RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім абласным музеі імя П. В. Масленікава 18 сакавіка адкрыецца фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой»

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава 18 сакавіка ў 12.00 адкрыецца фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой». Пра гэта паведамілі ва ўстанове культуры.

«Майстар захоўвае Беларусь сапраўднай, той, якую большасць з нас ведае з дзяцінства. Ён шмат падарожнічае па краіне, таму на выставе можна палюбавацца дагледжанымі палямі, драўлянымі хаткамі, зборам ураджаю, знакамітымі архітэктурнымі помнікамі, усмешкамі людзей і крыламі буслоў у палёце. Шмат увагі фатограф надае беларускай сталіцы, якая прываблівае сваім мінулым і ўражвае новым днём», – расказалі суразмоўцы.

Фотавыстава «Бачу Беларусь такой» ужо прайшла ў многіх знакавых месцах краіны: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Яна ўпрыгожвала Дні беларускага пісьменства, кніжныя выставы. З Сінявокай, дзякуючы фотаработам Уладзіслава Цыдзіка, пазнаёміліся ў Дагестане, Казахстане, Польшчы.

Уладзіслаў Станіслававіч – з вёскі Быльчыцы Гродненскага раёна. Скончыў Гродненскі сельскагаспадарчы інстытут, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аўтар шэрагу навуковых прац і публікацый. Аграрнай справе прысвяціў нямала гадоў свайго жыцця. Працаваў і галоўным аграномам калгаса, затым – раёна, начальнікам упраўлення кармавытворчасці Мінсельгасхарча. А з 1998 года перайшоў у сістэму Камітэта дзяржаўнага кантролю. Узначальваў галоўнае ўпраўленне кантролю за працай аграпрамысловага, лесагаспадарчага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржкантролю, кіраваў камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці. У 2012–2016 гадах быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы.

Узнагароджаны медалямі «За працоўныя заслугі», Свяціцеля Кірылы Тураўскага (Беларускай Праваслаўнай Царквы), чатырма юбілейнымі медалямі, ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падзякай Прэзідэнта Беларусі.

Доўгі час навуковец-аграном і спецыяліст у галіне дзяржкіравання сумяшчаў працу і захапленне фатаграфіяй. Яго творчы шлях пачаўся яшчэ ў 5-м класе, калі хлапчук атрымаў у падарунак ад бацькі фотаапарат «Змена». З тых часоў, куды б ні паварочвала яго прафесійная дарога, не расставаўся з камерай. А вось першы дэбют як фотамастака адбыўся ў 2016 годзе, калі быў выдадзены фотаальбом «Зачараваны Беларуссю». Праз два гады выйшаў новы зборнік «Бачу Беларусь такой», які атрымаў першую прэмію Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Дарэчы, з гэтымі альбомамі можна азнаёміцца на адкрыццё фотавыставы ў музеі П. В. Масленікава. Тут жа жыхарам Магілёва прэзентуюць кнігу «Мая Радзіма». Гэта зборнік паэзіі і прозы, у якім прадстаўлены творы сучасных беларускіх аўтараў. Кожны з іх звяртаецца да сваёй Бацькаўшчыны, да родных вытокаў. Выданне ўпрыгожанае фотаздымкамі Уладзіслава Цыдзіка.

Вольга Емельянава

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая