Момант ісціны
На раніцу ўчарашняга дня ў Магілёўскай вобласці было ўбрана 97 працэнтаў збожжавых культур з улікам рапсу, намалочана 918 тысяч тон. У тройцы лідараў па ўраджайнасці Шклоўскі, Кіраўскі і Магілёўскі раёны. Аграрыі пачалі ўборку кукурузы на сілас, грэчкі, бульбы, актыўна ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых.
Лідар жніва не толькі ў сваёй гаспадарцы - СВК «Калгас «Радзіма», але і ў Бялыніцкім раёне Мікалай Дарэчкін цяпер пераключыўся на ўборку кукурузы. Экіпаж пад яго кіраўніцтвам з памочнікам Міхаілам Фурсавым у гэтым сезоне перавысіў планку 4000 тон. А зараз заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Дарэчкін кампетэнтна разважае пра віды на ўраджай кукурузы — адчувае важкасць зялёнай масы нават па напружаным руху камбайна, а на адвозцы ў яго адразу шэсць трактароў. Механізатар заўважае: хуткасць - не галоўнае, аграном кантралюе якасць драбнення кукурузы на сілас, а камбайнер на кампутары рэгулюе налады корн-крэкера:
- Збожжа павінна быць цалкам разбіта, тады мы атрымаем паўнавартасныя кармы і рэнтабельнасць вытворчасці. Працы нам яшчэ ўдосталь: 2400 гектараў кукурузы, 200 гектараў грэчкі, потым на трактар перасяду.
Трактарыст Аляксандр Кузьмянкоў вядзе ўзворванне пад азімыя:
- Трэба выконваць аптымальную глыбіню ўзворвання, з чатырохметровым плугам акуратна апахаць поле па перыметры, аб'ехаць кожны слуп і куст. Завяршылі сяўбу азімага рапсу, потым будзем апрацоўваць пасевы.
Лагістыка палявых работ - задача каманды аграномаў, каб «перазагрузка» з жніва на пасяўную адбывалася з захаваннем аптымальных тэхналагічных тэрмінаў пад кожную культуру. Малады спецыяліст - аграном агульнай практыкі Марыя Чарнабай адказвае за вываз саломы з палёў. Фронт работ вялікі - ужо спрасавана амаль 9000 тон, у першую чаргу неабходна вызваліць палі, на якіх будуць больш раннія пасевы. Марыя родам з гэтых мясцін, бацька працуе жывёлаводам у «Радзіме», дзяўчына паступала ў сельгасакадэмію ў Горках, каб вярнуцца ў родную гаспадарку. Сама за рулём службовай «Нівы», навучаецца ў моташколе, каб кіраваць спартыўным матацыклам, а яшчэ яна меламан і любіць адпачыць пасля працы на ўласным агародзе — такое вось нянуднае жыццё:
- У перыяд жніва я была начальнікам збожжатока, на мінулай уборачнай курыравала працу камбайнераў. Нам даюць выхадныя, як толькі папросім, але, сапраўды кажучы, у перыяд уборачнай бываю дома менш, чым мой муж-дальнабойнік.
Для нас, аграномаў, уборачная - момант ісціны. Менавіта зараз вельмі важна штодзень дзейнічаць максімальна кропкава, тым больш сёлета культуры спеюць у нестандартныя тэрміны. Адмысловы драйв зведваеш, калі бачыш вынік сваіх рашэнняў, працы ўсёй каманды. Намалот збожжавых з улікам рапсу склаў 21 653 тон.
Зараз у СВК «Калгас «Радзіма» працягваецца корманарыхтоўка - чацвёрты ўкос. Прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас, ураджайнасць высокая. Забяспечанасць кармамі - стратэгічна важная задача. У структуры пасяўных плошчаў максімальна павялічваюць клін азімых.
У СВК «Калгас «Радзіма» ў суботу па-сямейнаму цёпла адзначылі ўласныя «Дажынкі». Сцэнай для свята стаў амфітэатр у аграгарадку Вішоў - цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Герояў жніва было не пазнаць: у гарнітурах і пры гальштуках. Уклад кожнага работніка ў агульны каравай, як лічыць кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, дарагога каштуе, таму на сцэну ў гэты дзень выйшлі 74 чалавекі: экіпажы камбайнераў, вадзіцелі на адвозцы збожжа, работнікі збожжатакоў, механізатары, якія вызначыліся на пасяўной і корманарыхтоўцы. Кожны быў узнагароджаны граматай і грашовай прэміяй.
Старшыня СВК «Калгас «Радзіма» Алег Лапацентаў звярнуў увагу на галоўную асаблівасць цяперашняй уборачнай – яна была на 10 дзён карацейшая за леташнія тэрміны:
- Гэта былі найбольш нагружаныя і напружаныя 28 дзён. Кожны разумеў значнасць сваёй працы для агульнага выніку. Нашы традыцыйныя «Дажынкі» ў сваім коле – гэта магчымасць не проста перавесці дух пасля гарачай уборачнай пары, сказаць нашым людзям словы падзякі, але і магчымасць усвядоміць, для чаго патрэбна такая самаахвярная праца, чаму так важныя высокія паказчыкі. Механізатары з гонарам выходзілі на сцэну, калі на іх глядзелі іх жонкі, дзеці, землякі. І гэта самая магутная матывацыя – усведамленне значнасці сваёй справы для «Радзімы» і ўсёй краіны.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.02.2025 - 12:54
Ратавальнікі расказалі аб ліквідацыі наступстваў прарыву трубаправода ў Асіповічах
18.02.2025 - 08:58
Да канца года ў Магілёўскай вобласці пабудуюць тры комплексы па вырошчванні каштоўных парод рыб
14.02.2025 - 14:44
«Галоўнае - атрымаць наш, айчынны прадукт». Раман Галоўчанка аб развіцці цяплічнага агародніцтва
14.02.2025 - 14:28
Менш бульбы, больш гародніны і садавіны. Раман Галоўчанка аб смакавых перавагах беларусаў