«Прышчэпка» ад пустазелля
Яе трэба зрабіць своечасова, каб стварыць добрыя ўмовы для росту кукурузы.
Выдаткаваць на сяўбу каласальныя сродкі і своечасова не правесці абарону раслін – злачынства. Без хімпраполкі захаваць ураджай немагчыма. Гэта абавязковая тэхналагічная ўмова. У краіне дастаткова прэпаратаў, у першую чаргу айчынных. Галоўнае – не прапусціць патрэбную фазу ў раслін, інакш хімія папросту не падзейнічае. У Круглянскім раёне, як і ў многіх іншых у Магілёўскай вобласці, скончылі хімпраполку азімай і яравой груп. Зараз адказны этап унясення гербіцыдаў на кукурузныя палі.
У ААТ «Круглянскі рассвет» 1100 гектараў азімых культур, усе ўжо апрацаваныя хіміяй. Асноўныя сілы, тлумачыць галоўны аграном Сяргей Астроўскі, кінутыя на кукурузу:
– Своечасовая праполка напрамую ўплывае на ўраджайнасць. Калі пустазелле перарасце, гербіцыды толькі трошкі прыглушаць іх. Гэта дрэнна, бо пустазельныя расліны больш канкурэнтаздольныя: спажываюць у тры разы больш мінеральных угнаенняў і іншых пажыўных рэчываў.
Для кожнай з культур ёсць найбольш аптымальная фаза развіцця, падчас якой неабходна ўносіць хімію. Надышоў час апрацаваць гербіцыдамі кукурузу.
– Ведаю гаспадаркі, якія засталіся без кармоў якраз праз тое, што прапусцілі гэту важную фазу, – адзначае Сяргей Аляксандравіч. – Хімія спрацавала не ў плюс. Прэпарат пачаў прыгнятаць кукурузу. Што гэта значыць? Культура адчувала стрэс, і рост яе спыніўся ў той фазе развіцця, калі была праведзена хімпраполка. Такога дапусціць нельга, бо гэта нашы кармы, іх павінна быць у дастатку.
За рулём апырсквальніка 30-гадовы механізатар Яўген Таланаў. Агрэгат набыты гаспадаркай у мінулым годзе. У яго вялікая шырыня захопу ў параўнанні з наяўнымі ў сельгаспрадпрыемстве аналагамі, за адзін праход апрацоўвае 24 метры пасеваў.
– Апырсквальнік «цюнінгавы»: ёсць устаноўка малааб’ёмнага ўнясення, – апісвае агрэгат Жэня. – У залежнасці ад прэпарата на гектар сыходзіць ад 32 да 35 літраў раствору. Заправіў бочку, хапае на 80‑90 гектараў – на дзень працы. Гэта эканомія хімпрэпарата, а таксама вады. За кошт мелкакапельнага дысперснага ўнясення эфектыўнасць гербіцыдаў значна вышэйшая.
У дапамогу ў Жэні камп’ютар, на якім рэгулюецца аб’ём ўнясення хіміі.
– Цяпер, да прыкладу, устаноўлена 125 літраў на гектар. Працую з другой асадкай, найбольш прыдатнай для данага поля. Калі загусцелася трава і кукуруза прыпаднялася вышэй, магу павялічыць аб’ём, выстаўляю іншыя параметры. Аўтаматыка лічыць пройдзеныя гектары, хуткасць і іншыя паказчыкі, – задаволены Яўген.
У гаспадарцы 650 гектараў кукурузы. Да яе хімпраполкі пачалі амаль тыдзень таму. Працуюць па плаваючаму графіку. Калі на вуліцы горача, эфектыўнасць прэпарата зніжаецца. Ён хутчэй выпараецца, перашкаджае пранікненню пылу.
– Калі стаяла спякота, выходзіў у поле каля пяці гадзін вечара, заканчваў бліжэй да дзесяці, – тлумачыць Жэня. – На хуткасць праполкі ўплывае і канфігурацыя. Калі палі гонкія, працаваць камфортна: апырсквальнік лавіруе па полі, як птушка. А з боку як прыгожа! На мне вялікая адказнасць. Паспрабую ўхадзіцца ў тэрмін, бо, чым лепш спрацую, тым больш будзе кармоў.
На 15 чэрвеня хімпраполка кукурузы ў Магілёўскай вобласці праведзена на 78 тысячах гектараў – палове плошчаў. У сярэднім па краіне гэты паказчык у паўтара разы вышэйшы, таму гаспадаркам трэба паскорыць тэмпы работ.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.05.2025 - 14:03
10.05.2025 - 10:58
08.05.2025 - 18:36