RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці з сённяшняга дня стартуе кампанія па вакцынацыі супраць грыпу

У Магілёўскай вобласці, як і ва ўсёй краіне, з 3 кастрычніка стартуе масавая кампанія вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні па ахове здароўя аблвыканкама.

Для вакцынацыі насельніцтву на бясплатнай аснове даступная вакцына «Грыпол Плюс» (Расійская Федэрацыя), на платнай – «ВаксігрыпТэтра» (Францыя) і «ІнфлювакТэтра» (Нідэрланды).

Як запэўніваюць медыкі, усе названыя вакцыны змяшчаюць выключна актуальныя штамы віруса, рэкамендаваныя СААЗ для ўключэння ў склад сезонных вакцын супраць грыпу для выкарыстання ў сезоне 2024-2025 гг.

«Адным з папулярных пытанняў адносна вакцынацыі супраць грыпу з'яўляецца пытанне аб тым, якой вакцынай прышчапляцца - трохвалентнай або чатырохвалентнай, расійскай або французскай і г.д. Адказ - прышчапляцца трэба любой даступнай вакцынай і, пажадана, да пачатку сезона грыпу (кастрычнік-лістапад). Усе вакцыны, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне, супастаўныя паміж сабой па эфектыўнасці і бяспецы, а неапраўданае чаканне «сваёй» вакцыны можа прывесці да таго, што сустрэча з жывым вірусам адбудзецца раней вакцынацыі», – адзначаюць ва ўпраўленні.

Трэба адзначыць, што зараз у арганізацыях аховы здароўя прымаюцца ўсе меры для таго, каб вакцынацыя была максімальна даступнай. Так, зменены графік работы працэдурных (прышчэпачных) кабінетаў, для вакцынацыі выдзелены асобныя памяшканні і работнікі, медыцынскі агляд і прышчэпкі праводзяцца па-за чаргой, працуюць прышчэпачныя брыгады для вакцынацыі ў калектывах.

«Не варта забываць і пра іншыя меры прафілактыкі: пазбяганне кантактаў з хворымі на ВРВІ, выкарыстанне пры неабходнасці ахоўных масак з іх зменай кожныя 2-3 гадзіны, праветрыванне памяшканняў, гігіена рук, паўнавартасны сон, свежае паветра, актыўны адпачынак, збалансаванае харчаванне, а таксама прафілактыка і лячэнне спадарожных захворванняў і станаў, якія абумаўляюць павышэнне ўспрымальнасці арганізма да віруса грыпу», - нагадваюць медыкі.

Эпідэміёлагі заклікаюць эфектыўна выкарыстоўваць усе існуючыя магчымасці прафілактыкі і падтрымаць кампанію імунізацыі супраць грыпу, якая стартуе, як найбольш эфектыўны метад прафілактыкі інфекцыі. У тым ліку, які садзейнічае фарміраванню калектыўнага імунітэту.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая