэбля, халадзільнік, тэлевізар, мікрахвалевыя печы, пральная машына. Усе выдатна памятаюць, у якім рэжыме даводзілася працаваць урачам. У нашу бальніцу некалькі месяцаў у самы пік захворвання дастаўлялі пацыентаў з абласнога цэнтра. Зараз узровень захворвання знізіўся ў дзесяць разоў, мы ўжо больш маем справу з рэспіраторнымі інфекцыямі. Але і кіслародныя кропкі, і набытае абсталяванне, а галоўнае, вопыт зараз у нас ёсць. Як толькі адкрыюцца межы, дзякуючы дапамозе тых жа прафсаюзаў нам даставяць 40 медыцынскіх функцыянальных ложкаў.
– Сацыяльна адказны бізнэс (а чаму б і не называць бізнесам працу перадавой гаспадаркі, якая развіваецца за кошт уласнага прыбытку?) – гэта лагічная стратэгія асобнага прадпрыемства ў сацыяльна адказнай дзяржаве, – лічыць намеснік старшыні СВК «Калгас “Радзіма”» Міхаіл Скусаў. – Да нас звяртаюцца нашы медыкі, мы разглядаем іх просьбы аб фінансавай дапамозе на праўленні. Падтрымліваем і школу. Рэгулярна займаемся добраўпарадкаваннем аграгарадкоў, будуем жыллё. Пра што б ні ішла гаворка, у выніку мы інвестуем у нашых людзей.
Патрабаванне часу
У 2020 годзе СВК «Калгас «Радзіма”», як і ўсе астатнія сельгаспрадпрыемствы Магілёўшчыны, падключыўся да фінансавання будаўніцтва новага радыялагічнага корпуса абласнога анкадыспансера. Па ініцыятыве абласных уладаў аграрыі пералічвалі 0,6 працэнта ад выручкі на спецрахунак.
Восенню мінулага года ў Магілёве ў мікрараёне адкрылася інтэграваная паліклініка. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы фінансавай дапамозе гарадскіх арганізацый. А ў кардыяхірургічным корпусе Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы ўжо ідуць работы па ўнутраным аздабленні. Спонсарскую дапамогу аказваюць прамысловыя прадпрыемствы. Кошт пытання будаўніцтва – каля 30 мільёнаў рублёў.
Хутка пачнецца ўзвядзенне кардыятэрапеўтычнага корпуса – яшчэ 34 мільёны, плюс дарагое дадатковае абсталяванне бярэ на сябе Міністэрства аховы здароўя.
Галоўны ўрач Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Анатоль Кулік кожны дзень абыходзіць аб’ект і сочыць за работамі:
– Сёння ў вобласці ліст чакання на кардыяхірургічныя аперацыі на адкрытым сэрцы складае паўтара года. У новым корпусе будуць і прасторныя аперацыйныя, і самае сучаснае медабсталяванне. Нашы кардыяхірургі за апошнія гады здзейснілі прарыў і асвоілі новыя медыцынскія напрамкі: эндаваскулярную хірургію, калі патрабуецца ўсяго пара надрэзаў на целе пацыента, стэнціраванне каранарных артэрый, пратэзаванне і пластыку клапанаў сэрца – пералічваць можна доўга. Дзякуючы таму, што трансплантолагі авалодалі тэхналогіяй перасадкі ныркі, пацыенты, якія раней былі залежныя ад гемадыялізу, атрымалі магчымасць жыць звычайным жыццём. У планах – праводзіць трансплантацыю печані і сэрца. З’явіцца ў нас у бальніцы і дыягнастычнае абсталяванне апошняга пакалення, і новае прыёмнае аддзяленне. Тая ж сітуацыя з каранавірусам паказала, што мы ўжо жывём у новых рэаліях, якія патрабуюць высокатэхналагічных медыцынскіх метадаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.04.2025 - 13:01
17.04.2025 - 16:42
15.04.2025 - 10:05
10.04.2025 - 12:07
Медыкі Магілёўшчыны - у ліку лаўрэатаў прэміі БПРЗ у галіне аховы працы
09.04.2025 - 12:10
Навучанне прафактыва - інвестыцыя ў будучыню арганізацыі аховы здароўя